5 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі мерапрыемствы ў гонар 20-годдзя дзейнасці дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі. У межах юбілейных урачыстасцяў адбыліся прэзентацыя дзейнасці таварыства, даклады, святая Імша.
У мерапрыемствах прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпусу, партнёры з Германіі, дырэктар «Нацыянальнага Карытас» кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, дырэктар “Карытас” Пінскай дыяцэзіі кс. Павел Халяўкін, валанцёры, якія ахвярна служаць людзям у патрэбе, спонсары і члены гэтай арганізацыі.
Ксёндз Віталій Дабраловіч, які з’яўляецца дырэктарам “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі з 2005 г., прывітаў прысутных і зрабіў прэзентацыю дзейнасці “Карытас” у дыяцэзіі. Святар зазначыў, што ў сваёй штодзённай працы каталіцкае дабрачыннае таварыства стараецца дапамагаць усім грамадзянам, якія знаходзяцца ў небяспецы, “не толькі чакаючы, калі хтосьці прыйдзе, але ў сваёй штодзённай дзейнасці шукаючы чалавека ў патрэбе”.
Ксёндз Віталій Дабраловіч прадставіў некаторыя праекты і акцыі, рэалізаваныя таварыствам.
З першых дзён сваёй дзейнасці разам з матэрыяльнай дапамогай таварыства "Карытас" аказвае і духоўную падтрымку, вядзе праз сацыяльную кансультацыю прыём грамадзян, арганізуе адукацыйныя экскурсіі для дзяцей і моладзі, падтрымлівае людзей у цяжкай жыццёвай сітуацыі, займаецца сацыяльным суправаджэннем зняволеных і прафілактыкай правапарушэнняў, арганізуе адукацыйныя праграмы для павышэння кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў і валанцёраў. “Карытас” арганізуе адпачынак для дзяцей у Беларусі, дапамагае ім выехаць на адпачынак таксама за мяжу.
Ксёндз Віталій Дабраловіч падкрэсліў важнасць існавання ў Гродне сталовай для бедных, якой некалькі гадоў кіруюць сёстры назарэтанкі пры пабрыгідскім касцёле. Па словах святара, у сталовую на пасілак і кубак гарбаты прыходзіць шмат людзей, часам нават больш за 200 чалавек.
Таксама “Карытас” дапамагае дзецям з бедных сем’яў з харчаваннем у школах і некаторых парафіях. Дзейнічае сацыяльны аптэчны пункт. Развіваецца сацыяльнае суправаджэнне вязняў, ім аказваецца матэрыяльная і псіхалагічная падтрымка.
Адкрыцца на іншага чалавека і атрымаць Божае благаслаўленне
Па словах кс. Віталія Дабраловіча, вялікім дасягненнем апошніх гадоў у працы “Карытас” дыяцэзіі сталі парафіяльныя секцыі “Карытас”, у якіх “на першым месцы малітва і дапамога чалавеку”.
У апошні час у дыяцэзіяльным “Карытас” дзякуючы валанцёрам удалося арганізаваць мабільную сацыяльную дапамогу. Валанцёры дасягаюць розных месцаў раёнаў, найбольш бедных і самотных людзей, каб дапамагчы ім па гаспадарцы.
Таксама дырэктар дыяцэзіяльнага “Карытас” адзначыў важнасць правядзення розных дабрачынных акцый, якія рэгулярна адбываюцца з розных нагодаў – напрыклад, святаў Божага Нараджэння, - і звернуты да розных катэгорый людзей (школьныя акцыі, акцыі для вязняў, дапамога вязням гетта і інш).
Напрыканцы ксёндз Віталій Дабраловіч выказаў надзею, што ў Беларусі больш людзей стане адкрываць сэрцы на дапамогу бліжнім. Працу “Карытас” святар назваў “дзейнасцю нашага сэрца, бо калі мы адкрываемся на іншага чалавека, то падарункам для нас становіцца Божае благаслаўленне”.
«Карытас» - учора, сёння і заўтра
Падчас урачыстасцяў 20-годдзя дзейнасці дыяцэзіяльнага «Карытас» прагучала таксама некалькі канферэнцый. Адну з іх, на тэму ««Карытас» - учора, сёння і заўтра», агучыў кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар «Нацыянальнага Карытас». Як адзначыў, у прыватнасці, святар, “сучасны свет, які хутка змяняецца, змушае нас да таго, каб мы пастаянна актуалізавалі форму i характар нашай дзейнасцi”: “яшчэ 20 год таму мы выключна разважалі, як дапамагчы патрабуючым, сёння мы дадаткова актыўна разважаем таксама і аб тым, як зрабіць нашую дзейнасць папулярнай, як змяніць ментальнасць сучаснага беларуса, як абудзіць у людзях жаданне, каб, нягледзячы на недахоп часу і фінансаў, яны мелі адкрытае сэрца для патрабуючага чалавека”. Таксама “сёння пытанне аб адметнай рысе каталіцкай дабрачыннасці - чым мы адрозніваемся ад іншых у дабрачыннай дзейнасці і аказанні сацыяльных паслуг і што чыніць дабрачынную дзейнасць каталіцкай? - становіцца вельмі актуальным і патрабуе адказу”.
“Па прыкладу добрага Самараніна, уласцівая пастава хрысціяніна праяўляецца ў спантанным адказе на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычанымі, голыя апранутыя, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г.д. Але гэты спантанны адказ, гэтая дапамога павінна базавацца на прафесійных ведах, каб дапамога сапраўды была дзейснай. Прафесійная кампетэнцыя супрацоўнікаў з’яўляецца першасным і асноўным патрабаваннем, але толькі яе недастаткова, - звярнуў увагу кс. Віктар Гайдукевіч. - Бо справа датычыць людзей, а чалавек заўседы патрабуе нечага большага, чым тэхнічна правільнай апекі. Яны патрабуюць чалавечнасці, патрабуюць сардэчнай увагі. Таму ў гэтым кантэксце апрача прафесійнай падрыхтоўкі вельмі важная “фармацыя сэрца”, каб такія людзі прысвяцілi сябе іншаму так, каб ён пазнаў багацце іх чалавечнасці: трэба весці іх да такога спаткання з Хрыстом, якое б абуджала ў іх любоў і адкрывала іх сэрцы на іншых, так, каб міласэрная любоў да бліжняга не была вынікам наказу, але вынікам іх веры, якая дзейнічае праз любоў. Бо няма большай матывацыі да добрага выканання сваіх функцый, чым моцнае жаданне дапамагаць бліжняму, наш унутраны голас Бога, заснаваны на любові да бліжняга”.
Кіраўніцтва гродзенскага “Карытас” выказала ўдзячнасць усім, дзякуючы каму функцыянуе арганізацыя. Былі ўручаны памятныя падарункі ахвярадаўцам і людзям добрай волі, якія кожны месяц матэрыяльна дапамагаюць “Карытас”.
Кіраўніцтва падзякавала таксама ўсім валанцёрам, пераважна моладзі. У апошні час у дыяцэзіяльным “Карытас” развіваецца актыўная праца з валанцёрамі, якія часта накіроўваюцца туды, дзе даўно нікога не было, наведваюць людзей, аддаленых ад свету, цывілізацыі, каб быць з імі, размаўляць, дзяліцца пасілкам.
Святочныя мерапрыемствы завяршыліся Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў усім членам гродзенскага “Карытас” за дабро, якое яны кожны дзень нясуць патрабуючым.
Па матэрыялах catholic.by