На працягу двух дзён, 6-7 мая, супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”, занятыя ў рэалізацыі праектаў, накіраваных на аказанне дапамогі дзецям, удзельнічалі ў трэнінгу, арганізаваным у межах праекта «Familyfirst» па ўвядзенні Канцэпцыі палітыкі па абароне правоў дзяцей.

Гэтая канцэпцыя накіравана на супрацьдзеянне ўсім формам злоўжывання ў дачыненні да дзяцей; развіццё сістэмы ўзаемадзеяння і пераадрасацыі ў сістэме абароны дзяцей ад насілля; асвету дзяцей у адносінах іх правоў і іх актыўнай ролі ў справе абароны. Канцэпцыя палітыкі па абароне правоў дзяцей, дакумент, распрацаваны “Карытас” у межах праекта “Перш за ўсё – сям’я, правы дзіцяці – зараз”, зацверджаны дырэктарам Нацыянальнага “Карытас” кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, быў узгоднены і падпісаны дырэктарамі дыяцэзіяльных аддзяленняў “Карытас” 5 мая 2014 г.

 

Трэнінг праводзіла кіруючы дырэктар арганізацыі ECPAT у Аўстрыі Астрыд Вінклер, якая больш за 10 гадоў вядзе дзейнасць па папярэджанні дзіцячага насілля. 

У межах трэнінга супрацоўнікі разгледзелі ключавыя моманты рэалізацыі Канцэпцыі палітыкі па абароне правоў дзяцей, распрацаванай для “Карытас” у Беларусі. Удзельнікі таксама размеркавалі ролі, абавязкі, выпрацавалі працэдуру справаздачнасці і сістэмы для збору інфармацыі па рэалізацыі канцэпцыі.

На другі дзень Астрыд Вінклер падзялілася з удзельнікамі аўстрыйскім вопытам зносінаў з дзіцём, якое перанесла псіхалагічнае насілле, распавяла аб прыкметах, якія дапамагаюць выявіць такіх дзяцей, і аб тым, якую дапамогу можна аказаць пацярпеламу.

У заключэнне ва ўсіх удзельнікаў была магчымасць выказаць удзячнасць трэнеру за мерапрыемства, насычанае карыснай інфармацыяй, і пакінуць пажаданні для арганізацыі далейшых трэнінгаў па гэтай тэматыцы.

 

Юлія Сліж

 

 

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы