Па традыцыі на другім тыдні Вялікага посту супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” у Беларусі збіраюцца на духоўныя практыкаванні. У гэтым годзе да іх далучыліся таксама валанцёры арганізацыі, на якіх ускладаецца асноўная частка дзейнасці. Удзельнікаў духоўных практыкаванняў прымаў “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Цэнтры св. Лукі ў Ляскоўцы.
У ходзе практыкаванняў закраналася тэма любові да Бога, што праяўляецца праз служэнне бліжняму, якая з’яўляецца актуальнай як для дабрачыннай дзейнасці, так і для ўсяго сучаснага свету. Пры гэтым, як падкрэслівалася, важным з’яўляецца ўнутранае стаўленне і ўсведамленне таго, навошта і для каго гэта робіцца. Ксёндз Вячаслаў Пялінак адзначыў, што супрацоўнікі і валанцёры, дапамагаючы, павінны ўсведамляць сваю грахоўнасць і сыходзячы з гэтага выходзіць насустрач іншым.
На працягу ўсіх дзён супрацоўнікі і валанцёры “Карытас” мелі магчымасць перажыць духоўныя канферэнцыі, удзельнічаць у Імшы, адарацыі і Крыжовым шляху. Быў дастатковы час для асабістай малітвы, разважання і чытання духоўнай літаратуры.
Падчас Імшы на завяршэнне дзён духоўных практыкаванняў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Вялікі пост – час, калі трэба стаць перад люстэркам свайго духоўнага жыцця.
Рэкалекцыі сталі добрай духоўнай падтрымкай для супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас” у Беларусі ў служэнні бліжняму.