Напярэдадні новага года мне патэлефанавала жанчына і распавяла, што ў нашым раёне ёсць адна каталіцкая апякунская сям'я, якой патрэбна дапамога, але не матэрыяльная.
Дзеці, якія страцілі бацькоў летам гэтага года і іх хворая бабуля, якая толькі ляжыць, ніколі не бачылі Святога Мікалая. Гэтая гісторыя не магла пакінуць нікога абыякавым.
2 студзеня валанцёры парафіяльнага Карытас на чале са св. Мікалаем, ролю якога добра выканаў кс. Вячаслаў Пялiнак, з віншаваннямі наведалі дзве сям'і з Глыбоцкага раёна.
Калі мы зайшлі ў першы дом, там было спакойна, ціха і вельмі ўтульна. Гэта першыя Каляды і Новы год без бацькоў. Дзеці з цікавасцю разглядалі святога Мікалая, расказвалі яму вершыкі, з усмешкай прымалі падарункі, дзяліліся ўражаннямі аб школе і вакацыях... Час ляцеў хутка, нас чакала яшчэ адна шматдзетная сям’я. Перад ад'ездам бабуля паведала, што хлопцы вельмі чакалі Святога і, убачыўшы яго праз вакно, з радасцю крыкнулі: «Вось ён, сапраўдны!»
На вуліцы нас чакалі бацькі і восем дзяцей. У гасціннай і сяброўскай атмасферы дзеці нам расказвалі вершыкі, спявалі песні разам з бацькамі, дзяліліся з намі ўсмешкай і добрым настроем. Святы Мікалай кожнаму падарыў салодкія падарункі, якімі дапамагло ДКТ “Карытас” Віцебская дыяцэзіі.
Мы вярталіся дадому са спакоем на сэрцы і вялікай удзячнасцю Богу за гэтыя сустрэчы з сем'ямі, за ажыццяўленне мараў дзяцей і радасць іх ад сустрэчы са св. Мікалаем, за прыклад веры і цярпення бабулі, якая страціла дачку і ўжо другі год не ўстае з ложка з-за хваробы, але дакладна аддае сваё жыццё ў рукі Пана і даверае Яго волі.
Іна Вайцяховіч, catholicnews.by