На ранішнік у Гомельскай дзіцячай вёсцы для сірот-інвалідаў да дзяцей прыехала шмат гасцей: прадстаўнікі ўладаў, БКМ "Карытас -Міласэрнасць", праваслаўны святар, госці з Польшчы.
Свята прайшло вельмі весела, было шмат розных конкурсаў, танцаў, песень. Ранішнік атрымаўся цудоўным дзякуючы сумесным намаганням музычнага кіраўніка дзіцячай вёскі і валанцёраў з машынабудаўнічага каледжа, якія выступалі для хлопчыкаў і дзяўчынак у ролях казачных персанажаў, былі вельмі адкрыты ў дачыненні да дзецей, стараліся кожнаму надаць увагу: абняць або патанчыць побач, узяць на рукі. Затым дзеці атрымалі салодкія падарункі.
На наступны дзень некаторыя выхаванцы з Дзіцячай вёскі адправіліся ў госці на свята да сясцёр Маці Тэрэзы. Спачатку было прадстаўленне, і кожнага госця з Дзіцячай вёскі назвалі па імені, што было вельмі важным для гэтых дзяцей: яны адчувалі , што тут іх чакалі, што яны патрэбныя іншым дзецям і дарослым, што яны ганаровыя госці. Усе разам глядзелі падрыхтаваны спектакль пра таямніцу Раства. Затым усе разам танцавалі, спявалі і гулялі. Усе былі вельмі шчаслівыя і з'ехалі з вялізнымі ўражаннямі. Разам з выхаванцамі з Дзіцячай вёскі прыехалі сёстры-бенедыктынкі і некаторыя выхавальнікі.
Вось такі цуд на Раство адбыўся для дзяцей з дому-інтэрнату і іншых дзяцей - ніхто не адчуваў сябе абмежавана ці не ў сваёй талерцы, усе былі разам у адзінстве перад Дзіцяці Хрыстом.
Па матэрыялах katolik-gomel.by