Свята Божага Нараджэння мае свае асаблівыя традыцыі. Няважна, дзе мы знаходзімся – сярод сваіх блізкіх альбо далёка ад дома – імкнемся, каб у нашых сэрцах і ў людзей, якія побач, надоўга засталося адчуванне радасці і супакою.
У гэты дзень мы імкнемся быць лепшымі, больш добрымі. Просім прабачэне за ўчыненыя крыўды і дзелячыся аплаткай, складаем пажаданні любові, дабрабыту і сямейнага цяпла.
Кожны чалавек чакае, што гэтыя пажаданні збудуцца, але ў нашым жыцці здараюцца такія непрадбачаныя сітуацыі, калі можна застацца без любові і паразумення блізкіх, без цёплага і ўтульнага дома, застацца сам насам са сваімі праблемамі.
Часткова рашэнне праблем людзей, якія засталіся у цяжкай жыццёвай сітуацыі, дапамаюць шукаць у Цэнтры сацыяльнай дапамогі “Карытас” пры парафіі св. Антонія ў Віцебску. Ужо сталася традыцыяй сумеснымі намаганнямі “Карытас” і парафіі св. Антонія на Божае Нараджэнне для гэтых люзей арганізоўваць святочны пачастунак. Сумесная малітва, дзяленне аплаткай з пажаданнямі і прабачэннем крыўд няхай пакіне ў сэрцах гэтых людзей веру ў Божую Любоў.
І магчыма, кропля любові і ўвагі, якой мы дзелімся з бліжнім, з'яўляецца самай вялікай радасцю для яго за апошні час.
Аліна Сарокіна