У «Гарадоцкім раённым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі» скончылася рэалізацыя чарговага праекта віцебскага «Карытас», пад назвай «Сацыяльная адаптацыя і рэабілітацыя як сродак павышэння якасці жыцця дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі». Гэты праект быў створаны з мэтай сацыяльна-бытавой адаптацыі і падрыхтоўкі дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі ў развіцці да самастойнага жыцця ва ўмовах карэкцыйнага цэнтра.
У межах праекта была набыта і перададзена цэнтру для дзяцей-інвалідаў мэбля для кухні, халадзільнік, мікрахвалёвая печ, шафы для адзення і паліцы для пакаёвых кветак.
Бацькі разам з дзецьмі сабралі мэблю і абсталявалі пакой сацыяльна-бытавой адаптацыі. У гэтым пакоі дзеці маюць магчымасць разам з педагогамі раздаваць ежу, вучыцца карыстацца сталовымі прыборамі, сервізам сталовага посуду, наборамі для прыпраў, блэндэрам і іншымі прадметамі сацыяльна-бытавога прызначэння. У хуткасці гэтыя веды, набытыя разам са спецыялістамі падчас заняткаў, спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.
Алена Тасмінская, catholic.by