Сёння ў Мінску адбылася калядная сустрэча ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага таварыства “Карытас”.

 Св. Імшу, у якой прынялі ўдзел біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка і святары, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.  

Напачатку св. Імшы да ўсіх прысутных звярнуўся дырэктар Нацыяльнага “Карытас” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, нагадаўшы, што традыцыйная сустрэча ў снежні, калі супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннай арганізацыі разам з іерархамі дзеляцца аплаткам, віншаваннямі і справаздачамі за мінулы год і будуюць планы на наступны, адзначана асвячэннем новага офіса Нацыянальнага “Карытас”. 

“Дом “Карытас, - нагадаў святар – падкрэслівае нашу рэчаіснасць, у якой мы ўсе адзіная сям’я і ідзем да адной мэты. Бог з намі, калі мы ўпускаем Яго ў наша сэрца. Акрамя матэрыяльнай падтрымкі мы нясём і духоўную. Па закліку Папы Францішка, які звяртае асаблівую ўвагу на бедных,  мы павінны ісці на перыферыі, не толькі спачуваць але і дзейнічаць” – нагадаў  дырэктар Нацыянальнага “Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч SDB. 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі  нагадаў пра тое, што калі прымаем Бога ў сэрцы, гэта адгукоўваецца і ў жыцці іншых. Іерарх нагадаў пра асаблівае заданне дабрачынных каталіцкіх арганізацый несці любоў і дапамогу іншым – не толькі матэрыяльную, але і духоўную.

 “Сёння асвячаeцца Дом Нацыянальнага “Карытас”. Фундаментальным заданнем “Карытас”, як дабрачыннай арганізацыі, з’яўляецца дапамога патрабуючым. У гэтым сэнсе досвед Марыі з’яўляецца вельмі важным. Яна, спяшаючы з дапамогай міласэрнасці Альжбеце, прынесла ў яе дом Божую ласку. Тое ж самае адбываецца і цяпер. Гэта вельмі выдатна падкрэсліў Папа Бэнэдыкт ХІХ у сваёй першай энцыкліцы “Бог ёсць любоў”, дзе прыпомніў прыклады з першых стагоддзяў хрысціянства, калі дабрачыннасць стала вельмі эфектыўным шляхам евангелізацыі.

Іерарх  выказаў упэўненасць, што новы дом “Карытас” будзе служыць месцам, дзе будуць нараджацца планы і каардынавацца дабрачыннае служэнне ў Рэспубліцы Беларусь, каб яно стала ключом да ажыццяўлення як матэрыяльнай, так і духоўнай дапамогі патрабуючым.

Пасля св. Імшы да удзельнікаў сустрэчы звярнуўся старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх пажадаў Божага благаслаўлення для супрацоўнікаў і валанцёраў арганізацыі, праз якіх павінен змяняцца лёс бедных людзей. Біскуп адзначыў таксама падтрымку на заканадаўчым і выканаўчым узроўні з боку дзяржаўных устаноў.  

Таксама традыцыйна ўсе дырэктары дыяцэзіяльных і Нацыянальнага “Крытас” выступілі са справаздачамі за гэты год працы.  

Апостальскі Нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў удзельнікаў сустрэчы на адкрыцці новага офіса Нацыянальнага “Карытас”, каб перадаць словы віншаванняў і нагадаць, што міласэрнасць – гэта заданне кожнага. Іерарх у прывітальным слове пажадаў прысутным жыць з усмешкай і Сонцам, якім з’яўляецца Хрыстус. Прадстаўнік Святога Айца звярнуў увагу, што сёння святкуецца не адкрыццё новых мураў але новы офіс – гэта падарунак гарачага сэрца Беларусі. І хай ніхто ў Беларусі не адчувае сябе бяздомным, але хай любоў сагравае сэрца кожнага. Апостальскі Нунцый адзначыў развіццё валанцёрскага руху “Карытас” і нагадаў пра неабходнасць сустракаць людзей з усмешкай і спяшацца з канкрэтнай дапамогай.

На заканчэнне сустрэчы адбылося дзяленне аплаткамі і пачастунак. Іерархі  павіншавалі прысутных і пажадалі ім радаснага і поўнага Божых ласкаў свята Нараджэння Пана і шчаслівага Новага года. Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB ад імя ўсіх дырэктароў і супрацоўнікаў арганізацыі  падзякаваў іерхам за віншаваннні,  удзел ва ўрачыстасці адкрыцця Дома “Карытас” і  за словы падзякі ў адрас арганізацыі. Дырэктар Нацыянальнага “Карытас”  паабяцаў, што словы настаўленняў іерархаў будуць уключаны ў далейшую праграму працы і развіцця “Карытас” у Беларусі.  

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы