5 снежня ва ўсім свеце адзначаецца дзень валанцёра, добраахвотніка. Вось і ў Глыбоцкай парафіі ў ДКТ "Карытас" налічваецца 20 сталых валанцёраў.
Кожны чалавек, калі працуе, павінен і адпачываць. За 2013 год шмат працы было зроблена, многа шчырых сэрцаў і працалюбівых рук былі задзейнічаны ў дабрачыннасці. Вось і святы Мікалай вырашыў завітаць да валанцёраў, каб адудзячыць за зробленую працу і павіншаваць з надыходзячымі святамі. Ну і канешне, не з пустымі рукамі завітаў да іх госць. Так як дабраахвотнікі глыбоцкага Карытас дораць свае сэрцы другім людзям, то і святы Мікалай падараваў кожнаму маленькія сэрцы разам з салодкімі падарункамі.
Без шчырай усмешкі, адкрытага сэрца, гатовых рук і добрага слова - валанцёрам быць немагчыма.
Учора святкавалі, а назаўтра пайшлі служыць далей. Святы Мікалай вырашыў наведаць дзетак, якія знаходзяцца ў дзіцячым аддзяленні Глыбоцкай ЦРБ. Валанцёры, як тыя анёлы, якія заўсёды побач святога, дапамагалі яму віншаваць дзяцей і дарыць падарункі як дзецям, так і ўсяму медыцынскаму персаналу.
Святы Мікалай вырашыў не заставіць без увагі і групу “Бэтэль-Карытас”, якая існуе пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім амаль 9 год. На свята запрасілі працаўніка з тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва.
Заняткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі пачаліся як заўсёды: дзеці рыхтавалі падарункі на Каляды, гутарылі, смяяліся. Але якія шчаслівыя ў іх былі вочы, калі да іх завітаў святы Мікалай. Канешне, перш чым пачаць раздаваць традыцыйныя падарункі, Святы распытаўся ў кожнага і пра іх жыццё, і пра iх поспехі, і пра паводзіны. «Нам вельмі падабаецца хадзіць у касцёл і на заняткі, шмат чаму тут вучымся!” - паведала з радасцю Юля. Жана расказала вершы, Антон цікавіўся ў госця, на чым і адкуль ён прыехаў. Нічога св. Мікалаю не заставалася, як узяцца за мех з падарункамі.
Галоўнае тое, что маладыя людзі і іх бацькі адчуваюць, што ўспамін святога Мікалая - гэта не толькі цудоўная нагода для падарункаў, але і тое, што іх любяць, незалежна ад дня, тыдня і месяца.
Марына Сінкевіч, catholicnews.by