Cёння ў нашай краіне, як зрэшты і па ўсім свеце, успамінаюць тых, каго мы называем людзі з абмежаваннямі. Доўга можна дыскутаваць аб тым, хто прыдумвае гэтыя абмежаванасці, як мы ўспрымаем людзей у інвалідным вазку і колькі крокаў наперад трэба зрабіць нашаму грамадству на шляху інтэграцыі гэтых людзей.

Часам, праблема людзей  з абмежаваннямі вырашаецца так: мы просто  спрабуем іх не заўважаць, зрабіць выгляд, што іх няма альбо зусім мала. Не будзем  тут доўга пафасна разважаць, колькі нашаму грамадству яшчэ расці і расці.

Кожны для сябе сам павінен вырашыць, як канкрэтна і што ён зможа зрабіць для тых, каму цяжка, каму патрэбна дапамога.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” шмат увагі надзяляе працы з інвалідамі. Варта адзначыць, што гэта прыярытэтны накірунак нашай дзейнасці.
У рэпартажы – коратка аб тым, як Каталіцкі Касцёл у Беларусі праз дабрачыннае таварыства “Карытас” нясе сваю дапамогу хворым людзям.

Клуб дзённага прабывання інвалідаў пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі

Клуб “Бэтэль” пры віцебскім “Карытас” дзейнічае ўжо 10 год і штодня збірае каля 40 чалавек з абмежаваннямі, каб правесці разам і з карысцю час, ці то ў размовах, ці то на агульных творчых зантяках, ці то на зладжаных мерапрыемствах-святах.

Аб працы з інвалідамі ў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі расказваюць супрацоўнікі клуба:
 “Людзі з абмежаваннямі прыходзяць да нас як дадому, тут менш фармальная абстаноўка. Як сэрцы, мы адчыняем і дзверы, няма строгага раскладу, ёсць выбар ініцыятыў, да якіх можна далучыцца. Сэнс нашай працы ў тым, каб  адкрыць гэтых людзей. І самі мы расцём – маральна, духоўна, з часам перамагаецца страх, сорам, няўпэўненасць. Быў час, калі ты ідзеш па мікрараёне са сваімі выхаванцамі і бачыш, як ўсе адкрыта глядзяць на нас як на экзотыку. А зараз – усе прывыклі, мы неад’емлімая частка раёна. Бог дае сілы на ўсё і падзяка Яму за гэта".



Інтэрнэт-кафэ і майстэрні для людзей з абмежаваннямі пры “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі

Не сакрэт, што маючы інваліднасць,  у нашым грамадстве вельмі цяжка знайсці працу. Як просяць часам самі інваліды, не трэба іх шкадаваць,  а лепш дапамагчы быць патрэбнымі ў грамадстве. Так у Гродна існуе праект дабрачыннага інтэрнэт-кафэ, каб палегчыць працэс адаптацыі і камунікацыі праз інтэрнэт. Ініцыятыва з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай і дазваляе людзям з інваліднасцю адкрыць новыя магчымасці і атрымаць веды. 

Яшчэ адным спосабам для самарэалізацыі становяцца працоўныя майстэрні. У Гродзенскай дыяцэзіі пры “Карытас” іх існуе 3: швейная і сталярная ў Слоніме і цяплічная гаспадарка ў Воранава. Акрамя развіцця навыкаў і кампетэнцый, ёсць час на сяброўскія кантакты і яшчэ, што немалаважна – ёсць магчымасць убачыць плён сваёй працы. Як адзначаюць арганізатары праекта, інтэграцыя інвалідаў у грамадства – адна з найбольш важных і неабходных патрэб, а арганізацыя працоўных мейсц можа стацца цудоўнай і канкрэтнай рэалізацыяй гэтай задачы. 



Развіццё асобы праз развіццё творчых навыкаў  з  “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі

Магчымасць не толькі раскрыць свой унутраны свет, але і зрабіць новы крок ў развіцці асобы сталася мэтай праекта “Мой свет у фарбах” у Нясвіжы. З 2011 года ў наведвальнікаў дзённага адзялення прабывання інвалідаў з’явілася магчымасць маляваць алейнымі (маслянымі) фарбамі. Пры дапамозе замежных спонсараў былі закуплены неабходныя абсталяванні і матэрыял. У практычнай рэалізацыі плённай творчай працы дапамагае эксперт – чалавек з адпаведнай адукацыяй. Таксама ладзяцца выставы, якія дарэчы заўсёды збіраюць шмат наведвальнікаў.
Важна адкрываць новыя таленты, і тыя, каго хаваюць пад клішэ “недзеяздольны”, дапамогуць нанова паглядзець на свет, убачыць у ім новыя фарбы і адценні. Важна толькі зрабіць гэты крок наперад і падаць руку тым, каму яна так неабходна.


 
Дзіцячая вёска для сірот-інвалідаў у Гомелі (“Карытас” Пінскай дыяцэзіі)
Першы сумесны з дзяржавай праект Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця распачаў сваю працу 2 гады таму ў Гомелі. Акрамя асоб свецкіх тут працуюць сёстры Бенэдэктынкі Самарытанкі. Установа дзейнічае па сістэме сямейнага тыпа. Самае важнае, што даюць сёстры ў дзіцячай вёсцы і чаму вучыцца персанал дзіцячай вёскі – гэта любоў да дзяцей, з якімі працуюць. І гэта любоў прыносіць свае плёны: нехта пачаў хадзіць, навучыўся трымаць лыжку у раках, упершыню расціскаць ручку, трымаць талерку. Здаецца, банальныя рэчы, а за гэтым стаіць вялізарная праца (месяцы, а нават і гады)  і любоў, без якой немагчыма было б нешта зрабіць. Як адзначаюць самі супрацоўнікі дзіцячай вёскі ў Гомелі, самі дзеці, іх новыя поспехі становяцца самым вялікім стымулам ў працы і крыніцай надзеі і новых сіл на будучыню.

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы