20 лістапада адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы і перспектывы”. У гэты дзень дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” аб’яднала ўсіх спецыялістаў па гэтай праблеме: у мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, розных ведамств і міністэрств, самі ўсынавіцелі і міжнародныя госці з Украіны, Малдовы і Аўстрыі.
Канферэнцыя з’яўляецца ключавым момантам ў міжнародным праекце “Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці – зараз”, які накіраваны на прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных устаноў, што займаюцца аховай правоў дзіцяці.
Праблема сіротства вельмі актуальная для беларускага грамадства. З якімі цяжкасцямі сутыкаецца сучасная беларуская прыёмная сям’я? Як можна дапамагчы дзіцяці знайсці бацькоўскую любоў? І як лепш наладзіць межведамственнае супрацоўніцтва на карысць прыёмных сямей?
У прывітальным слове Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў актуальнасць дадзенай праблематыкі і падзякаваў “Карытас” і спонсарам мерапрыемства за ініцыятыву і канкрэтныя намаганні ўдзельнікаў канферэнцыі дапамагчы прымным сем’ям Беларусі. Як адзначыў арцыбіскуп, сям’я – гэта першы саюз, створаны самім Богам, каб даваць новае жыццё.
Сёння гэты інстытут стаіць перад выклікамі нашага часу: гэта і вялікая колькасць разводаў, іняпоўныя сем’і ( згодна са статыстыкай 22 – 23% беларускіх дзяцей выхоўваюцца ў такіх сем’ях), дзеці, якіх выхоўвае вуліца і г.д. Мітрапаліт звярнуў асаблівую ўвагу на праблему нікому непатрэбных дзяцей, выкінутых на вуліцу альбо на сметнік ўвогуле.
Канечне, па словах Мітрапаліта, выклікае радасць той факт, што ўсё больш дзяцей знаходзяць свой новы дом і бацькоўскую любоў. Шмат таксама існуе і міжнародных ініцыятыў па ўсынаўленні беларускіх дзяцей, але галоўнае тут правільна растаўляць акцэнты, бо выхаванне не абмяжоўваецца забеспячэннем дабрабыту.
“Калі хочаш убачыць неба – паглядзі ў вочы дзіцяці” – прыгадаў вядомае выказванне Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адзначыўшы, што мова ідзе пра шчаслівае дзіця, а забяспечыць гэта – задача ўсяго грамадства.
Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся таксама прадстаўнік Праваслаўнай Царквы пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзелу адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі , адзначаючы адну з сучасным сямейных праблем – павярхоўны падыход да выхавання дзіцяці. Часта адказнымі становяцца за гэты глыбінны працэс школа, вуліца, асяроддзе і дзіця вырастае без нравственна-маральных арыенціраў. А кожны чалавек ёсць годным любові, мы ўсё грамадства з’яўляемся адной сям’ёй і наша задача – аб’яднаць ўсе сілы ў выхаванні новага пакалення.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч, дырэктар РМ “БКО Карытас” ККББ, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі нагадаў, што нягледзячы на шматлікія ініцыятывы з боку розных ведамст і ўстаноў , якія займаюцца прыёмнымі сем’ямі, нельга зрабіць нешта па адзіночцы. Рэлігійная місія “Карытас” пры дапамозе партнёраў з “Карытас” Лінц ( Аўстрыя) у мінулым годзе распачало праект “Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці – зараз”, накіраваны на ахову праў дзіцяці, і канечне, тут асаблівая ўвага надзяляецца найбольш актуальным праблемам беларускіх дзяцей – а менавіта праблеме дзяцей, якія засталіся без бацькоў і адпаведна прыёмным сем’ям. Дырэктар рэлігійнай місіі выказаў надзею, што міжведамственная міжнародная канферэнцыя прынясе свае канкрэтныя практычныя плёны у вырашэнні праблем сучаснай беларускай прыёмнай сям’і і адкрые новы этап ў сацыялізацыі гэтага інстытуту.
Як адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага Цэнтра Усынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, такія спатканніі вельмі важныя, калі акцэнты растаўляюць і мяняюць светапогляд грамадства менавіта рэлігійныя арганізацыі. Гэта цудоўная новая інфармацыйная пляцоўка, каб яшчэ больш задзейнічаць грамадства ў рашэнні праблем прыёмных сямей.
Матэрыялы канферэнцыі будуць дадзены пазней.