16 кастрычніка у Рэспубліканскім Палацы Культуры Прафсаюзаў урачыста завяршыўся 2-х гадовы праект “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі “Дыялог: аб перажытым – з любоўю да роўнага”, накіраваны на дапамогу былым вязням канцэнтрацыйных лагераў, ахвярам вайны і проста людзям сталага веку.
Праект фінансаваўся са сродкаў фонду "Памяць.Адказнасць.Будучыня" (Германія) у супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем "Узаемаразуменне" (Беларусь)
Супрацоўнікі “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзі у гэтым праекце рабілі акцэнт на рэалізацыю ўнутранага патэнцыялу, гарманізацыю эмацыянальнага стану, усведамленне годнасці і значнасці для пераадольвання ізаляванасці ў грамадстве вышэйузгаданых катэгорый.
Шматлікія мерапрыемствы арганізоўваліся на працягу гэтых гадоў: сумесныя адпачынкі, святы, семінары з трэнерам-псіхолагам, экскурсіі, конкурсы і іншае.
Адкрыў фінальную сустрэчу ксёндз Аляксандр Фаміных, дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, сярод шаноўных гасцей прысутнічаў Алоіз Шмігельт, дырэктар “Мальтыйскай службы дапамогі”.
Шмат здымкаў, цёплых уражанняў і новых знаёмстваў з’явілася за гэтыя гады. Таму на апошняй сустрэчы была зроблена выстава найлепшых здымкаў ад валанцёраў “Карытас”. Пажылыя людзі з усмешкамі на тварах нанова “перажывалі” прыгожыя моманты гэтых 2 год, перададзеныя ў фотавыставе.
Сустрэча круглага стола, які у апошні раз аб’яднаў усіх удзельнікаў праекта, пераўтварылася ў цёплую размову аб мінулым і сучасным, аб вечных каштоўнасцях і моцы любові, якая дазваляе прабачыць, перажыць многае і глядзець на восень жыцця з аптымізмам.
Тыя валанцёры “Карытас”, якія былі побач на працягу гэтых гадоў і якія актыўна ўдзельнічалі ў праекце, былі рады атрымаць досвед ад старэйшага пакалення і актыўна ўключыліся ў дыскусію. “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі робіць акцэнт на развіццё валанцёрскай працы ў Беларусі, а ў гэтым праекце і на важны аспект– перадачу каштоўнасцей ад пакалення да пакалення.
Напамяць ўсім засталіся здымкі, цёплыя ўражанні і ўспаміны, а таксама, што было бачна па вачах, і трохі суму, бо праект скончыўся. Але верыцца, што тое добрае, адвечнае і непрамінальнае, што імкнуліся перадаць арганізатары праекта, засталося ў сэрцах гэтых людзей назаўсёды.
А на будучыню “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі ў сваіх планах разглядае магчымасць працягу такіх сустрэч, бо яны вельмі падабаюцца старэйшым людзям і напаўняюць іх жыццё радасцю.