Слова “мама” адно з першых, што гаворыць дзіця. А часам патрэбны гады, каб навучыцца гаварыць, чуць, і тады гэтае слова, прамоўленае з маленькіх вуснаў, становіцца асабліва дарагім. І за кадрам застаюцца аперацыі, недаспаныя ночы і высілкі бацькоў, якія жадаюць шчасця і здароўя свайму дзіцяці.
Менавіта на мам, чые дзеткі маюць праблемы са слыхам, звярнулі асаблівую ўвагу супрацоўнікі Нацыянальнага “Карытас” ў Дзень Маці, арганізаваўшы свята сумесна з дабрачынным гуманітарным мясцовым фондам “Гармонія гукаў”. Мерапрыемства адбывалася ў будынку Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.
У прывітальным слове да гледачоў звярнуўся дарадчык Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Малашэнка Віктар Аляксандравіч, які адзначыў што нягледзячы на сучасныя спробы паўплываць на інстытут сям’і, мама застаецца самым святым, ахоўніцай ідэалаў і хай так будзе заўсёды.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч, дырэктар Нацыянальнага “Карытас”, адкрываючы мерапрыемства, пажадаў мамам, каб іх бязмежная любоў перамагла ўсе цяжкасці, а дзецям нагадаў памятаць аб зямных анёлах-ахоўніках, якіх мы называем маці.
Вершы, спевы, танцы, конкурсы для ўсіх зрабілі гэтае мерапрыемства па-хатняму цёплым.
І мамы былі асабліва прыгожымі ў гэты дзень, што канешне, адлюстравалі і партрэты, намаляваныя дзеткамі, а са сцэны гучалі самыя лепшыя віншаванні ад тых, каму штодзенна дорыцца сэрца. А вывучыць, часам і прамовіць вершык са сцэны каштуе вельмі вялікіх намаганняў для такіх дзетак.
Удзячныя сем’і былі і за каштоўныя падарункі, атрыманыя ў канцы вечара ад “Карытас”, бо нягледзячы на іншыя сюрпрызы, прынеслі сапраўдную радасць, асабліва бацькам, батарэйкі, якіх патрэбна вельмі шмат для слыхавога апарата, што сказваецца на сямейным бюджэце.
“Каб развіваць і інтэграваць такое дзіця ў грамадства, патрэбна шмат працы, як бацькоў, так і нас, спецыялістаў” – дзеліцца сваім творчым крэда Марына Казлова, сурдапедагог фонда “Гармонія гукаў”. “А адкуль мы бяром сілы? Ад саміх дзетак” – усміхаецца Марына і па таму, як блішчаць яе вочы, можна здагадацца, што працаўнікі фонда ўкладваюць ў дзяцей не толькі свае веды, але перш за ўсё сэрца.
Шчаслівыя дзеці з шарыкамі і падарункамі адправіліся па дамам і хочацца спадзявацца, што гэтая радасць, аптымізм і пазітыўныя эмоцыі дапамогуць бацькам і хворым дзецям з мужнасцю і адвагай ўспрымаць рэальнасць і глядзець ў будучыню.
Ганна Страшкевіч
Фота Ганны Страшкевіч