Мы сустрэліся з дзяўчынай, якая арганізавала мясцовы фестываль у адным з раёнаў Варшавы. Тут кожны мог паказаць тое, што ўмее або чым захапляецца. Было праведзена мноства майстар-класаў, сустрэч, канцэртаў і конкурсаў. Мы зайшлі і ў першую прыватную бібліятэку ў Польшчы, дзе няма бланкаў або чытацкіх білетаў: проста можна прыйсці і ўзяць кнігі, якія спадабаліся, або прынесці сюды свае. У такой нефармальнай атмасферы ўсе адчуваюць сябе як дома.
Таксама мы пабывалі на канцэрце з нагоды стагоддзя аднаго з касцёлаў Варшавы. Перад гледачамі выступіў варшаўскі хор хлопчыкаў — адзін з лепшых у Польшчы і Еўропе. Мы сустрэліся і з арганізатарам кінатэатра пад адкрытым небам і чалавекам, які стварыў экспазіцыю, прысвечаную варшаўскаму паўстанню 1944 г. Гэта вельмі цікавыя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Адным з самых прыемных і захапляльных момантаў стаў рок-фестываль «Dobra strona rocka» («Добры бок року»), на якім маладыя рок-групы маглі прадставіць сваю творчасць. Такіх груп назбіралася ажно 60, і ва ўсіх гэтых людзей была агульная мэта: зрабіць бліжэйшымі жыхароў дома, раёна і нават цэлага горада. Рэалізацыі падобных ініцыятыў мы і вучыліся ў палякаў.
Хоць стомленасць ад такой насычанай праграмы была вялікай, мы зусім не хацелі пакінуць усё і пайсці спаць. Працягам нашых сустрэч стаў заплыў на байдарках. Хоць было даволі холадна, мы былі натхнёныя і не пабаяліся ўзяць у рукі вёслы. Падчас гэтага заплыву, акрамя любавання прыгажосцю наваколля, наша каманда вырашыла зрабіць штосьці сапраўды патрэбнае, і нашай мэтай стала збіранне смецця з ракі. За першы дзень мы сабралі 10 мяшкоў, але не спыніліся на гэтым і зрабілі яшчэ два заплывы.
Своеасаблівым вынікам нашага ўдзелу ў праекце стала газета, артыкулы для якой напісалі мы самі. Тэмамі сталі месцы, якія мы наведалі. Падчас напісання мы маглі кансультавацца з дасведчаным польскім журналістам Рафалам Гжэня, які заўсёды быў гатовы нам дапамагчы.
Пасля такіх паездак пачынаеш разумець, што навакольны свет залежыць ад нас і кожны ў стане зрабіць яго лепшым. Удзельнікі паездкі шчыра ўдзячныя дырэктару дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі Віталію Кульпекшу і фонду «AVE» на чале са старшынёй Барталамеем Уладкоўскім за арганізацыю такога праекту і магчымасць атрымаць бясцэнны досвед.
Раман Алесенкаў, catholic.by