У чарговы раз напярэдадні Дня пажылога чалавека, які адзначаецца 1 кастрычніка, «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, пры фінансавай падтрымцы фонду «Рэнавабіс», арганізавалі свята для пажылых людзей.
За кубачкам гарбаты яны маглі пагутарыць, прыняць музычныя віншаванні, а таксама паказаць свае артыстычныя здольнасці. Не засталіся без увагі і тыя, хто не змог прыйсці на сустрэчу: для іх былі сфармаваны падарункі ў выглядзе прадуктовых набораў.
Думка пра старасць здаецца нам далёкай і нават немагчымай. Але гады пралятаюць, і ў нейкі момант чалавек пачынае разумець, што ён папаўняе шэрагі бабуль і дзядуляў. У літаратуры часта сустракаем прыгожы выраз для назвы старасці — «восень жыцця». Як жа выглядае гэтая восень у людзей вакол нас? Больш шчаслівымі адчуваюць сябе тыя дзядулі і бабулі, якія жывуць сярод любімых дзяцей і ўнукаў, што могуць штодзённа служыць парадамі і пасільнай дапамогай. Але не варта забываць тых пажылых людзей, якія засталіся без увагі блізкіх і родных. І адной з асноўных формаў дзейнасці «Caritas» з’яўляецца аказанне дапамогі састарэлым людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Cвяткаванне Дня пажылога чалавека —вельмі важная падзея. Яно дапамагае нам падтрымаць пажылых людзей, падзякаваць ім, паказаць, што яны нам вельмі дарагія і мы цэнім іх за тое, што яны зрабілі для маладога пакалення, і тое, што яны робяць для нас цяпер.
Аліна Сарокіна, catholic.by