На тэрыторыі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў рамках праекта «Дыялог: пра перажытае — з любоўю да роўнага» ў чарговы раз прайшлі мерапрыемствы для пажылых людзей, якія былі вязнямі фашызму.
Праект рэалізуецца ў рамках праграмы «Месца сустрэчы — дыялог» і фінансуецца нямецкім фондам «Памяць, адказнасць, будучыня».
На працягу тыдня пажылыя людзі, пражываючы за горадам, атрымалі магчымасць супольна паразмаўляць і абмеркаваць пытанні і праблемы, якія датычацца жыцця былых вязняў фашызму і пажылых людзей. Для іх былі арганізаваны семінары па псіхалагічным і фізічным здароўі. Маладыя валанцёры прынеслі пажылым людзям псіхалагічную дапамогу і падтрымку, а тыя, у сваю чаргу, узбагацілі моладзь сваёй мудрасцю і вопытам.
Пажылыя людзі прапанавалі і ўласныя майстар-класы — па карвінгу, па закручванню шалікаў і хустак, — якія прыцягнулі і моладзь, паказаўшы, што і ў сталым узросце можна заставацца актыўным, карысным, захоўваць бадзёрасць духу, цікавасць да жыцця і аптымізм.
Яркай падзеяй тыдня стала свята для анкахворых дзяцей і іх бацькоў, на якім дзеці атрымалі ў падарунак кнігі, сабраныя і прывезеныя пажылымі людзьмі. Апошнія падарылі дзецям і бацькам таксама добрыя словы, уласныя вершы і песні. Кожнае дзіця атрымала ад бабулі сувенір, як сімвал жыццястойкасці ў складанай сітуацыі. А выступленне клоўна напоўніла радасцю ўвесь зал.
Вольга Багадзяж, каардынатар праекта, catholic.by