15 мая ў Мінску ў межах праекту дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Дыялог: аб перажытым — з любоўю да роўнага», які падтрымліваюць фонд «Памяць. Адказнасць. Будучыня» і міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Узаемаразуменне», адбыўся святочны абед з нагоды Дня Перамогі. Гасцямі абеду сталі былыя вязні канцлагераў, людзі сталага ўзросту, ветэраны, валанцёры.
«Вы такія прыгожыя!» — такімі словамі мы сустракалі нашых гасцей. І гэта было шчыра, бо вочы кожнага з іх ззялі ярчэй за іхнія медалі. Яны падыходзілі да дзвярэй рэстарана з розных бакоў, усміхаючыся адно аднаму, віншавалі са святам. Яны былі шчаслівыя.
«Дзякуй вам за вашую моц духа», — такімі словамі супрацоўніцы «Карытас» Вольгі Багадзяж распачаўся святочны абед. Падчас яго госці шмат размаўлялі з валанцёрамі (маладыя людзі ўжо раней былі на мерапрыемствах у рамках сацыяльнага праекта «Дыялог»). Гэта быў сапраўдны дыялог пакаленняў! Ветэраны дзяліліся сваім жыццёвым досведам, сваімі ўспамінамі, сваімі пачуццямі. Яны адчувалі сябе патрэбнымі і пачутымі. І менавіта гэта было цудоўна.
Пасля смачнага абеду ўсіх гасцей чакаў невялікі канцэрт, удзельнікамі якога былі яны самі. Спявалі песні іх жыцця — ваенныя песні. Ветэраны ведалі кожны радок на памяць. Калі яны спявалі, шчыра, амаль пераходзячы на крык, сэрца замірала, а ў вачах былі слёзы.
Наталля Александровіч,