Гэтае лета стала для невялікай групы дзяцей з усіх дыяцэзій Беларусі адметным – цэлы месяц яны мелі магчымасць адпачываць ў бельгійскіх сем’ях і стаць іх дарагімі гасцямі. Арганізацыя “Eurochildren” ужо мае сваю доўгую гісторыю ў паўстагоддзя і шмат год займаецца аздараўленнем дзяцей з розных краін свету.
Усе пачалося яшчэ ў далёкім 1957 годзе, калі на адпачынак прыязжалі дзеці бежанцаў з пасляваеннай Германіі, у далейшым “Еuro –children”пачала прымаць дзяцей з Паўночнай Ірландыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Харватыі.
“Арганізоўваючы амаль 30 год дзіцячы адпачынак, заўсёды цешуся магчымасці бачыць шчырую радасць ў вачах дзяцей і прымаючых сямей і даць шанец некаму дакрануцца да частачкі свету”, - дзеліцца сваім творчым крэда дырэктар бельгійскай арганізацыі “Eurochildren” Арнольд Пульман. “Шмат год таму, яшчэ ў 1983, мая сям’я таксама прымала на адпачынку дзяўчынку з Паўночнай Ірландыі. Сёння ёй 38 год, але мы падтрымліваем адносіны і магу з ўпэўненасцю сказаць, што гэтае дзіця стала часткай маёй сям’і ”
Беларускія дзеці таксама гасцяць у бельгійскіх сем’ях. Усе яны розныя, кожны – са сваёй непаўторнай гісторыяй і сацыяльнай сітуацыяй і з розных куткоў Беларусі:
“Дзякуй за знаходжанне Сяргея тут. Мы атрымліваем асалоду ад яго прысутнасці, ён вельмі мілы і ветлівы хлопчык. Жадаем Вам здароўя. І да сустрэчы летам 2014 года” - дрыжачым голасам зачытвае ліст ад бельгійцаў бабуля аднаго з хлопчыкаў. Так-так, ліст напісаны па-беларуску і засталося сакрэтам, адкуль там такіе веды нашай роднай мовы. Так склаўся лёс , што яна адна ужо 6 год апякуецца 2 унукамі,жывуць яны ў невялічкай вёсцы, дзе толькі 3 школьніка і таму такі адпачынак у Бельгіі – сапраўдная радасць і незабыўная магчымасць набыць новыя ўражанні…
“Было класна і сям’я была ну такая цудоўная” – эмацыйна распавядае звычайна даволі стрыманы Дзяніс, хлопчык з багданаўскай прыёмнай сям'і. Дарэчы, а бельгійская сям’я сапраўды была незвычайная – там выхоўваюць 2 сваіх дзетак і 3 прыёмных. Хаця не, там усе дзеці свае і Дзяніс на гэты месяц стаўся таксама членам гэтай сям’і.
“Я па Вам сумую, але дамой не хачу. Пазваню на наступным тыдні» - цытуе ліст дачкі дадому адна з мам нашай беларускай групы. Старэйшая дзяўчынка з гэтай сям'і, дзе гадуецца 4 дзяцей, упершыню адправілася за новымі уражаннямі так далёка ад дому. Сям'я прымала дзіця як роднае і сапраўды стварыла цеплую гасцінную атмасферу.
Па тым, як наперабой дзяліліся ўражаннямі дзеці адразу па прылёце з Бельгіі, можна было лічыць, што добра там было ўсім.
Дабрачыннасць сапраўды не мае межаў. І невядома, хто атрымлівае больш – бельгійцы альбо беларусы ад гэтага часу, праведзенага разам, бо як вядома, хто атрымлівае – напаўняе рукі, а хто дае – напаўняе сэрца.