У жыцці чалавека адбываецца шмат падзей, шэраг этапаў сталення. Але самая галоўнае якасць, якая набываецца сталай асобай – гэта ўменне ўбачыць свае памылкі, прызнаць іх і выправіць, рухаючыся наперад.
Пытанні, якія я задаю сабе сёння: «Што я зведаў цягам 15 гадоў свайго служэння ў Карытас? Якія сапраўдныя дасягненні маю за гэтыя гады?»
Добра памятаю дзень майго прыходу ў Карытас, знаёмства з дзейнасцю арганізацыі. Да гэтага я ведаў толькі, што існуе ў Касцельных структурах арганізацыя пад назвай Карытас, якая займаецца дапамогай.
Мне часам задаюць пытанне: «Як Вы ў такім маладым узросце не баяліся ўзяць на сябе такую адказнасць?» – Цяжка казаць пра страх ці перажыванні, калі ты атрымаў накіраванне ад Біскупа і не зусім разумееш, што цябе чакае.
Этап росту запатрабаваў, прынамсі, некалькі гадоў. Усведамленне таго, што ў цябе ёсць улада, але яшчэ больш – адказнасць за ўсе рашэнні, якія прымаюцца ў Карытас. І для сябе заўжды ставіў на першае месца адказнасць. Мне не падабалася слова дырэктар, ды і сёння я яго не люблю. У ім занадта шмат спакус. Бо дырэктар – гэта значыць улада. І тады, калі я змог дарасці, усвядоміць, што значыць быць кіраўніком, што значыць умець дэлегаваць паўнамоцтвы, стаў імкнуцца да таго, каб стварыць каманду супрацоўнікаў, якія разам з табой думаюць, разам імкнуцца рабіць дабро і, галоўнае, пачынаць з сябе, дапамагаць адзін аднаму.
Пятнаццаць гадоў у сферы міласэрнасці – гэта не проста перыяд твайго асаблівага служэння, гэта ўзлёты і падзенні ў асобасным росце, нават перыяды дэградацыі, калі ты, проста адпускаеш сітуацыю. Часам табе проста не хочацца больш нічога.
Здавалася б, сфера Карытас змяшчае ў сабе столькі напрамкаў, у якіх можаш знайсці сябе заўсёды, у якіх няма межаў дасканаласці, заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Аднак, мноства расчараванняў расстаўляюць кропкі над і, у цябе апускаюцца рукі. Бо ў дабрачыннай дзейнасці не так шмат шчырай удзячнасці, на жаль, больш асуджэння і недаверу.
Шмат разоў перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай са слязьмі на вачах пытаўся, чаму менавіта так адбываецца? Я не чуў адказу ад Бога ў словах, я бачыў, як Пан дапамагае мне ў канкрэтных справах. Сярод некаторых рашэнняў у складаных сітуацыях былі проста на грані містыкі і фантастыкі. Часцей за ўсё, калі ты абсалютна не бачыш выхаду, проста давяраеш Езусу, і Ён творыць цуды.
Але галоўным для мяне ў дапамозе была вера, што ўсё, што раблю ў справах Касцёла, патрэбна людзям і Богу гэта важна. Святы Ян Златавусны напісаў у свой час: «Міласэрнага і чалавекалюбівага Бог прымае і любіць, і калі гэта будзе праведнік – сплятае яму найсвятлейшыя вянкі, а калі грэшнік – даруе яму грахі ва ўзнагароду за спагаду да падобнага, да раба».
У гэтай цытаце заключана разуменне таго, што ўсе найважнейшыя справы ў жыцці суправаджаюцца самім Богам, Які з любоўю глядзіць на цябе. Усё гэта надавала мне сіл і імкнення выконваць сваю працу сумленна.
У гісторыі майго Карытас у сэрцы ёсць два этапы: дырэктар Карытас Гродзенскай дыяцэзіі і дырэктар Нацыянальнага Карытас. У пераходны перыяд, больш за год, мне трэба было сумяшчаць працу ў двух Карытас.
Але пераход у Нацыянальны офіс прынёс новы віток усведамлення, што такое дзейнасць Нацыянальнага Карытас, бо яна адрозніваецца ад таго, што робяць дыяцэзіяльныя Карытас. І гэта новы стымул для мяне – спазнаваць новыя абшары. Новыя супрацоўнікі, новыя праекты і новыя напрамкі рэалізацыі дзейнасці міласэрнасці.
Аднак час працягвае цячы, як струмень вады ў рацэ. Нясе мноства пясчынак, з якіх у пэўным гістарычным месцы ствараецца сапраўднае мастацтва. Хочацца верыць, што мае пятнаццаць гадоў у Карытас – гэта не толькі асабістыя дасягненні, гэта дасягненні ўсіх, з кім я працаваў, і тое, што ўсе мы ў меру сваіх ведаў і жаданняў змаглі прыўнесці шмат часцінак сапраўднай любові ад Бога да людзей у кожнай справе.
Сёння надышоў час сказаць вялікі дзякуй Богу і ўсім маім сябрам-супрацоўнікам за пражытыя гады сумеснай працы і малітвы. Пажадаць кожнаму, хто быў, ёсць ці будзе часткай Карытас, заўсёды вучыцца гэтым словам жыць. Бо Карытас – гэта не проста велізарная сусветная арганізацыя, гэта стыль жыцця веруючага чалавека. Чалавека, які прагне жыць словам Евангелля.
Не кажу вам бывайце, кажу вам да новых сустрэч. Бо хто прайшоў жыццё Карытас у сваім сэрцы, заўсёды будзе гэтым жыць, дзе б ён не быў і што б не рабіў.
Усім жадаю Божага благаслаўлення і моцнай веры ў тое, што мы робім дабро па вучэнні Езуса Хрыста і Яго Касцёла.
г. Мінск, 3 лістапада 2021 года.
а. Віталій Дабраловіч