Інтэрв’ю з Марынай Булатоўскай, перакладчыкам у РМ «ДКТ Карытас» Віцебскай дыяцэзіі
- Марына, раскажы, калі ласка, калі і якім чынам ты трапіла ў Карытас?
- У Карытас я прыйшла ў якасці валанцёра гадоў пяць таму. І доўгі час я вяла выключна студыю інклюзіўнага танца “Імпэт”, а літаральна ўжо з верасня 2020 года мяне ўзялі афіцыйна на працу ў якасці перакладчыка.
- Апішы, калі можаш, свой працоўны дзень?
- Яны ў мяне адрозніваюцца. Так, у дзень, калі да нас прыходзяць пенсіянеры ў Рэсурсны цэнтр, з ранку прыкладна да паловы 11-й мы рыхтуемся. Я раблю ў гэты час тое, што звязана з дакументамі, перакладам. Потым займаемся з бабулямі і дзядулямі. Я з імі спяваю яшчэ народныя песні, раблю фота, апрацоўваю. Пасля іх адыходу альбоо ізноў працую з дакументамі, альбо едзем да падапечных ці прымаем таго, хто прыходзіць да нас. Бывае, што дапамагаем з працай таму, каму вельмі складана. А ў іншы дзень, калі я займаюся з інвалідамі, план прыкладна такі самы, акрамя таго, што праводжу інклюзіўныя занятікі танцамі. Я вельмі люблю сваіх танцораў.
- Колькі іх?
- У лепшыя часы іх шмат, а зараз, як карона, то не асабліва. Валанцёры амаль не прыходзяць, толькі пару чалавек. І вельмі цяжка сабраць інвалідаў, бо яны ўсе баяцца. Максімальна зараз прыходзіць чалавек 10. А раней, разам з валанцёрамі і інвалідамі на занятак збіралася больш за 20. Тады мы бралі вялікае памяшканне, прасілі ў біскупа. І плюс вазкі. Зараз нашыя заняткі больш накіраваныя на аздараўленне. Я мінулым летам скончыла анлайн-школу, павысіла кваліфікацыю. Там былі розныя новыя практыкі для аздараўлення, развіцця маторыкі. З людзьмі з рознымі відамі інваліднасці мы зараз апрабоўваем гэтыя ўсе методыкі, будзем назіраць і чакаць прагрэс.
- Якімі якасцямі, па тваім меркаванні, павінен валодаць чалавек, які прыходзіць працаваць у Карытас?
- Абавязкова, мне здаецца, гэта эмпатыя. Па-другое, гэта ўменне не адрозніваць, не аддзяляць сябе ад іншых, знаходзіць разуменне для кожнага чалавека. Потым, напэўна, не павінна быць ў яго стэрэатыпаў датычна розных катэгорый людзей, наадварот, ён павінен быць чалавекам адкрытым і рэальна любіць гэтую разнастайнасць, якую мы маем, плюс любіць быць патрэбным, дапамагаць і, канешне, быць чалавекам уважлівым і чэсным. Гэта важна таксама, бо гэта праца з дакументамі. Бо для мяне, напрыклад, гэта пакуль няпроста. І яшчэ трэба, каб дапамагалі ўнутры, ішлі насустрач, бо гэта файна, калі можаш звярнуцца, каб табе хтосьці патлумачыў. Гэта значыць, каб чалавек быў дабразычлівы да іншых, не закрыты, гатовы ісці насустрач. Гэта, напэўна, асноўнае.
- А можаш назваць сваіх некалькі дасягненняў як чалавека, як валанцёра, як супрацоўніка Карытас?
- Як чалавека – гэта, напэўна, тое што патрошкі вучуся прымаць нечаканыя змены, мяняць свае планы. Марыла быць мамай. І радуюся, што мара споўнілася. Ганаруся сваёй дачушкай.
А дасягненне як супрацоўніка – дзякуй Богу, што атрымалася зарганізаваць супольнымі намаганнямі інклюзіўныю студыю “Імпэт”, для мяне гэта вельмі важна. Гэта дае рабятам нейкую крыніцу радасці. Для мяне дужа важна, каб іншым было радасна.
- Якім ты бачыш Карытас Віцебск знутры?
- Да таго моманту як я прыйшла, я ведала Карытас мала. Для мяне было даволі загадкава заўсёды, як што адбываецца, бо я і ў веру прыйшла ў вельмі свядомым ўзросце, для мяне ўсё было нова. Пра Карытас я ведала толькі праз сяброўку, праз Дашу, мы ў школе вучыліся разам.
Ведала, што робіцца шмат добрых справаў. Што падтрымліваюць людзей, якім патрэбна дапамога, і ўсё. А вось калі ў мяне ўзнікла думка стварыць інклюзіўны калектыў, то я адразу чамусьці пра Карытас падумала, бо ў мяне аб ім было добрае ўраджанне. А зараз, калі знутры, я бачу значна шырэй, бачу наколькі многа добрага робіцца і наколькі гэта ўсё яшчэ і няпроста. Цяпер разумею, што за кожным пакецікам з ежай, маленечкай дапамогай, стаіць шмат-шмат працы, дакументаў, ўсякай справаздачнасці. І для мяне, як для чалавека, які быў далёкі ад такой юрыдычна-фінансавай дзейнасці, гэта новае і патрабуе ўдасканальвання.
- Калі ўявіць сабе ідэальную арганізацыю Карытас, якая была б гэта арганізацыя?
- Добра было б мець юрыдычную кансультацыю для лепшага разумення дакументацыйнага працэсу. Хацелася б, каб было больш узаемадзеянне паміж Карытасамі розных краін, рэгіёнаў, каб больш было абмену валанцёрамі, супрацоўнікамі. А ў астатнім – усё супер і цяпер як яно ёсць. Карытас – гэта пра ўзаемадапамогу, добразычлівасць і міласэрнасць.
- Якія праекты з’явіліся б ў тваім ідэальным Карытас?
- У мяне ёсць ідэя, якую мы прасоўваем. Мы думаем пра інклюзіўныя экскурсіі, маршрут па цэнтры горада. І мы хочам адправіць аднаго ці двух вазочнікаў, якія захочуць атрымаць акрэдытацыю экскурсавода і вадзіць экскурсіі, на адпаведныя курсы ў Мінск. І, канешне, павазіць іх па Беларусі.
Яшчэ праект “Good start” – праект для мам і дзетак. Для мяне ён такі блізкі, бо я памятаю свае першыя месяцы мацярынства. Як гэта няпроста, нават тады, калі ты маеш сродкі. А калі не маеш, гэта перетвараецца ў сапраўдны псіхалагічны квэст…
- Што ты пажадаеш нашым чытачам?
- Хацелася б пажадаць нашым чытачам, каб яны да нас завітвалі, звярталіся па дапамогу, прапаноўвалі свае ідэі, ўдзельнічалі ў нашых мерапрыемствах і не баяліся гэтага! У Карытас заўжды дамамогуць і падтрымаюць.