“Беднасць створана людзьмі, а не Богам, бо яны не ўмеюць дзяліцца”. (Святая Маці Тэрэза з Калькуты)
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Божае Слова на трэцюю Нядзелю Вялікага посту скіроўвае нашую ўвагу між іншым на Божы Закон, добра вядомы нам як дзесяць Божых Запаведзяў.
Закон, які рэгулюе адносіны паміж Богам і чалавекам а таксама паміж людзмі. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што нормаў, якія датычацца міжлюдзкіх адносінаў ёсць практычна ўдвая больш. Гэта азначае, што на шлляху да збаўлення наш стасунак да бліжняга мае цалкам не меншае значэнне, чым адносіны з Богам. Вельмі выразна скажа пра гэта Езус Хрыстус: “... тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Яго умілаваны вучань, Апостал Ян, зробіць вядомую нам выснову з гэтай думкі: “той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць” (1Ян 4, 20).
Нажаль, у сучасным свеце ўсё больш перажываюць крызіс такія паняцці як ахвярнасць, бескарыслівасць, самааданасць, шляхэтнасць. У вачах свету яны нярэдка ўспрымаюцца як глупства. Аднак гэтыя паняцці таксама падпадаюць пад катэгорыю “неразумнага ў Бога”(1Кар 1, 25), а яно, як сцвярджае сёння Апостал Павел- “мацнейшае за людзей”(1Кар 1, 25).
Нарэшце клопатам пра справы Касцёла, да якога мы ўсе з вамі належым запальвае нас сам Збаўца, які, як перадае нам сёння Евангелле, вельмі станоўча выпраўляе злоўжыванні, якія адбываліся ў доме Ягонага Айца (пра. Ян 2,16), доме, які мае быць “домам малітвы”(Лк 19,46). Нас таксама павінен “з’ядаць” клопат пра Божы дом, клопат пра тое, што ў ім адбываецца. Адначасова нельга не памятаць пра патрэбы тых, хто да гэтага дому належыць.
Вялікая хвала Богу за тое, што ў святле Хрысціянскай веры мы маем магчымасць уласціва рэагаваць на існуючыя выклікі свету. Касцёл ад пачатку свайго існавання асаблівай апекай атуляў людзей, па розных прычынах пазбаўленых сродкаў на існаванне, людзей, якія былі ў якой-кольвечы патрэбе. Сёння Касцёл паспяхова працягвае гэтую місію, і менавіта вы, дарагія духоўныя асобы і вернікі, робіце ў гэтай справе па-сапраўднаму шмат.
Словы Маці Тэрэзы з Калькуты, працытаваныя на пачатку звароту, сцвярджаюць рэчаіснасць існуючага свету людзей, трываючага ў ім эгаізму і адмежаванасці чалавека ў дачыненні да сабе роўных. Як вынік гэтага – шматлікія ахвяры несправядлівага размеркавання ў сферы эканомікі, палітычныя злоўжыванні і знішчэнне прыроднага асяроддзя. Імкненне да матэрыяльнага ўзбагачэння малой групы людзей часта штурхае цэлыя краіны на шлях беднасці і пазбаўлення магчымасці ўласцівага развіцця дзеля заспакаення неабходных патрэбаў чалавека.
Ва ўсім гэтым варта ясна разумець прычыну такой сітуацыі. Яна не ў недахопе матэрыяльных сродкаў ці прыродных рэсурсаў або, як гэта сёння настойліва прапагандуецца ў свеце, у нібыта пагражаючай нам перанаселенасці нашай планеты. Прычына ў тым, як трапна зазначыла святая Маці Тэрэза, што людзі не ўмеюць дзяліцца.
Разам з адраджэннем структураў Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, 30-ці годдзе якога мы сёлета адзначаем, у сваю дзейнасць увайшла і добра вядомая нам арганізацыя Карытас, якая разам з іншымі дабрачыннымі акцыямі парафіяльнага ўзроўню, паклікана не пакінуць чалавека сам-на-сам з узніклай бядой ці праблемай. Варта зазначыць, што дзейнасць гэтай структуры сапраўды нясе рэальную дапамогу людзям, прычым у вельмі шырокім спектры жыццёвых сітуацый. Дзеля прыкладу нагадаем некаторыя праекты і ініцыятывы, дзякуючы якім толькі ў мінулым годзе атрымалі дапамогу некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Сярод іх гэта: “Сталовыя для бедных”, “Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей”, “Зімовая дапамога”, “Дапамога малазабяспечаным сем’ям”, “Арганізацыя дапамогі абяздоленым і самотным”, “Сацыяльная дапамога ў перыяд эпідэміі COVID-19”, “Дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр”, праекты “Дорым прафесію”, “Мой свет у фарбах”, “YES!”, якія дапамагаюць моладзі знайсці працу ці арганізаваць самазанятасць, “Сацыяльныя пункты гуманітарнай дапамогі”, “Дамы міласэрнасці і састарэлых”, “Інтэграцыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў”, і многія іншыя праекты, сярод якіх ёсць нават Студыя інклюзіўнага танца “ІМПЭТ”, для людзей з абмежаванымі фізіялагічнымі магчымасцямі.
Рэалізацыя ўсіх гэтых праектаў стала магчымай дзякуючы вам, дарагія браты і сёстры. Вам, веруючым людзям, якія не страцілі ўражлівасці на патрэбы бліжняга, і здольнасці да ўчынкаў міласэрнасці. Няхай Божая ўзнагарода сустрэне кожнага, хто мае адкрытае сэрца перад абліччам людской бяды і несправядлівасці.
На сённяшні дзень здзяйсненне праектаў дабрачыннай арганізацыі Карытас адбываецца са значнай доляй дапамогі ад замежных партнёраў. Для нас гэта вялікая падтрымка, і нагода да малітвы ўдзячнасці ў іх інтэнцыі. Аднак, нам трэба мець свядомасць, што гэтая дапамога не можа доўжыцца ў бясконцасць, і што раз то больш мы павінны вучыцца разлічваць на свае сілы. Гэтае заданне мы зможам рэалізаваць, прыкладаючы агульнае намаганне так з боку адказных структураў Касцёла, як і з боку ахвярнасці кожнага верніка.
Нам трэба памятаць, што справа дабрачыннасці застанецца заўсёды неад’емнай часткай дзейнасці Касцёла, бо як казаў сам Пан Езус : “ ... убогіх заўсёды маеце пры сабе” (Мц 26,11). Не згубіла актуальнасці гэтая думка і ў наш час. Таму папа Францішак у Энцыкліцы “Fretelli Tutti” між іншым кажа: “Клопат аб свеце, у якім мы жывём, азначае клопат пра нас саміх. Але мы павінны стаць «мы», якія жывуць у агульным доме” (FT 17). Тую ж самую думку нясе ў сабе і сацыяльнае навучанне Касцёла: “Чалавецтва ўсё больш выразна разумее, што аб’ядноўвае яго адно прызначэнне, якое патрабуе ўсведамлення агульнай адказнасці, натхнёнай цэласным і салідарным гуманізмам.” (КСВК 6).
Сёння мы перажываем ужо трэцюю нядзелю Вялікага посту – па традыцыі гэта нядзеля Карытас. І побач з нашымі матэрыяльнымі ахвярамі, якія сёння прызначаны на дзейнасць гэтай структуры Касцёла, варта памятаць, што гэта не адзіная магчымасць стаць “добрым самаранінам” у жыцці патрабуючага чалавека. Ёсць шмат розных спосабаў, між іншым і валанцёрская паслуга, якімі можам рэалізаваць заклік Хрыста: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6,36). Няхай гэты заклік знойдзе сталы водгук у нашым сэрцы і дапаможа заўсёды бачыць патрабуючага Хрыста ў церпячым чалавеку.
Няхай час Вялікага посту паспрыяе таму, каб радасць Пасхальнай перамогі Збаўцы магло перажыць як мага больш людзей, адкрываючы для сябе святло Божай праўды праз дабрыню і ахвярнасць нашага сэрца.
Няхай Бог благаславіць вам на перажыванне Вялікага посту ў духу братняй любові!
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск 05.03.2021
P.S. Гэты зварот шаноўныя святары павінны прачытаць падчас кожнай святой Імшы ў Трэцюю нядзелю Вялікага посту.