Згодна з традыцыйным тлумачэннем гісторыі Анана з 38 раздзела Кнігі Быцця, кантрацэпцыя заўсёды асуджалася Каталіцкім Касцёлам як грэх, якому няма апраўдання. Гэты падыход падтрымліваецца і ў Новым Запавеце (Гал 5,19-20; Адкр 9,21), а таксама ў Дзідахэ (5,1-2). Выкарыстанне кантрацэпцыі ў заходнім грамадстве не было масавай з’явай да канца ХIХ стагоддзя.

Кантрацэпцыю Касцёл разумее як ненатуральныя (бар'ерныя, хімічныя, фармакалагічныя ды інш.) метады пазбягання зачацця.

У 1920-я гады бар’ерныя метады атрымалі шырокае распаўсюджванне дзякуючы таннасці масавай вытворчасці. Пасля гэтага пачаўся ціск на хрысціян з мэтай перагледзець вучэнне пра грахоўнасць кантрацэпцыі. У 1930 Англіканская Царква саступіла і дазволіла выкарыстоўваць кантрацэпцыю ў надзвычайных сітуацыях. Іншыя пратэстанцкія Цэрквы пайшлі за англіканамі, і да 1960 года кантрацэпцыя была прынята заходнім грамадствам у цэлым, за выключэннем Каталіцкага Касцёла.

Пасля з’яўлення гарманальнай кантрацэпцыі ў 1960-я гады ўсе чакалі, што яна будзе дазволена. Тым не менш, у сваёй энцыкліцы Humanae Vitae ў 1968 Папа Павел VI пацвердзіў вучэнне Касцёла аб недапушчальнасці любой кантрацэпцыі. Энцыкліка амаль паўсюдна была ўспрынята негатыўна, нават у каталіцкім асяроддзі.

Усеагульнае выкарыстанне кантрацэпцыі прывяло да зменаў у разуменні прыроды сексуальнасці. Раней людзі добра разумелі, што сексуальная актыўнасць можа прывесці да зачацця дзіцяці. Вынікам было натуральнае ўстрыманне ў сітуацыях, у якіх зачацце было непажаданым.

Са з’яўленнем кантрацэпцыі з’явілася агульная ўпэўненасць у тым, што «ўсё будзе ў парадку», зачацце дзіцяці не адбудзецца. Знікла ўсялякая матывацыя да ўстрымання. Узрасла колькасць здрадаў, інтымных адносін да шлюбу або проста сужыцця без думак аб шлюбе. Бязбожнае сексуальнае асветніцтва правакуе распусту, пачынаючы з падлеткавага ўзросту і далей, з простымі правіламі: вы можаце рабіць усё, што заўгодна, да тых часоў, пакуль ваш партнёр згодны, а вы выкарыстоўваеце кантрацэпцыю. Магчымасць з’яўлення дзіцяці знікла са свядомасці, а сексуальныя адносіны ператварыліся ў форму забавы. З’явілася «Культура Таблеткі».

Тым не менш, абяцанне, што «ўсё будзе ў парадку», з’яўляецца ілжывым. Кантрацэптывы, у тым ліку таблеткі, зусім не з’яўляюцца эфектыўнымі на 100%, часта яны не выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з інструкцыямі, асабліва маладымі людзьмі. Нягледзячы на выкарыстанне кантрацэпцыі, зачацці адбываюцца. Такія зачацці лічацца «няўдачамі» або «памылкамі» кантрацэпцыі. Вядома ж, такія «памылкі» павінны быць «выпраўлены».

Айцец Пол Маркс, заснавальнік Human Life International, за многія гады свайго служэння абароне жыцця наведаў больш за сто краін. Ён не пераставаў паўтараць: «У кожнай краіне, у якой дазволілі кантрацэпцыю, следам заўсёды ідуць аборты». Ён казаў, што не ведаў ніводнага выключэння з гэтага правіла.

Выкарыстанне кантрацэпцыі стварае пэўны менталітэт. Пара, якая карыстаецца кантрацэпцыяй, імкнецца толькі да сексуальнага задавальнення. Праз шматразовыя адмовы ад зачацця, няхай гэта будзе перарваны акт, бар’ерныя метады, гарманальныя сродкі або спіраль, яны будуюць у сваіх розумах негатыўнае стаўленне да нараджэння дзяцей у прынцыпе.

Некаторыя пары баяцца зачацця або нават займаюць настолькі агрэсіўную пазіцыю ў адносінах да магчымасці з’яўлення дзіцяці, што пры першых прыкметах цяжарнасці рэагуюць з раздражненнем: «Мы зрабілі ўсё, каб пазбегнуць гэтага, усё павінна было быць у парадку!» Сітуацыя пагаршаецца, калі пара яшчэ не заключыла шлюб, або, напрыклад, яны проста жывуць разам без якіх-небудзь дакладных планаў на будучыню.

Аборт стаў прызнанай часткай бязбожнай культуры смерці. Спачатку ў камуністычным СССР, а потым і на ўсё меньш хрысціянскім Захадзе.

Аборт ператварыўся ў запасны выхад у выпадку памылкі кантрацэпцыі або ў сітуацыі, калі бацькі выяўляюць, што дзіця не адпавядае іх чаканням, напрыклад, калі яно народзіцца інвалідам. А калі грамадства прызвычаілася да ідэі забойства ненароджаных немаўлятаў, якія сталі на яго шляху, то лагічна адмовіцца і ад іншых нязручных катэгорый людзей: бездапаможных старых, невылечна хворых ці тых, хто знаходзіцца ў коме.

«Культура Таблеткі» выклікала дэмаграфічны крызіс ва ўсіх заходніх краінах. У доўгатэрміновай перспектыве гэта прывядзе да немагчымасці выплачваць пенсіі, і, у сваю чаргу, да ліквідацыі «дарэмных едакоў», як казалі нацысты.

Калі сексуальная актыўнасць зводзіцца да простай формы забавы, да атрымання задавальнення, людзям становіцца нашмат прасцей прыняць праект па вытворчасці дзяцей незалежна ад сям’і. З-за росту бясплоднасці расце попыт на экстракарпаральнае апладненне, якое фактычна не лечыць бясплоднасць. Урачы не імкнуцца выявіць прычыну бясплоднасці пары, а ўсяго толькі абыходзяць натуральныя дзетародныя працэсы. Атрыманым пры дапамозе гэтай методыкі чалавечым істотам даецца магчымасць расці на працягу некалькіх дзён, пасля чаго «няякасныя» эмбрыёны знішчаюцца. З тых, што засталіся, некаторыя імплантуюцца ў матку маці, іншыя глыбока замарожваюцца для магчымага будучага выкарыстання або для эксперыментаў. Залішне казаць, колькі грошай можна зарабіць на гэтым.

Звядзенне чалавечай сексуальнасці да забавы мае іншыя наступствы. Калі нараджэнне дзяцей выкараняецца са свядомасці людзей як падстава для сексуальнай актыўнасці, то яе адзінай мэтай і зместам становіцца аргазм. Але аргазм можа быць дасягнуты рознымі спосабамі, а не толькі праз традыцыйны сужэнскі акт. Людзі спрабуюць іншыя спосабы задавальнення сваёй пажадлівасці праз мастурбацыю, гомасексуальныя акты і гэтак далей.

Масавае выкарыстанне кантрацэпцыі змяніла ўсё ўспрыманне сэнсу сексуальнай актыўнасці, а значыць, магутная сучасная гомасексуальная прапаганда стала магчымай і прымальнай дзякуючы агульнаму выкарыстанню кантрацэпцыі!

А цяпер пра тое, што тычыцца сужэнства: кантрацэпцыя нішчыць любоў! Сэнс любові не ў тым, каб браць, але каб даваць. Яна не скупая, а шчодрая. Яна можа быць нават ахвярнай, калі маці прысвячае сябе дзіцяці, даючы яму ўсё, у чым яно мае патрэбу. Мы можам убачыць гэта на прыкладзе Хрыста, які прынёс сябе ў ахвяру на крыжы. У сужэнскім акце муж і жонка даюць сябе адно аднаму цалкам і атрымліваюць адно аднаго цалкам. Натуральным плёнам гэтага ўзаемнага дару з’яўляецца зачацце дзіцяці. Але калі пара выкарыстоўвае кантрацэпцыю, яны падсвядома кажуць адно аднаму: «Я аддаю сябе табе, але без маёй плоднасці. І твая плоднасць мне таксама не патрэбна». Гэта свядомая адмова ад натуральнага плёну любові. Вядома ж, такія сужэнцы пакутуюць ад пастаяннага цяжару ўзаемнага падсвядомага непрыняцця, гэта знішчае многія сужэнствы.

Мы бачым, што на сям’ю і сужэнства у цяперашні час актыўна і сістэматычна вядзецца атака з усіх бакоў і што ў гэтай атацы кантрацэпцыя з’яўляецца ключавым фактарам. Гэтая атака зыходзіць ад багатых і ўплывовых людзей, якія апантаны ідэяй скарачэння насельніцтва ў свеце. Як бачна, яны хочуць знішчыць або, прынамсі, аслабіць сужэнства і сям’ю, каб людзьмі было лягчэй маніпуляваць. Калі кантрацэпцыя не будзе забаронена, грамадства не зможа быць здаровым.

Цалкам відавочна, што кантрацэпцыя з’яўляецца свяшчэннай каровай сучаснага бязбожнага грамадства, і ні адзін сучасны ўрад не ў стане яе забараніць ці хаця б абмежаваць. Што можна сказаць пра Касцёл?

Сітуацыя ў Каталіцкім Касцёле не нашмат лепшая. Касцёл пакутуе ад амаль пяцідзесяцігадовага непадпарадкавання вучэнню Humanae Vitae, з наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. У католікаў вельмі мала дзяцей, існуе сур’ёзны недахоп пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Каталіцкія жанчыны таксама робяць аборты і пакутуюць ад постабортнага сіндрому. Экстракарпаральнае апладненне нармальна ўспрымаецца хрысціянамі, якія не ведаюць падрабязнасцяў гэтага граху. Каталіцкія сужэнствы руйнуюцца таму, што католікі выкарыстоўваюць кантрацэпцыю амаль гэтак жа, як некатолікі.

Каталіцкі Касцёл вызнае як шлях да адказнага бацькоўства натуральнае планаванне сям'і праз распазнанне плоднасці.

Дык што ж рабіць? Рашэнне відавочнае. Гэта пытанне надзвычайнай тэрміновасці для Касцёла для таго, каб выправіць хібы апошніх 50 гадоў і абвясціць з усёй моцай пасланне энцыклікі Humanae Vitae. Каб быць больш дакладным: я лічу, што без гэтай умовы немагчымым з’яўляецца аднаўленне стабільных сужэнстваў і здаровых сем’яў у хрысціянскіх краінах. Я не кажу, што гэта адзіная ўмова, гэта проста неабходнасць.

У гэтым кантэксце экалогія сужэнства з’яўляецца важным інструментам для аднаўлення сямейнай цноты. Метад распазнання плоднасці (МРП) не самамэта, але для большасці людзей ён з’яўляецца неабходнай прыладай для цнатлівага жыцця ў шлюбе.

Муж і жонка, якія выкарыстоўваюць МРП, штодня ведаюць аб сваёй плоднасці. Калі яны лічаць, што ў дадзены момант было б безадказна зачаць дзіця, яны ўстрымліваюцца да таго моманту, пакуль не надыходзіць фаза цыклу, у якой зачацце немагчыма. Такія сужэнцы, як правіла, адкрыты на нараджэнне большай колькасці дзяцей, таму што іх лад жыцця прадугледжвае пастаяннае ўсведамленне таго, што інтымная блізкасць можа прывесці да зачацця. Таму, калі дзіця зачата, яны, хутчэй за ўсё, прымуць яго з радасцю.

Пары, якія выкарыстоўваюць МРП, як правіла, маюць вялікія сем’і; у Аўстрыі, напрыклад, такія сем’і звычайна маюць па трое дзяцей, у два разы больш, чым у сярэднім па краіне. У Чэхіі сітуацыя падобная – у сем’ях настаўнікаў МРП у сярэднім па чацвёра дзяцей.

Менавіта гэтыя пытанні павінны быць у поле зроку Касцёла для таго, каб пераадолець крызіс сям’і.

Дэвід Прэнціс, Чэхія

Пераклад і апрацаванне: Уладзіслаў Валаховіч 

http://catholic.by/2/home/authors-rubrics/valahovic/127957-kantracepcyja.html

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы