Раім прачытаць сведчанне сям’і практыкуючых каталікоў. Гэтую гісторыю яны распавялі “Камсамолцы” ў конкурсе для чытачоў, якія пішуць, колькі трацяць на дзяцей.
Не дзеля мільёна пішам, ён нам не трэба. Проста, неяк заявіць хочацца, што ёсць іншае жыццё, не замешанае на грошах. І ў нашай гісторыі амаль не будзе лічбаў. Не, мы нічога не хаваем, проста мы рэальна не лічым грошы! Не таму што іх шмат ці мала. Ну добра, зараз паглядзім. Такім чынам, да зарплаты, а гэта праз два тыдні, на руках у нас крыху больш за два мільёны. Але ўжо заўтра іх можа не быць, а можа быць у два разы больш. Грошы да нас прыходзяць і сыходзяць без нашага кантролю.
У нас з жонкай зараз двое дзяцей - хлопчыкаў-школьнікаў. Мы працуем ўдваіх. Атрымліваем разам ад 7 да 12 мільёнаў у месяц. Наша праца звязана з кампутарам і яна не сталая. Ёсць заказы - працуем, няма - чытаем кніжкі на канапе. І што цікава, мы не шукаем працу, гэтыя самыя заказы дае нам Бог, я ўпэўнены. Роўна столькі, колькі трэба, каб жыць і ня бедаваць. Неяк заўсёды так атрымліваецца, што калі хочам, напрыклад, у гэтым месяцы купіць люстру, то працы хапае настолькі, каб атрымаць «лішнія» грошы на гэтую самую люстру. Увогуле, як ні дзіўна - пяць мільёнаў ці дзесяць, але заўсёды грошаў хапае. Неяк яны расцягваюцца, ці што. Як хлеб і рыба, якімі Хрыстос накарміў натоўп.
Хочаце, усё ж такі, канкрэтыкі? Ну, паспрабуем. Аб харчаванні. Раніцай дзеці ядуць мюслі, заліваючы іх малаком або ёгуртам. Яшчэ, бывае, робім сэндвічы з сырам. На абед ці суп, ці каша з тушонкай, ці макароны з каўбасой, або самаробная піца. На вечар - таксама нешта з гэтага. Салодкае купляем амаль кожны дзень: шакалад, печыва. Раз у тыдзень, дзесьці, балуемся смачнымі пірожнымі. І ў кафэ ходзім. Яшчэ нам дапамагаюць бацькі-пенсіянеры, дзякуй ім за гэта. Грошы, бульбу, гародніну з вёскі перадаюць.
Але! У нас ёсць яшчэ крэдыты. На кватэру крэдыт атрымлівалі на агульных падставах, таму што хацелі самі выбраць кватэру ў зручным месцы. Хоць маглі атрымаць ільготны крэдыт. За свабоду выбару зараз плацім крэдыт каля 2 мільёнаў у месяц. Ну і яшчэ каля пяцісот тысяч за мэблю выплачваем.
Але тым не менш, атрымліваецца кожнае лета з'ездзіць на адпачынак. Не далёка - на Балтыку, у Карпаты. Выдатны сямейны адпачынак. Вядома, можна было б грошы зберагчы і дарабіць рамонт у кватэры, але як-та лепш, ўсё ж, па гарах пагуляць! І сям'ю гэта гуртуе.
Дзецям купляем, вядома, і вопратку добрую, і ровары, і тэлефоны. Але разумеем, што ім перш за ўсё патрэбныя ўвага і любоў. Ды і калі ёсць любоў, дзеці зусім не патрабавальныя: дай, купі! Яны з большай радасцю з намі ў паход сходзяць, чым у кампутар секчыся будуць. І ўсё ж пра грошы.
У нас такая пазіцыя: чым больш аддаеш - тым больш атрымліваеш. Галоўнае - гэта стаўленне да грошаў. Таму што мы, да прыкладу, лёгка з імі растаемся. Напэўна, таму яны лёгка і вяртаюцца. Пазычаем тым, хто просіць. І як бы развітваемся з гэтымі грашыма, не чакаем і не патрабуем вяртання. Як ні дзіўна, амаль заўсёды вяртаюць! Ну і, вядома, даём міласціну. Каму - гэтым бамжам ў пераходзе, якія ўсё роўна грошы прап’юць? Так, і ім таксама. Бывае, па 20, па 50 тысяч. Таму што міласціна - гэта стаўленне паміж тым, які дае і Богам, а не тым, каму падаюць. А Бог не падмане! Вяртаецца ў сто разоў, гэта дакладна!
Не, з неба грошы не падаюць. А прыходзяць праз людзей, праз працу. Ну вось, апошні выпадак. Узяўся я за адну справу на карысць нашага Касцёлу ( міласцінай ж могуць быць не толькі грошы, але і час, увага, аддадзенае каму-небудзь). Амаль увесь месяц пайшоў, каб гэта зрабіць. Прыйшлося, натуральна, “забіць” на працу. Сяджу і думаю: як жыць? Заробка амаль не будзе, а крэдыт падвысяць (слабая мая вера, часта сумняваюся). І тут з працы пішуць: табе па выніках мінулага года (хто б падумаў!) налічана прэмія ў тры з паловай мільёны! А потым з банка нечакана патэлефанавалі: крэдыт павышаць не будзем!
А яшчэ неяк адна амаль не знаёмая на той момант дзяўчына падарыла мне дарагую тэхніку, коштам у не адну тысячу даляраў. Проста так!
Карацей, пазычаць, даваць міласціну, не скнарнічаць (і самім сабе ў тым ліку!) - гэта як банк. І вяртаецца з працэнтамі. Наш ксёндз неяк раіў прадпрымальнікам: хочаце паспяховага бізнэсу - аддавайце дзясятую частку даходу. Гэта рада Бога з Бібліі. Не важна куды аддаваць, лепш нават не на дабрачыннасць, а на міласціну - каб левая рука не ведала, што робіць правая, і куды канкрэтна гэтыя грошы пойдуць, таксама не важна. Мы аддаём іх Богу.
Увогуле, не ведаем, колькі мы трацім на дзяцей, не лічылі! Але нам яны даюць значна больш, чым гэтыя паперкі.
Па матэрыялах katolik-gomel.by