Няма нічога больш цудоўнага, чым міласэрнасць. І хоць сутнасцю дасканаласці з’яўляецца любоў Бога, яна была б немагчымай без любові да бліжняга, і менавіта таму апостал Ян назваў ашуканцам таго, хто кажа, што любіць Бога, але не праяўляе міласэрнасці да бліжняга.
Міласэрнасць з’яўляецца сувяззю братэрства паміж народамі, чуйнай маці, якая ратуе ўсіх, хто пакутуе. Яна з’яўляецца вобразам Божага провіду, таму што бачыць і рэагуе на патрэбы кожнага; але ў першую чаргу яна з’яўляецца адлюстраваннем Божай міласэрнасці, як сказаў Збаўца: "Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6:36). Мы павінны разумець, што выражэнне міласэрнасці з’яўляецца не толькі пажаданым, але належыць да строгіх абавязкаў кожнага хрысціяніна.
Многія людзі маюць няправільнае ўяўленне аб міласэрнасці. Яны думаюць, што іх міласэрныя ўчынкі залежаць толькі ад іх уласнай добрай волі і добрага сэрца. Але насамрэч усё выглядае зусім інакш. Міласэрнасць з’яўляецца не толькі парадай, якую можна выконваць або адкінуць без граху, але непарушальным законам і абавязкам кожнага чалавека.
Ніхто не можа адмовіцца ад выканання такога закону. Гэта вынікае са Святога Пісання, з голасу розуму і з адносін нашага братэрства.
Ужо ў Старым Запавеце цнота міласэрнасці з’яўлялася строгім абавязкам для ўсіх. Мы чытаем у кнігах Маісея: "Я загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, перад бедным і жабраком на зямлі тваёй”.
Яшчэ ў большай ступені абавязак міласэрнасці ўскладае на нас Збаўца. Апісваючы Страшны Суд, Ён укладвае ў вусны Суддзі наступныя словы: "адыдзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным!" (Мц 25:41). Міжволі мы хочам запытацца ў Пана: чаму Ён адштурхоўвае іх назаўжды? Ці былі яны злымі, бязбожнікамі, забойцамі, нячыстымі? Можа быць, але Суддзя не ў гэтым іх абвінавачвае. Адзіная прычына, якая ўзгадваецца - адсутнасць учынкаў міласэрнасці ў адносінах да бліжніх: "бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмаглы, і вы не далі Мне піць; Я быў госцем, і не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і Вы не адведалі Мяне…сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых найменшых, таго і Мне не зрабілі". (Мц 25,42-45).
Пасля гэтых словаў Езуса не трэба даказваць, што міласэрнасць з’яўляецца абавязкам, таму што Бог не можа справядліва пакараць за тое, чаго не загадваў. Цнота міласэрнасці, без сумневу, з’яўляецца запаведдзю, калі ж за яе занядбанне Збаўца пагражае асуджэннем.
Прыродны голас розуму таксама заклікае нас да сведчання міласэрнасці. Усе даброты не з’яўляюцца нашай уласнасцю ў строгім сэнсе гэтага слова, але належаць да Бога, які ў сваёй бясконцай мудрасці размяркоўвае іх не ў роўнай ступені, але нібы здае іх нам у арэнду, каб мы, карыстаючыся, плацілі Яму даніну.
Аддаючы Богу ахвяру з часткі нашых дабротаў, мы ўзгадняем учынкі з нашым сумленнем. Бог гэтыя правы, якія мае адносна нашых уладанняў, перакладае на бедных, якія нібы з’яўляюцца Яго намеснікамі на зямлі і тымі, у чые рукі мы плацім даніну, належную Богу.
З гэтага мы можам зрабіць выснову, якое злачынства робіць багаты чалавек, калі не дзеліцца з бедным. Гэта няўдзячны чалавек, які несправядліва захоўвае тое, што належыць патрабуючым. "Паслухайце вы, багатыя: плачце над бедамі, якія на вас. Багацце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль. Золата ваша і срэбра паіржавела, і ржа іхняя засведчыць супраць вас і з’есць плоць вашу, як агонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні."(Як 5,1-3).
Нарэшце, да міласэрнасці ў стаўленні да бліжніх заклікае братэрства, якое ёсць паміж намі. Усё таму, што мы з’яўляемся адной сям’ёй. Усе мы з’яўляемся дзецьмі Творцы і па праву называем Яго бацькам. Усе мы адкупленыя Крывёю Езуса і прызначаныя да супольнага вечнага шчасця.
Асабліва аб’ядноўвае нас вера і прыналежнасць да Маці на чале з адным Пастырам. Таму Збаўца так настойліва казаў нам пра братэрства, і перад Мукай сваёй маліўся: "Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы. (...) каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а я ў Табе, каб і яны былі ў Нас." (Ян 17:11 і 21).
Паводле матэрыялаў ксяндза доктара Міхала Сапоцькі
Матэрыял сайту grodnensis.by