Гісторыя гэтай дзяўчыны неверагодна прыгожая і складаная адначасова. Яе сіла волі і жаданне рэалізаваць сябе, нават пры пэўных абставінах, прымушае задумацца любога, нават абсалютна здаровага чалавека. Кожную першую сераду кастрычніка ў свеце ўспамінаецца дзень людзей з дзіцячым цэрэбральным паралічом, менавіта таму мы прапануем вам перадрук гэтага інтэрв'ю.
Гэта гісторыя жыцця і перамог Ангеліны Уэльскай, першай беларускай фотамадэлі з дзіцячым цэрэбральным паралічом.
— Ангеліна, распавядзіце, калі ласка, аб момантах Вашага дзяцінства, якія паклалі пачатак фармаванню Вашага характару.
— Распавяду пра радасны ўспамін, бо сумныя сюжэты я не згадваю. Мне было 9 гадоў, і я займалася ў гуртку малявання пры Цэнтры пазашкольнай работы. На занятку я намалявала касцёл свв. Сымона і Алены ў своеасаблівай геаметрычнай манеры.
Тое, што атрымалася, вельмі спадабалася арганізатарам выставы дзіцячага малюнка, якая праводзілася ў Англіі. Яны забралі маю працу ў Вялікабрытанію і нават выплацілі за яе ганарар.
Я была шчаслівая! Мая творчасць была ацэнена дарослымі не толькі ў грашовым, але перш за ўсё ў эстэтычным плане.
А для аўтара, любога чалавека, звязанага з творчасцю, вельмі важнае прызнанне. Мабыць, з гэтага моманту і пачалося фарміраванне маёй асобы, з'явіліся любоў да творчасці, жаданне размаўляць з людзьмі пра тое, што для мяне важна, а галоўнае, адсутнасць страху перад будучыняй і комплексу «я не такая, як усе».
Дзякуй велізарны тым выдатным арганізатарам, якія падарылі дзіцяці веру ў цуд.
— Наколькі я зразумела з папярэдніх інтэрв'ю, Вашы бацькі, асабліва мама, таксама заўсёды выхоўвалі ў Вас упэўненасць — у сабе і заўтрашнім дні…
— Сапраўды, мае блізкія заўсёды былі мне падтрымкай і апорай ва ўсім. Вельмі важна: мяне не шкадавалі, мне дапамагалі.
У мяне прагрэсіўная сям'я, пазбаўленая стэрэатыпаў, асабліва ў дачыненні да людзей з адрознымі магчымасцямі. А таму я заўсёды адчувала сябе паўнавартасным чалавекам, які павінен шмат да чаго імкнуцца і, што галоўнае, можа гэта рабіць, таму што побач тыя, хто любіць.
З мамай мы вельмі блізкія не толькі па крыві, але і па духу. Менавіта яна паспрабавала ўкласці ў мяне мэтанакіраванасць, жаданне дамагацца поспеху ў любых справах і дабрыню да навакольнага свету. Галоўны мамін прынцып — нельга сядзець на месцы, трэба нешта рабіць і проста ісці - у прамым сэнсе гэтага слова.
Мама заўсёды кажа, што наш галоўны абавязак перад сабой — пражыць цікавае жыццё, прысвяціўшы сябе любімай справе і годнай мэце, у якой бы цяжкой сітуацыі мы не апынуліся.
Але самае галоўнае — застацца чалавекам, не азлобіцца, не стаць жорсткім. Менавіта так можна з гонарам выйсці з любых жыццёвых непрыемнасцяў.
— Ведаю, што Вы ў свой час настаялі на тым, каб вучыцца ў звычайнай школе. Чым была абумоўлена такая настойлівасць?
— Мне неабходна было навучыцца зносінам з аднагодкамі і выкладчыкамі ў рамках школы — вялікага калектыву… Трэба было адчуць, што значыць прыйсці на ўрачыстую лінейку з кветкамі і бантамі, сядзець за партай з аднакласнікам, камусьці падказваць, у кагосьці спісваць… Ад гэтых дробязяў, якія будзённыя для ўсіх школьнікаў, я атрымлівала асаблівую радасць. Ну а цяжкасцяў у навучанні я не адчувала і ў цэлым была прынятая добра, за што і цяпер дзякую свайму класнаму кіраўніку і ўсім педагогам, якія прыклалі намаганні для маёй адаптацыі.
Натуральна, не ўсё было гладка. Не буду маляваць ідэалістычнай карцінку і казаць, што ўсе аднакласнікі былі аднолькава тактоўныя і ветлівыя. Некаторыя ігнаравалі, былі і тыя, хто здзекваліся… Але я зла не памятаю! Зло раз'ядае таго чалавека, які яго адчувае.
— Пасля школы Ваш выбар упаў на БДУКМ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва). Чаму вырашылі звязаць сваю прафесію з культурай і мастацтвам?
— Я з дзяцінства слухала ігру мамы на фартэпіяна, класічную музыку, якая заўсёды гучала ў нашым доме, шмат малявала. Гэта лагічна прывяло мяне да паступлення ў творчую ВНУ, якую я скончыла ў 2014 годзе.
Цяпер я паступаю ў магістратуру Акадэміі мастацтваў на спецыяльнасць «тэатральнае мастацтва». Мая мара — стварыць свой прафесійны тэатр моды і драмы, дзе будзе прысутнічаць сінтэз абодвух гэтых мастацтваў. Мяркую, гэта можа стаць новым словам, і яго трэба сказаць! Каб зрабіць гэта, я і сабралася павысіць сваю адукацыю, паступіўшы ў магістратуру.
— А што Вас прыцягнула ў мадэльным бізнесе?
— Стаць мадэллю я вырашыла ў 17 гадоў. На маё рашэнне паўплывалі модныя паказы «Вікторыя Сікрэт» і шоу Тайра Бэнкс «Топ-мадэль па-амерыканску». Тады я, прызнаюся, лічыла сваё цела непрыгожым, не любіла яго, але востра хацела стаць ідэальнай.
Цяпер я ўспрымаю «ідэальнасць» інакш: яна ідзе не праз знешняе да ўнутранага, а наадварот — ад унутранага да знешняга.
Сваё стаўленне да прыгажосці, дасканаласці і свету ў цэлым я перагледзела, толькі прайшоўшы праз рознага роду чалавечыя і прафесійныя выпрабаванні. Сёння я ведаю, што прыгажосць не ёсць «прыгажосць», а недасканаласць - гэта прыкмета сапраўднага жыцця. Мае рухі абывацелі назавуць нязграбнымі. Але калі гэтая нязграбнасць па-свойму мілая, то яна становіцца спецыфічнай гранню прыгажосці, грацыяй іншых рухаў. Дзякуючы новаму разуменню рэчаіснасці я навучылася адчуваць да свайго цела гарманічныя пачуцці, што дапамагае мне пражываць з радасцю кожны дзень і дамагацца перамог у мадэлінгу. За гэта доўгачаканае пераасэнсаванне і прыняцце сябе я і ўдзячная модзе і мадэльнаму бізнесу.
— Ангеліна, распавядзіце, наколькі цяжка зрабіць кар'еру мадэлі з адрознымі магчымасцямі ў Беларусі?
— Шчыра? Гэта вельмі-вельмі-вельмі цяжка! Але тым, хто пойдзе за мной, будзе ўжо лягчэй. Я прайшла праз неразуменне і непрыняцце, каб сёння надзейна займаць сваю нішу як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.
Але ёсць і яшчэ нешта, самае цяжкае для мяне сёння... Гэта чаканне. Мне прыходзіцца вучыцца чакаць. Таму что ад моманту ўзнікнення цікавай моднай ідэі да яе рэалізацыі праходзіць вельмі шмат часу, на жаль. Але мяркую, што і гэтая сітуацыя зменіцца, таму што я ўсталёўваю сувязі з прадстаўнікамі моднага свету. Веру, што гэта дапаможа больш хутка і якасна ажыццяўляць цікавыя праекты...
Каб зрабіцца прафесіяналам у любой справе, неабходна мець амбіцыі, але не ставіць вышэй за ўсё сваё эга.
Спадзяюся, я вытрымліваю гэты баланс. Ён добра мяне стымулюе, таму я веру, што наперадзе новыя поспехі.
— Вы ўжо звыкліся пераадольваць цяжкасці. Напрыклад, развіталіся з інвалідным вазком. Як у Вас гэта атрымалася?
— Я карысталася вазком да 17 гадоў. У гэты момант якраз заканчвала школу і рыхтавалася да паступлення ў ВНУ. Разумеючы, што нашыя навучальныя ўстановы не падыходзяць да вазочнікаў, а дыстанцыйнага навучання ў нас няма, я проста была вымушаная ўстаць на ногі. Гэта трэба было зрабіць, бо іншых варыянтаў дасягнуць сваёй мэты не было.
Праз сілу волі і дзякуючы блізкім я пераадолела гэта, і зараз не карыстаюся вазком — хаджу з дапамогай родных, за руку. Гэта стала магчымым, таму што з дзяцінства мама не давала мне прырасці да вазка, часам ставіла на ногі і хадзіла са мной.
Гэтак мае цягліцы і эмацыйны стан умацаваліся, і сёння я цвёрда стаю на зямлі ва ўсіх сэнсах гэтага слова! (пасміхаецца).
— Усе мы жывыя людзі, у кожнага, бывае, заканчваюцца сілы. Ці былі ў Вашым жыцці моманты, калі хацелася ўсё кінуць і апусціць рукі?
— Пачатыя справы мне ніколі не хацелася кінуць, бо ўсё гэта — мае рашэнні. Частка мяне, маёй душы і майго жыцця. Гэта тое, што дапамагае мне жыць — і жыць з радасцю...
Праз дзесяць гадоў я хачу бачыць сябе жонкай, маці двух дзетак і паспяховай мадэллю, рэалізаваць свой патэнцыял таксама ў якасці тэатральнага крытыка і стваральніка спектакляў у тэатры моды і драмы...
Давайце падумаем: слова "інвалід" даўно ўжо набыла негатыўные адценне, успрымаецца як абраза. Памятаеце хрэстаматыйную фразу з кінафільма «Аперацыя "Ы" і іншыя прыгоды Шурыка»: «Дзе гэты чортаў інвалід?»
Каларытнае слова «чортаў» надае чалавеку з інваліднасцю ўсё самае негатыўнае, што ўвогуле існуе ў свеце. Гэтак вы кажаце пра чалавека, які робіць нешта няякасна, няправільна, проста дрэнна. І гэта значыць, што чалавек з інваліднасцю таксама ўсё робіць няякасна і дрэнна. Хоць гэта зусім не так!
Паняцце «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі» гучыць больш карэктна, але таксама недастаткова поўна адлюстроўвае рэчаіснасць, таму што сучасная культурная сітуацыя валодае ўнікальным тэхналагічным патэнцыялам па ўключэнні такіх людзей у актыўную прастору.
Напрыклад, у Ізраілі вырабляюць легкавыя машыны, якімі здольны карыстацца чалавек у інвалідным вазку, нават калі ў яго рухаецца толькі галава і ёсць толькі пара пальцаў на адной руце. У такой машыне няма руля, яна кіруецца джойстыкам і кнопкамі. Выкарыстоўвачы такую машыну, чалавек ужо не залежыць ад іншых, для яго ўжо няма межаў. Без чужой дапамогі ён здольны даставіць сябе сам у патрэбнае яму месца. Пасля гэтага нельга назваць ягоныя магчымасці абмежаванымі.
Атрымліваецца, што гэта грамадства абмежавала чалавека ў рэалізацыі ўласнага патэнцыялу, стварыўшы "бар'ернае" асяроддзе.
У нашай краіне людзей з інваліднасцю будуць яшчэ доўга называць «людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі», таму што гэта зручна, так лягчэй для ўсіх «неінвалідаў». Таму што прасцей у межах дабрачыннасці аказаць матэрыяльную дапамогу, чым намагацца ўбачыць талент у такім чалавеку і даць развіцца ягонаму патэнцыялу.
І тут я павінна заўважыць, што кожная краіна, кожная дзяржава, якая ў поўнай меры не выкарыстоўвае патэнцыял людзей з незвычайнай індывідуальнасцю, робяць сябе бяднейшай!
Паводле tut.by