Пра святога, аб якім пойдзе гаворка сёння ў нашай рубрыцы, Ян Павел ІІ падчас кананізацыі сказаў так: “Джузэпэ Маскацці з’яўляецца канкрэтным увасабленнем хрысціянскага ідэалу свецкага чалавека.”
Кім быў гэты святы? Як пражыў сваё зямное жыццё і чаму стаўся прыкладам для свецкіх хрысціян, а асабліва для медыкаў?

 

Джузэпэ Маскацці нарадзіўся  ў 1880 годзе на поўдні Італіі ў сям’і, дзе было 9 дзяцей. Бацька быў вельмі вядомым і добрым юрыстам Неапаля. Сям’я была веруючай, часта наведвала Касцёл, і дзеці выхоўваліся на моцным хрысціянскім фундаменце.

Так паволі Эўхарыстыя і Сакрамэнты становяцца для маленькага Джузэпэ той апорай, якая і стане сакрэтам яго святасці.  З дзяўчат сям’і Маскацці выжыве толькі Ніна, якая да канца жыцця будзе дапамагаць брату і стане яго правай рукой, а сама перажыве Джузэпэ толькі на 4 гады.

Жыццём Маскацці стане медыцына і дапамога хворым. Скончыўшы выдатна універсітэт, працягваў развівацца, працуючы ў свеце навукі  і практыкуючы медыцыну  ў бальніцы. Гэты ўрач меў цудоўны дар ставіць правільны дыягназ і сваім падыходам падбадзёрваць хворых.

8 красавіка 1906 года адбылося вывяржэнне вулкана Везувія, і гэты дзень стаўся вельмі трагічным у гісторыі Неапаля. Пад пагрозай знішчэння аказалася адна з бальніц горада, дзе быў прытулак для паралітыкаў і хворых, якія  рухаліся з вялікімі цяжкасцямі. Маскацці да апошняга дапамагаў людзям пакінуць шпіталь і адбыўся цуд – дах, ахоплены полымем абрынуўся толькі тады, калі вынеслі са шпіталя апошняга хворага.

Працягваючы навуковую працу, здаючы экзамены і  праводзячы даследванні ў галіне медыцыны, Маскацці становіцца адным з самых вядомых урачоў Неапаля. Натоўпы студэнтаў праводзяць з ім дні, каб хоць трохі пераняць майстэрства і талент урача.

Падчас Першай сустветнай вайны Маскацці  просіцца на фронт, але па рашэнні ўлад Неапаля вядучаму і таленавітаму медыку было адмоўлена, ён павінен быў заставацца ў горадзе. Падчас вайны ў госпіталі прафесар Маскацці прыме больш за 3000 салдат, якім будзе аказваць не толькі медычную дапамогу, але і адносіцца да кожнага з любоўю і ўсёй душой.

Маючы шмат навуковых даследванняў, якія былі таксама выдадзены і сталіся папулярнымі ў свеце медыцыны, усе ж такі ад пастаяннай выкладчыцкай дзейнасці Джузэппэ Маскацці адмаўляецца, каб цалкам прысвяціць свой час хворым і перадаць практычныя веды маладому пакаленню медыкаў. Бальніца становіцца яго домам, яго вялікай любоўю, яго ахвярай.

“Усё магу ў Тым, хто ўзацняе мяне!” – так адказваў Маскаці на пытанне, адкуль ён бэрэ столькі сілаў і любові, каб аддаваць сябе хворым, студэнтам і бедным.

Дарэчы, бедныя прыходзілі да Маскацці, і ён ніколі не браў грошы за візіт, а наадварот, выпісваючы рэцэпт, часта клаў і грошы на набыццё лекаў. Штодзённая св. Імша і св. Камунія на пачатку дня былі моцай ўрача, якога ўжо пры жыцці называлі святым.
 
Праводзячы амаль манаскае жыццё, славуты ўрач Неапаля шмат часу праводзіў на малітве, падтрымкай ў яго жыцці і апостальстве сталася родная сястра Ніна
Нягледзячы на славу, агульнае прызнанне, шмат працы, Маскацці быў вельмі бедным ўрачом. Хаця мог бы мець ўсе матэрыяльныя багацці, калі б толькі пажадаў. Усе сучаснікі сцвярджалі, што Маскацці ніколі не залежала на грашах, і больш абавязкам і клопатам сястры  была хатнія выдаткі і гардэроб брата. Заробленыя грошы Маскацці раздаваў бедным.

12 красавіка 1927 пасля штодзеннай Святой Імшы і працы ў бальніцы, славуты ўрач Неапаля памрэ ад сардэчнага прыступу, маючы толькі 46 год. Гэтая навіна абляціць Неапаль вельмі хутка і станецца асабліва для бедных матывам для жалобы, бо так неапальскія бедныя страцяць свайго вялікага дабрачынца.  

Праз 3 гады пасля смерці арцыбіскуп Неапаля па просьбе верных і духавенства прыме рашэнне перавезці труну Джузэпэ Маскацці з могілак ў адзін з цэнтральных Касцёлаў горада. Праз 45 год 16 лістапада 1975 года Джузэпэ Маскацці быў далучаны да ліку благаслаўлёных, а 25 кастрычніка 1987 года быў кананізаваны Янам Паўлам ІІ.

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы