У Мінску адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы, перспектывы”. Па запрашэнні арганізатараў – каталіцкага дабрачыннага таварыства “Карытас” - у межах мерапрыемства тэарэтыкі і практыкі ў дадзенай сферы шукалі адказы на тыя пытанні, што стаяць перад сучаснай прыёмнай сям’ёй.

Прымалі ўдзел таксама і самі ўсынавіцелі і прыёмныя дзеці.

Знаёмцеся, Ганна Блажукевіч – выхаванка з прыёмнай сям’і ў Багданава. Каталіцкія СМІ даволі шмат ўвагі надзяляюць гэтай незвычайнай сям’і, дзе прыёмнай мамай 11 дзяцей з’яўляецца Алена Дварэцкая. Яна, дарэчы, належыць да Інстытута кансэкраванага жыцця св. Тэрэзы.
Жыццярадаснай абаяльнай Ганне 27 год, яна шчаслівая жонка і мама 1,5-гадовай Марыі. Ганна з радасцю пагадзілася падзяліцца сваім жыццёвым вопытам і сваім бачаннем прыёмнай сям’і, дзе сама і была выхавана. 

Прыёмная сям’я:  жыццё да і пасля

Мне было 12 год, калі мая сям’я – мама, айчым, маленькі брат і я пераехалі ў Беларусь. Я грамадзянка Расіі і застаюся ёй па сённяшні дзень. Бацькі пілі, нідзе не працавалі.  А калі мне было 14, мы з братам трапілі ў прыёмную сям’ю .

Сястра на той час “спецыялізавалася” ў іншай галіне – у доме пры касцёле  было 4 бабулькі, якіх яна даглядала, і таму нам вельмі пашанцавала, што яна згадзілася ўзяць нас да сябе.

Што было абсалютна новым, калі я прыйшла да маёй прыёмнай мамы? Скажу шчыра, мы раней жылі на вуліцы, і нешта банальнае, як напрыклад зайсці ў чысты, утульны дом і абуць тапачкі – гэта было новым. Усюды чысціня, парадак, рэжым дня. Многім бытавым рэчам трэба было вучацца ад пачатку і сёння гэта дае сваё добрыя плёны.  Дарэчы, нягледзячы на абавязкі – кожны дзень ёсць  пэўны час на малітву. Для мяне гэта спачатку было абавязкам, а пасля сталася патрэбай душы. Малітва – раніцай, вечарам, разам на каленках – стала таксама і для маёй уласнай сям’і сёння ключавым момантам дня.

Давер, любоў і сэрца адкрытае на ўсіх

Напачатку мяне здзіўляла, наколькі сястра Лена мне давярала. Ды і не толькі мне. Яе вялікае сэрца, здаецца, не падуладна расчараванням у людзях.
Тая любоў, якая змяніла мой шлях,мой свет, мяне і ўсіх нас, хто прыйшлі пасля ( у прыёмнай сям’і выхоўваліся 11 дзетак)  была такой натуральнай у яе стаўленні, у прыняцці кожнага з нас, што сэрца растоплівалася. Гэта больш, чым матэрыяльныя рэчы, чым дабрабыт.

І вялікая вера, з якімі яна перажывае праблемы. Увогуле, гэтыя 2 чалавекі  - сястра Лена і сястра Тэрэса – гэта прыклад для нас на ўсё жыццё. 

Сямейныя традыцыі

Таксама прыёмная мама выхоўвала нас у духу ўзаемнай дапамогі, як гэта і павінна быць у сям’і. Напачатку нас было 3, а пасля пачалі яшчэ прыбывваць дзеці. З’яўленне кожнага новага дзіцяці абмяркоўвалася на сямейных радах, было пачута меркаванне кожнага. І прыезд  дзіцяці станавіўся радасцю, бо хто, як не мы, ведалі, адкуль і з якіх ўмоў прыходзяць новыя дзеці. Нам хацелася зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім як найхутчэй  забыцца тое страшнае жыццё, што засталося, на шчасце, ўжо ў мінулым,  і адчуць любоў і што такое сям’я.

Менавіта гэтая любоў і клопат адзін да аднаго – тое важнае, чаму вучыць нас мама Лена. А вучыць не столькі словам, колькі прыкладам – акрамя нас, заўсёды ў яе хапае часу на дапамогу  суседзям, шматдзетным, цяжкім сем’ям з Багданава, састарэлым  і пакінутым людзям.

Яна засталася для мяне самым вялікім аўтарытэтам. Сястра Лена кажа, што гэта наш дом і так і будзе заўсёды . Я часта тэлефаную ёй, прашу параду.
Таксама як старэйшая, хачу быць прыкладам для меншых дзяцей, на святы сустракаемся разам, падбіраем з мужам для іх падарункі. І заўсёды радасна вяртацца дадому, дзе нас чакаюць і любяць. 
І што мяне часам здзіўляе – калі дзеці пытаюцца парады менавіта ў мяне. Гэта радуе, але і напіманае пра адказнасць перад імі.

Аб марах

Мы яшчэ маладая сям’я, выхоўваем маленькую дачушку.Зараз жывем ў інтэрнаце, ў невялікім пакойчыку 15 м2, але ў марах і планах, якія пачынаюць памалу рэалізоўвацца – будова свайго ўласнага дома. І я ўжо зараз кажу мужу – давай усыновім дзіця, давай як некалі мне, падорым некаму шчасце жыць ў сям’і і быць каханым.



Размаўляла Ганна Страшкевіч 



 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы