Сёння мы пачынаем новую рубрыку – “Знаёмцеся, гэта – “Карытас”.

Агульнавядома, што дабрачынная дзейнасць у Каталіцкім Касцёле прадстаўлена таварыствам “Карытас”, што на Беларусі яно распачало сваю працу разам з адменай забаронаў на вызнаванне рэлігіі, што арганізацыя нясе дапамогу ўсім, каму яна вельмі патрэбна, не зважаючы на палітычныя, рэлігійныя і нацыянальныя погляды.

За гэтай дзейнасцю, як і за кожнай іншай, стаяць канкрэтныя людзі. Чым яны жывуць, якія прыярытэты ставяць і дзе знаходзяць сілы на штодзённую працу –дапамагаць тым, каму цяжка, каму няма да каго звярнуцца?


Знаёмцеся – “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі

Зусім надалёка ад пабудаванай нядаўна віцебскай катэдры ў ціхім спальным мікрараёне – на вуліцы Чкалава, 52 – знаходзіцца офіс дыяцэзіяльнага “Карытас”. Утульны, цёплы і вельмі гасцінны. І, вядома, не таму, што там беражліва падтрымліваецца ўсё пасля рамонту, а таму, што душа арганізацыі – гэта самі людзі.

Знаёмцеся – дырэктар Віталій Кульпекша, каардынатары праектаў Антаніна Палінская, Аліна Сарокіна, галоўны бухгалтар Святлана Семухіна – вось такі невялікі калектыў у 4 чалавекі.

Важнай і неад’емнай часткай Віцебскага “Карытаса” з’яўляецца клуб дзённага прабывання інвалідаў “Бэтэль”. Адчыняеш дзверы офіса – і нібыта трапляеш у іншы свет, напоўнены эмоцыямі, творчасцю і, канечне, цеплынёй. Сюды, як да сябе дамоў, штодзённа прыязджаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.


Ад 1999 года да сённяшняга дня: гісторыя і планы на будучыню

“Гісторыя Віцебскага “Карытас” пачалася разам з заснаваннем Віцебскай дыяцэзіі ў канцы 1999 года. За гэты час шмат што змянілася: мы расцём, наладжваем новыя накірункі працы і робім больш трывалымі тыя, што ўжо сталі добрай традыцыяй. Так, напрыклад, адным з прыярытэтных накірункаў працы “Карытас” у Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца дапамога інвалідам, – расказвае дырэктар Віталій Кульпекша. –Калі нарадзілася ідэя заснаваць клуб для людзей з абмежаваннямі “Бэтэль”, сацыяльных цэнтраў для дзённага прабывання інвалідаў у горадзе не было, ды і для нас вельмі важна, каб гэтыя людзі  адчувалі сябе як дома”.

“Адной з задач на будучыню  мы бачым развіццё парафіяльных “Карытас”, – дзеліцца планамі Віталій Кульпекша. –На сённяшні дзень у Віцебскай дыяцэзіі іх 6 – Браслаў, Глыбокае, Лепель, Лынтупы, Міёры, Орша. І тут хацелася б заахвоціць саміх парафіянаў да такіх ініцыятыў. Мы адчуваем вялікую падтрымку пробашчаў парафій, але і разумеем неабходнасць таго, каб самі парафіяне імкнуліся адгукнуцца на заклік “Будзьце міласэрнымі!” і сведчылі аб сваёй веры канкрэтнымі ўчынкамі ў адносінах да патрабуючых”.
“Шмат гаворыцца зараз і пра тое, што настаў час адраджаць традыцыі дабрачыннасці ў беларускім грамадстве, – працягвае дырэктар, – і мы адчуваем адказнасць за тое, што самі павінны быць прыкладам. Але калі бачыш столькі бедаў – разумееш, што дапамагчы ўсім немагчыма.  Хоць няспынна адчуваецца Божая апека, якая і дапамагае ісці наперад ”.


Пра калек
тыў і дух каманды

Святлана Семухіна працуе бухгалтарам і хоць шчыра кажа, што напрамую бедным не дапамагае, але мы ўсё ж ведаем, з якой колькасцю папераў даводзіцца працаваць штодня бухгалтэрыі. Кожны праект павінен быць зацверджаны ў многіх установах да таго, як пачне існаваць.
А яшчэ Святлана дзеліцца сваімі думкамі пра тое, што адметны дух каманды ствараецца не толькі дзякуючы супольным ідэям, прынцыпам і місіяй арганізацыі – добрую атмасферу падтрымлівае кожны супрацоўнік “Карытаса”. Канечне, як і ў любым калектыве, тут ёсць традыцыя віншаванняў на Дзень нараджэння, на самыя вялікія святы, але, акрамя гэтага, ёсць і супольныя хоббі, супольны час па-за працай. Так, напрыклад, прыгожая традыцыя адзначаць Свята Божага Нараджэння, запрашаючы па чарзе да сябе дадому калег з працы. Гэта не толькі яднае калектыў, але і па-сапраўднаму грэе сэрцы.

 


Пра клуб “Бэтэль”, вялікіх дзяцей і пра радасць быць побач з інвалідамі

Ідэя клуба “Бэтэль” простая і прыгожая – стварыць для інвалідаў месца, дзе яны будуць развівацца і адчуваць сябе як дома. Дарэчы, з яўрэйскай мовы Betel перакладаецца “дом Божы”. Штодзённа гэты клуб адкрыты ад 11 да 15 гадзіны. Праграма прабывання прадугледжана так, каб у 11 гадзін людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі падсілкавацца ў сталовай побач, а пасля з новымі сіламі працягнуць свой дзень у творчасці, размовах, праглядзе тэлевізара, занятках у камп’ютарным класе.

“Прыблізна  гэта 40 чалавек, з якімі мы разам расцём, развіваемся. Так-так, мы таксама расцём, паверце вы мне, – упэўнівае Зоя Каршунова, спецыяліст па сацыяльнай працы клуба “Бэтэль”.
“І сапраўды, за 10-гадовую працу ў клубе (а менавіта столькі ён адзначае ў гэтым годзе) у мяне было шмат цяжкіх момантаў, якія падштурхоўвалі да самаразвіцця. Хоць наведвальнікам клуба ўсім ужо за 18, яны вялікія дзеці і застануцца імі назаўсёды – гэта трэба прыняць. Усе прыходзяць з рознымі дыягназамі, наша задача – не лячыць іх, бо мы не медыцынская ўстанова.Мы намагаемся зрабіць так, каб яны адчувалі сябе як дома… Ведаеце, гэта вялікая радасць, калі яны, няхай сабе і павольна, але вучацца і прагрэс ад гэтага бачны.

Можна шмат размаўляць, да чаго яшчэ павінна дарасці нашае грамадства, каб належныя ўмовы жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі былі створаны”.

 

 

Алена Заека, супрацоўніца  клуба,падтрымлівае размову, апавядаючы, як з мастацкай адукацыяй пасля адпрацоўкі размеркавання, прыйшла ў “Бэтэль” спачатку як валанцёр, а пасля не змагла ўжо сысці.
А “вялікія дзеці” побач наперабой хочуць паказаць свае працы і пакінуць з імі здымак напамяць. Дарэчы, адзін з малюнкаў – гэта партрэт сацыяльнага педагога Алены. Бачна, як яна ім ганарыцца.

“Шмат момантаў мы перажываем разам: гэта і штодзённыя сустрэчы, і святы (на Вялікдзень і на Каляды ладзяцца адметныя мерапрыемствы), і сустрэчы за піцай, і дыскатэкі. Перажываем разам таксама адыход тых, хто больш ніколі ўжо не вернецца…
Спачатку было цяжка, але з часам праз малітву, праз тую моц, што табе дае Бог, разумееш, што вось яно, шчасце, – у самааддачы, служэнні і самарэалізацыі”.


Дабрачыннасць: пакліканне ці праца?

У Антаніны Палінскай, каардынатара праектаў Віцебскага “Карытаса”, стаж працы налічвае 8 год. Спачатку гэта было валанцёрства. Калі парафіі ў Віцебску былі патрэбны людзі для ініцыятыў для дабра патрабуючых, то Антаніна з сям’ёй (мужам і сынамі) заўсёды спяшалася быць карыснай.
 Праз нейкі час “Карытас” пачаў шукаць супрацоўнікаў і ёй як актыўнаму валанцёру прапанавалі месца сталай працы. Антаніна думала, і на сямейнай радзе было прынята рашэнне прапанову прыняць, “бо гэта праца адметная, для душы, і хай сабе з фінансамі будзе цяжэй, нічога, пражывём”.

Расказваючы пра праекты, Антаніна і сёння не хавае эмоцый– бачна, што яны праходзяць праз душу і сэрца. “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі таксама шмат дапамагае бальніцам, дамам-інтэрнатам і псіханеўралагічным дыспансерам. Перадаць словамі тое, што там можна ўбачыць, вельмі цяжка – тут і твары з абыякавымі да жыцця, пустымі позіркамі, і пакінутасць, і самотная старасць. Дапамагаюць Антаніне  аптымізм, і, канечне, вера, духоўная падтрымка ў супольнасці “Хатні Касцёл”.

“Ведаеце, працуючы з рознымі людзьмі, я таксама ўпэўнілася, што ўсе мы аднолькавыя, нават тыя, каго завуць абмежаванымі. Прывесці прыклад? У клубе “Бэтэль” мы аднойчы вырашылі разам навыперадкі плесці фенечкі (ад аўтара: працы з бісера – проста шэдэўр клуба) – і здагадайцеся, хто прайграў? Я, таму што ў мяне няма столькі цярплівасці. Гэтыя людзі нас таксама многаму вучаць, дапамагаюць зусім па-іншаму паглядзець на жыццё, і я ім удзячна.”


Пра самую “дарагую” шакаладку як знак удзячнасці за працу

“Серада для мяне асаблівы дзень, – працягвае размову каардынатар праектаў Аліна Сарокіна, –бо ў гэты дзень пры парафіі св. Антонія ў Віцебску працуе сацыяльны цэнтр для тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі”.
Ад пачатку сваёй працы (а гэта амаль 7 год) Аліна займаецца таксама і дапамогай такім людзям. “Ёсць дзяржаўная ўстанова для гэтай катэгорыі людзей, дзе яны могуць пераначаваць,  але да каго звярнуцца за гарачай ежай і элементарным – адзеннем, абуткам. Часам прыходзяць зімой у басаножках, тады разумееш, што менавіта мы і павінны дапамагчы. Нас працуе некалькі чалавек: дзякуючы кулінарнаму майстэрству сястры Разаны Стружынскай (Сёстры Служабнічкі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі), у халодны час кожны можа атрымаць талерку смачнага супа-пюрэ, а ксёндз Алег Буткевіч дапамагае ў душпастырстве гэтых людзей.
Ясна, што бедныя прыходзяць адусюль – ёсць тыя, якіх ведаеш гадамі, і застаецца рытарычным пытанне, як дапамагчы ім змяніць стыль жыцця. Але тое, што гэтых людзей трэба забяспечыць самым неабходным – ежай і адзеннем, не выклікае сумніву”.

Некаторыя прыходзяць адразу з вязніцаў,агрэсіўнымі і азлобленымі, але “ігумення”, “матушка”, “сястра”, як часта завуць Аліну падапечныя, такіх бачыць нашмат менш. Яна з усмешкай апавядае, што на вуліцах горада сустракае сваё “кола знаёмых”, а яшчэ – пра шакаладку, атрыманую з кішэні бруднага адзення, і такую дарагую, бо куплена на апошнія грошы ў знак удзячнасці.

 

“Застаецца дылемай, як змагацца з вострымі праблемамі грамадства. Усім не дапаможаш, але балюча бачыць, калі людзі апынуліся ў такіх ўмовах, калі перасталі змагацца за існаванне”, – дадае Аліна.

“ Паўстаюць розныя ініцыятывы па барацьбе з сацыяльнымі праблемамі: напрыклад, у Лынтупах пры “Карытасе” заснаваны араторый, дзе дзеці з “цяжкіх”сем’яў могуць прыйсці пасля школы на абед, на развіваючыя курсы, на кансультацыю псіхолага. І, спадзяёмся, што вось такімі ініцыятывамі паволі можна штосьці змяніць.”

“Канкрэтныя выпадкі радуюць сэрца і напаўняюць надзеяй: адна з жанчын нашага сацыяльнага цэнтра вярнулася з турмы, зацяжарыла, і шмат працы было зроблена, каб ёй дапамагчы. Сёння жыццё гэтай жанчыны наладжваецца: нарадзіўшы двойню, яна атрымала інтэрнат, стала парафіянкай, а мы, супрацоўнікі “Карытаса”, радуемся разам з ёй таму, што яна ідзе наперад, радуемся кожнаму новаму дасягненню ў жыцці яе дзетак”, – апавядае Аліна.

Аліна дзеліцца сакрэтам сваёй моцы: гэта малітва і тое адчуванне душы, калі робіш добрыя справы для бліжніх.

 І хай гэтай веры, гэтай моцы хапае на многія-многія гады ўсім супрацоўнікам “Карытас”.

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы