Сёння 22 кастрычніка ўспамін благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які зусім хутка, у Нядзелю Божай Міласэрнасці 2014 года,  будзе абвешчаны святым і размова ў нашай рубрыцы пойдзе менавіта аб ім.

 

“У тварах бедных я бачу твар Хрыста”. І такі падыход гэтага Вялікага Пантыфіка абумоўліваўся не тэорыяй, але жыццёвым вопытам, які прыйшлося перажыць у маладосці падчас нацысцкай акупацыі, падчас камуністычнага рэжыма, бачачы голад, боль, нястачу і несправядлівасць.

Напачатку як святар, пасля як біскуп, Караль Вайтыла, а пасля і як Папа на працягу свайго 27-гадовага Пантыфікату, ён атуляў пастырскім клопатам патрабуючых – гэта і шматлікія прамовы, і дакументы, і падарожжы, і спантанныя жэсты любові:


Непадалёку ад Ватыкана на вуліцы, якая вядзе наўпрост да базылікі св. Пятра, у начны час заўсёды знаходзіцца шмат бяздомных. Аднаго разу ў адным з гэтых патрабуючых біскупы распазналі святара, які пакінуў сваё служэнне 17 год таму.  Яго запрасілі на аудыенцыю і аб гэтым паінфармавалі Папу. Напрыканцы аудыенцыі Ян Павел ІІ паклікаў гэтага чалавека і папрасіў аб Сакрамэнце Споведзі… Сведкі гэтай размовы расказваюць, як на вачах гэтага бяздомнага праступілі слёзы. Пасля споведзі Папа прамовіў да яго: “Бачыш, якім вялікім дарам з’яўляецца святарства. Не змарнуй яго!”

Гэты факт апісаны ватыканістам Марко Тасацці у выданні « 99 пытанняў аб Вайтыле». Той жа аўтар ўспамінае аб яшчэ адным факце, які меў месца быць і які таксама падкрэслівае пастырскую ўвагу польскага Пантыфіка да бедных. Падчас цырэмоніі адкрыцця Юбілейнага 2000 года каля Папы прысутнічалі прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі – Ч’ямпі і таксама быў запрошаны  адзін неапалетанец 34 год без пэўнага месца жыхарства, які жыў у Рыме і кожную ноч засыпаў на “ложку” з картону.

Зрэшты, такія факты любові да бліжняга, да самых бедных можна знайсці і ў біяграфіі маладога Вайтылы. Яшчэ працуючы на фабрыцы, ён не раз прыходзіў зімой без паліто, бо па дарозе на працу знаходзіў кагосьці, каму яно было патрэбным.

Калі малады святар Караль Вайтыла працаваў у Кракаве, у парафіі св. Фларыяна, адзін раз спяшаючы ў касцёл, сустрэў босага беднага, якому і падарыў свае боты. Вось-вось пачыналася святая Імша і тады на дапамогу прыйшоў закрысціянін, які пазычыў свае на час цэлебрацыі.

А вось яшчэ адзін факт з кнігі Марко Тасацці: падчас свайго апостальскага падарожжа  ў  Рыа-дэ-Жанэйра Папа быў моцна ўражаны беднасцю адной сям’і з трушчобаў. Ян Павел ІІ зняў з пальца пярсцёнак, што быў уручаны Паўлам VI падчас кардынальскай намінацыі,  і аддаў яго маці гэтай сям’і.

Увага да бедных, заклік да адмовы ад ўласнага эгаізму, што з’яўляецца адной з першых прычын беднасці, годнасць чалавечай працы – ключавыя тэмы прамоў Папы і сацыяльных энцыклік (Laborem Exercens,  la Sollicitudo rei socialis, Centesimus annus), пасланняў на Вялікі Пост.

Падчас сваіх апостальскіх візітаў Ян Павел ІІ імкнецца таксама наведваць тыя месцы, дзе годнасць чалавека скажоная беднасцю. Напрыклад, вядомы на ўвесь свет здымак Папы у касцы шахцёра сведчыць менавіта аб салідарнасці Пантыфіка з тымі, хто штодзённа рызыкуе сваім жыццём.

"Папа тых, хто не мае голасу" – так яго назавуць журналісты, пасля вядомай прамовы ў 1980 годзе « Я голас тых, хто не мае голасу: голас бязвінна загінуўшых, якія не мелі хлеба і вады; голас бацькоў, якія бачылі смерць сваіх дзяцей і не разумелі чаму, і тых бацькоў, якія заўсёды будуць бачыць у сваіх дзецях наступствы пакут голаду; голас  будучых пакаленняў, якія не павінны жыць з жахлівай пагрозай уласнага існавання”

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы