Св. Вінцэнт дэ Поль, які па праву лічыцца самым вялікім рэфарматарам спраў міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле, нарадзіўся ў Францыі 24 красавіка 1581 года і быў трэцім дзіцём у вельмі беднай сялянскай сям’і.
Так склаўся лёс, што разумнага неардынарнага хлопчыка ўбачыў адзін з мясцовых адвакатаў, які са згоды бацькоў накіруе Вінцэнта дэ Поля на вучобу ў Дакс, а пасля ў Тулузу на вывучэнне тэалогіі. Вінцэнт дэ Поль атрымаў святарскія пасвячэнні, маючы 19 год.
Падчас аднаго з марскіх падарожжаў карабель, дзе знаходзіўся малады святар, быў захоплены піратамі, і ўсе пасажыры былі праданы ў рабства ў Туніс. Час палону прыпадае на 1605 – 1607 гады. Адтуль Вінцэнту ўдалося ўцячы разам са сваім гаспадаром, які выказаў жаданне прыняць хрысціянства.
Хоць напачатку святар і марыў аб паспяховай кар’еры, тым больш, што яго сям’я пасля смерці бацькі ледзве зводзіла канцы з канцамі, паволі думкі аб матэрыяльным адыходзяць і глыбокаму духоўнаму станаўленню спрыяюць сустрэчы з вялікімі прапаведнікамі таго часу, як, напрыклад, св. Францішкам Сальскім.
На працягу наступных 10 год Вінцэнт дэ Поль выконвае абавязкі душпастыра ў сям’і вядомага генерала Гандзі, дзе святару давялося сутыкацца з даволі рэзкай мяжой паміж тым, як жылі багатыя і бедныя французы таго часу. З аднаго боку была раскоша сярод багатых, якія мелі матэрыяльныя даброты і таксама больш духоўных магчымасцяў развівацца і бедныя, якія акрамя ўбогасці, няграматнасці жылі без надзеі на будучыню, прыгнечаныя праблемамі. Маладому святару Вінцэнту праз мецэнатаў удалося нават знайсці магчымасць матэрыяльна забяспечваць усім неабходным прапаведніка для бедных, але не было ахвотных.
Так нараджаецца ідэя стварыць групу святароў, якія будуць служыць бедным, што ў будучыні будзе рэалізавана праз стварэнне законнай супольнасці Місій называныя таксама лазарыстамі.
Жыццёвы вопыт кардынальна зменіць свядомасць святара, які вырашыць у 1617 годзе прысвяціць сваё жыццё хворым і бедным. Пры фінансавай дапамозе сям’і Гандзі Вінцэнт дэ Поль пачынае многія дабрачынныя ініцыятывы на карысць патрабуючых.
Вінцэнт дэ Поль пачынае душпастырскую працу ў адной з парафій Парыжа. Вельмі хутка пасля распачацця працы святару паведамілі аб адной сям’і, дзе ўсе хварэлі без неабходных сродкаў і годных умоў жыцця. На заклік пробашча адгукнулася ўся парафія, але вядома, што такая “аднаразовая”дапамога не дапамагла ў цалкавітым рашэнні праблемы. Адсюль і пачынаецца ідэя аб стварэнні супольнасці ў парафіі, якая б апекавалася над тымі, каму патрэбна дапамога, а некаторыя бачаць тут прататып арганізацыі “Карытас”, якая пачне сваю працу праз 2 стагоддзя.
Таксама св. Вінцэнт бачыў перад сабой мэту удасканальваць адукацыю святароў. Паводле яго задача святара – не толькі казаць пропаведзі, але каанкрэтная пастырская дзейнасць, накіраваная на вырашэнне праблем як духоўных, так і матэрыяльных сярод насельніцтва. Місіянерская праца прадугледжвала таксама неабходную пастырскую працу з беднымі, сіротамі, ўдовамі, цэнтрамі пры парафіях пад назвай “Міласэрнасць” і таксама ўзаемную дапамогу і наладжаную працу сярод парафіян.
Цікавы той факт, што некалькі месяцаў святар працаваў ў Арсе, у той самай парафіі, дзе праз 2 стагоддзі будзе працаваць св. Жан Марыя Віянэй.
Св.Вінцэнтам дэ Полем была заснавана жаночая законная супольнасць Дачок Міласэрнасці, якія інакш называюцца Сёстры св. Вінцэнта дэ Поля альбо шарыткі, мэтай якой з’яўляецца дапамога бедным и хворым.
Адным з новаўвядзеннем св. Вінцэнта было таксама распачацце душпастырства вязняў.
Такая актыўнасць прынясе вядомасць св. Вінцэнту, нават французскі кароль Людовік ХІІІ паклікаў святара на пасаду свайго дарадчыка
Таксама сваім служэннем гэты святар далучыўся да справы адновы рэлігійнага жыцця. На працягу многіх гадоў быў членам Каралеўскай Рады – так званай Рады Сумлення, на якой разглядаліся ўсе касцёльныя справы. Займаючы высокае становішча, ён заставаўся вельмі простым і сціплым.
Памёр у 1660 годзе ва ўзросце 79 год. Беатыфікаваны ў 1729 годзе, канізаваны у 1737 годзе. Папа Леон ХІІІ абвясціў св. Вінцэнта апекуном усіх спраў міласэрнасці у Каталіцкім Касцёле. Таксама з’яўляецца патронам ўсіх дабрачынных арганізацый Каталіцкага Касцёла, лазарыстаў, шарытак, дабрачынных устаноў, бальніц, вязняў. Літургічны успамін прыпадае на 27 верасня.