18 лістапада 2020 г. адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным Карытас і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі (МГІРА) у рэжыме онлайн.
Таццяна Іванаўна Мароз, рэктар МГІРА, выказала ўдзячнасць за тое, што папярэднія дамоўленасці могуць быць зафіксаваныя ў выглядзе пагаднення аб супрацоўніцтве, і запэўніла, што ўзначаленая ёю вышэйшая навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі, «паколькі ў справе дапамогі розным слаям насельніцтва, у тым ліку неабароненым, вельмі важна, каб такое цеснае партнёрскае ўзаемадзеянне дапамагала вырашаць праблемы і выходзіць на больш высокі ўзровень якасці жыцця тых людзей, якім неабходна дапамога ў працаўладкаванні, навучанні". Яна таксама выказала гатоўнасць аказаць з боку інстытута метадычную дапамогу ў рэалізацыі праекта і надзею на плённае супрацоўніцтва.
"Няхай усё, што мы робім у рамках праекта, пойдзе на карысць тым людзям, для якіх гэта арганізавана, – адзначыў дырэктар Нацыянальнага Карытас ксёндз Віталій Дабраловіч, – самае асноўнае – скараціць колькасць тых, хто мае патрэбу ў ежы і вопратцы, сумесна дапамагчы маладым людзям самастойна забяспечваць сябе, мець годную будучыню. Важна ў гэтым праекце – навучыць, дапамагчы камусьці працаўладкавацца, а камусьці знайсці магчымасць самазанятасці».
Наталля Васільеўна Глухоўчэнка, нацыянальны каардынатар праекта YES!, звяртаючыся да кіраўніка МГІРА, выказала надзею на тое, што пры падтрымцы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі будуць падрыхтаваны праграма і метадычныя матэрыялы для павышэння кваліфікацыі 50+ трэнераў для наступнай прафарыентацыі моладзі. У метадычны комплекс будзе ўключаны атлас новых актуальных прафесій у адпаведнасці з мэтамі ўстойлівага развіцця. Слухачы гэтай праграмы атрымаюць пасведчанні дзяржаўнага ўзору аб павышэнні кваліфікацыі. Яна таксама падкрэсліла, што Праект YES! стане пляцоўкай для навуковых дыскусій па новых напрамках у вобласці кластарнай мадэлі прафарыентацыйнай работы. Вучэбна-метадычныя матэрыялы, якія распрацоўваюцца начальнікам упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы МГІРА Захожай Нінай Мікалаеўнай і яе намеснікам Карпушавай Наталляй Міхайлаўнай, дазволяць падрыхтаваць спецыялістаў, гатовых аказаць падтрымку маладым людзям не толькі ў сталіцы, але і ў сельскіх рэгіёнах у пошуках годнай працы або стварэнні ўласнага бізнесу.
Кіраўнік МГІРА прапанавала таксама супрацоўніцтва па садзейнічанні ў навучанні маладых людзей з інваліднасцю распрацоўцы онлайн-курсаў з наступным выкарыстаннем гэтых ведаў для працаўладкавання або самазанятасці. "Калі ў вас ёсць жадаючыя, мы гатовы ўжо сёння ўключыць іх у бясплатнае дыстанцыйнае навучанне як на базе вышэйшай, так і на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі з наступнай выдачай дакумента дзяржаўнага ўзору аб праходжанні імі курсу па тэме: «Распрацоўшчык онлайн-курсаў» у рамках павышэння кваліфікацыі, – сказала Таццяна Іванаўна.
Хочацца адзначыць, што падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве акцэнтуе ўвагу на ўдзел МГІРА ў мерапрыемствах у рамках Міжнароднага гуманітарнага дабрачыннага праекта YES! (Youth Empowerment and Strengthening), які рэалізуецца Нацыянальным Карытас Беларусь па ўсёй краіне пры падтрымцы Renovabis (Германія) і Caritas Linz (Аўстрыя) з мэтай павышэння ўзроўню жыцця маладых людзей у Беларусі ва ўзросце 18-35 гадоў. Ён распрацаваны для дапамогі маладым людзям у іх кар'ерным росце, у пошуках прыдатнай працы або адкрыцці ўласнага бізнесу.