«Нашае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста вызваляе ў нас вялікую хрысціянскую энергію дабрыні, якая дазваляе не толькі памятаць пра іншага чалавека, але таксама апрануць яго, накарміць, напаіць або наведаць», — чытаем у Пастырскім лісце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на «VIII Нацыянальны дзень CARITAS». Пастырскі ліст, які сёлета прысвечаны 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах Беларусі ў ІІІ Нядзелю Вялікага посту, 27 сакавіка 2011 г.

 

«Просьба Езуса да самаранкі: „Дай Мне піць“ (пар. Ян 4, 7), якая гучыць у літургіі трэцяй нядзелі Вялікага посту, выражае прагненне кожнага чалавека — прагненне Бога — і хоча абудзіць у нашым сэрцы жаданне дару крыніцы „вады, якая цячэ ў жыццё вечнае“ (пар. Ян 4, 14): гэта дар Духа Святога, які робіць хрысціянаў „сапраўднымі вызнаўцамі“, якія „будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе“».

Бэнэдыкт XVI,
Пасланне на Вялікі пост 2011 г.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Словамі Святога Айца Бэнэдыкта XVI мы распачынаем наш ліст, скіраваны да вернікаў Касцёла ў Беларусі з нагоды «Нацыянальнага дня Caritas». Святы Айцец у сваім пасланні звяртае асаблівую ўвагу на дыялог, які адбываецца паміж Панам Езусам і самаранкай і пра які мы прачыталі ў святым Евангеллі паводле Яна. «Дай Мне піць», — просіць Езус самаранку. Што ў гэтым дзіўнага, што сасмяглы чалавек просіць кубак вады? Калі мы пілігрымуем да нашых санктуарыяў летам, калі дакучае нам спёка, натуральным здаецца тое, што людзі падаюць нам ваду або іншы халодны напой. Аднак, каб зразумець гэтую сцэну з Евангелля, неабходна, каб мы даведаліся пра адносіны, якія былі ў той час паміж юдэямі і самаранамі. Гэтыя адносіны не былі сяброўскімі, але такімі, у якіх просьба аб кубку вады была ў нейкай ступені дзіўнай. Нельга было ўявіць сабе, каб юдэй прасіў самараніна аб нейкай дапамозе. «Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі» (пар. Ян 4, 9). Чаму?

У 722 годзе да н. э. непрыяцелі здабылі Самарыю, узяўшы частку юдэяў у няволю. Тады пачалі з’яўляцца змешаныя сужэнствы. Гэта выклікала абурэнне юдэяў, якія жылі ў Юдэі, бо ім было забаронена яднацца з іншымі народамі. Існуюць таксама іншыя прычыны нянавісці паміж гэтымі двума народамі. У 6 i 9 годзе пасля нараджэння Хрыста самаране раскідалі косці на тэрыторыі святыні, якую юдэі лічылі святой, і такім чынам зняважылі яўрэяў. Самаране зрабілі змены ў Торы (Пяцікніжжа), паводле якіх месца культу з Ерузалема перамяшчалася на гару Геразім. Усе гэтыя падзеі выклікалі нянавісць юдэяў да самаранаў. Адсюль таксама вялікае здзіўленне самаранкі: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі?» (пар. Ян 4, 9). Аднак, як бачым, гэтыя словы сталі падставай для далейшага дыялога паміж самаранкай і Езусам. Немагчымае цяпер стала магчымым. Больш за тое, гэты дыялог стаў штуршком не толькі для пераадолення непрыязні ў адносінах паміж гэтымі народамі, але перадусім пачаткам глыбокай веры самаранкі ў Езуса як таго, хто можа даць ваду жывую, «якая цячэ ў жыццё вечнае» (пар. Ян 4, 14). Ведаем, што самаране таксама чакалі Месію, Хрыста, які павінен быў ім аб’явіць усё. Жанчына, як толькі пачула, кім з’яўляецца той, хто стаіць перад ёю, што гэта менавіта Езус, пабегла ў вёску, каб расказаць усім, каго яна сустрэла. Яна стала праўдзівым вызнаўцам, які такім чынам аддае пашану Богу ў Духу і праўдзе. Менавіта словы Хрыста сталі для яе крыніцай вады, спажыванне якой нараджае прагненне Бога. Яна стала сапраўдным апосталам і вестуном Збаўцы свету: «Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету» (Ян 4, 42).

Сёння, калі мы чуем дыялог Хрыста з самаранкай, дыялог, які стаў пачаткам вялікай веры самаранкі, дыялог, які адкрыў яе на тое, каб падаць кубак вады спрагненаму чалавеку, мы зноў перажываем Нядзелю «Caritas» — касцёльнай інстытуцыі, якая займаецца дабрачыннасцю. Напамін евангельскага пераадолення падзелаў і перашкодаў гучыць сёння з яшчэ большай сілай у кантэксце дваццаць пятай гадавіны выбуху ў Чарнобылі ва Украіне. Тады, 26 красавіка 1986 года, пасля поўначы выбухнуў чацвёрты рэактар атамнай электрастанцыі, выклікаўшы жахлівую ядзерную аварыю.

Браты і сёстры, гэтая трагедыя, што закранула значную частку Еўропы, а асабліва нашую краіну, выклікала таксама крыху іншы выбух — выбух чалавечай дабрыні тых, хто не быў абыякавы да людскога болю і цярпення. Урады многіх краін прапанавалі сваю дапамогу дзеля памяншэння наступставаў выбуху. Сотні ўрадавых і пазаўрадавых арганізацый аказала дапамогу тым, хто нават не спадзяваўся на яе. Сярод гэтых арганізацый быў таксама «Caritas», які арганізаваў і надалей арганізоўвае аднаразавую і непасрэдную дапамогу для тых, хто тэрмінова быў выселены са сваіх памяшканняў і дамоў. «Caritas» тады дапамагаў ім матэрыяльна, вопраткай, харчаваннем, фінансаваннем лячэння, а таксама адпачынку. Да сённяшняга дня дзякуючы касцёльнай арганізацыі «Caritas» дзеці з сем’яў, закранутых і пацярпелых у выніку выбуху і наступстваў трагедыі, а таксама і нашы дзеці выязджаюць на адпачынак у цэнтры «Caritas» у Беларусі і ў іншых краінах. Дапамога арганізацыі не была б магчымай, калі б не адкрытыя сэрцы некаторых асоб і сем’яў. Гэта дзякуючы вашай дабрыні «Caritas» можа дапамагаць найбольш патрабуючым, тым, хто, як Пан Езус у Евангеллі, просіць: «Дай Мне піць».

Ва ўсім гэтым нам дапамагае прагненне Бога, якое абуджае ў нашым сэрцы веру. «Нашае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста праз сакрамэнт хросту кожны дзень пабуджае нас вызваляць свае сэрцы ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай сувязі з „зямным“, што спусташае нас і перашкаджае нам быць свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга», — кажа нам у Пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт XVI. Адначасова нашае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста вызваляе ў нас вялікую хрысціянскую энергію дабрыні, якая дазваляе не толькі памятаць пра іншага чалавека, але таксама апрануць яго, накарміць, напаіць або наведаць. Жэст дзялення з іншымі, больш патрабуючымі, вызваляе нас ад цяжару матэрыяльных рэчаў. Бачанне патрэб іншых дазваляе чалавеку быць свабодным і адкрытым на Бога і бліжняга.

«Дай Мне піць», — сказаў Езус самаранцы ў Евангеллі. Тады, у 1986 годзе, было прынамсі 350 тысяч людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і выехаць з Чарнобыля. Яны словамі ці жэстамі звярталіся да ўсяго свету, як Пан Езус: «Дай Мне піць». Шмат тысяч, а нават мільёнаў людзей ва ўсім свеце адказала на гэтую просьбу, бо бачылі ў гэтых пакрыўджаных Езуса. Аднак сёння, пасля дваццаці пяці гадоў, мы ўжо мала памятаем пра тыя падзеі. Сёння, пасля дваццаці пяці гадоў, мы мала думаем пра ўдзячнасць тым, хто дапамагаў пацярпелым ад выбуху. Хто ведае, можа, таксама многія з нас атрымалі дапамогу ад людзей добрай волі. Нам, a менавіта новаму пакаленню, нельга забываць пра тыя падзеі, што адбыліся дваццаць пяць гадоў таму; нельга забываць пра тых людзей, якія тады адкрылі свае сэрцы, несучы маральную і матэрыяльную дапамогу пацярпелым. Сёння многія з іх, будучы ў састарэлым узросце, самі патрабуюць дапамогі. I гэта наш абавязак не забываць пра іх, памятаць, што калісьці яны дапамагалі нам, а сёння — час на нашую ўдзячнасць.

Мы не можам самі дайсці да тых, каму найбольш патрэбна нашая дапамога. Таму ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць нам адпаведна накіраваць нашыя сэрцы і матэрыяльную дабрыню. Мы адзначаем сёння, у III Нядзелю Вялікага посту, «Нацыянальны дзень Caritas». Таму будзем памятаць пра ўсіх, хто праз гэтую дабрачынную арганізацыю Каталіцкага Касцёла дапамагаў усім патрабуючым. Будзем не толькі ўдзячнымі за дапамогу, якую атрымалі, але таксама шчодрымі ў сваіх ахвярах. Ёсць шмат тых, хто чакае сёння нашай дапамогі. Ёсць шмат тых, хто, арганізуючы дапамогу пасля 1986 года для ахвяр Чарнобыля, сёння патрабуе нашай добрай рукі. Трэба яе падаць ім. «Дай Мне піць», — сказаў Езус самаранцы. Няхай гэтая просьба спрагненага Езуса будзе заахвочваннем таксама і для нас, каб мы адкрылі нашыя сэрцы на патрэбы бедных. Менавіта яна, гэтая адкрытасць, дапамагае нам быць «свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга».

Усіх, каму неабыякавы лёс патрабуючага чалавека, благаслаўляем

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы