Уводзіны

Унутраная натура Касцёла выяўляецца ў патройным заданні: абвяшчэнне Божага Слова (kerygma-martyria), цэлебрацыя Сакрамэнтаў (leitourgia), паслуга любові (diakonia). Гэтыя заданні цесна звязаны паміж сабой і не могуць быць аддзелены адно ад другога. "(Deus Caritas Est, 25).

Паколькі паслуга любові мае важнае значэнне ў  місіі Касцёла і з’яўляецца выразам яго сутнасці,  усе вернікі маюць права і абавязак вучыцца жыць паводле новай запаведзі, якую пакінуў нам Хрыстус. (пар. Ян 15,12). Яна прапануе сучаснаму чалавеку не толькі матэрыяльную дапамогу, але суцяшэнне і духоўны клопат (пар. Энцыкліка Deus Caritas Est, 28) Да паслугі дыяканіі любові Касцёл пакліканы таксама на ўзроўні супольнасці, ад маленькіх мясцовых супольнасцяў мясцовага Касцёла аж да паўсюднага Касцёла, таму існуе неабходнасць “структуры, якая прадугледжвае ўпарадкаванае служэнне супольнасці” ( гл. там жа., 20), таксама арганізаванай адпаведным чынам на інстытуцыйным ўзроўні. 

Аб дыяканіі любові ў Энцыкліцы Deus сaritas est адзначана, што “згодна з біскупскай структурай Касцёла  […] суадносіцца той факт, што ў мясцовым Касцёле  Біскупы, як паслядоўнікі Апосталаў,   першыя адказваюць за рэалізацыю паслугі любові (n.32) і адзначана, што “Кодэкс кананічнага права у канонах, якія датычаць біскупскага служэння, ўзгадвае выразна caritas як адмысловую сферу біскупскай дзейнасці”.

Нават калі Directorium pastoralis Episcoporum ministerii  (Дырэкторый аб пастырскім служэнні Біскупаў) больш канкрэтна паглыбіла спіс абавязкаў па дабрачыннасці як істотнага задання ўсяго Касцёла і Біскупа ў сваёй дыяцэзіі, надалей застаецца неабходнасць запоўніць нарматыўныя прабелы, выражаючы належным чынам, у кананічным парадку сутнасць спраў міласэрнасці ў Касцёле згодна з біскупскім служэннем, характарызуючы юрыдычны профіль, што гэтая паслуга нясе Касцёлу, калі яна выконваецца арганізавана і з падтрымкай з боку пастыраў.

З гэтага пункту гледжання Motu proprio хачу прадставіць як арганічную нарматыўную базу, якая дапаможа лепш упарадкаваць розныя эклезіяльныя формы у справе міласэрнасці, якая цесна звязана з дыяканскай натурай Касцёла і біскупскага служэння.   

Важна і неабходна мець на ўвазе, што "практычная дзейнасць заўсёды будзе недастатковай, пакуль не будзе відавочная ў ёй любоў да чалавека, любоў, якая зыходзіць ад сустрэчы з Хрыстом. (там жа, 34).
І таму дабрачынная місія шматлікіх каталіцкіх арганізацый не павінна абмяжоўвацца толькі зборам альбо размеркаваннем сродкаў , але мець заўсёды асаблівую ўвагу да патрабуючых і таксама выконваць асаблівую педагагічную функцыю ў хрысціянскай супольнасці, вучачы дзяліцца, паважаць і любіць згодна з логікай Евангелля Хрыста. Дабрачынная місія Касцёла на ўсіх ўзроўнях павінна пазбягаць рызыкі стацца  звычайнай арганізацыяй дапамогі, становічыся толькі адной з яе форм (так жа, 31). 

Арганізаваныя ініцыятывы ў сферы дабрачыннасці, якія прапаноўваюцца вернікамі ў розных месцах,  моцна адрозніваюцца між сабой і патрабуюць адпаведнага кіравання. У прыватнасці, была вельмі актывізавана ў парафіях, дыяцэзіях, нацыянальным і міжнародным узроўні дзейнасць «Карытас», установы, якая была закладзена Іерархамі Касцёла і якая па праву заслужыла ўдзячнасць і давер вернікаў і многіх іншых людзей па ўсім свеце  за  высакароднае і адпаведнае сведчанне веры, а таксама за канкрэтны адказ на патрэбы бедных. Разам з гэтай рознабаковай ініцыятывай, якая афіцыйна падтрымліваецца ўладамі Касцёла, у розных месцах паўсталі шматлікія іншыя прапановы па ініцыятыве вернікаў, якія ў розных формах хочуць унесці свой уклад і канкрэтным чынам засведчыць міласэрнасць да патрабуючых. І адны, і другія ініцыятывы, якія з’яўляюцца  рознымі  па сваім характары і прававым статусе, але аднолькава выказваюць сваю чуласць і жаданне даць адказ на той самы выклік.

Касцёл як інстытут не можа застацца ў боку ад арганізаваных ініцыятыў, свабоднага выразу клопату аб ахрышчаных, людзях і цэлых народах, якія знаходзяцца ў патрэбе.
Таму пастыры Касцёла іх прымаюць заўсёды як выраз ўсеагульнага ўдзелу ў місіі Касцёла, паважаючы прынцыпы і  аўтаномію дзяржавы, якія паводле сваёй прыроды павінны паважаць свабоду ахрышчаных
Разам з імі, касцёльныя ўлады арганізоўваюць з уласнай ініцыятывы канкрэтную дзейнасць, якая прадугледжвае інстытуцыйна накіраваць ахвяраванні вернікаў у адпаведнасці з юрыдычнымі нормамі і належна дасягнуць найбольш эфектыўнага вырашэння канкрэтных патрэбаў. 
Тым не менш, у той меры,у якой прадугледжана дзейнасць іерархіяй Касцёла, альбо аўтарытэтам пастыраў неабходна гарантаваць, што іх кіраванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэння Касцёла і з намерамі вернікаў, і таксама згодна з  прававымі  нормамі свецкіх уладаў.
У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі неабходна было вызначыць у праве Касцёла некаторыя важныя нормы, складзеныя ў адпаведнасці з агульнымі крытэрыямі кананічнай дысцыпліны, адзначыць у гэтай галіне сферу дзейнасці і адказнасці розных суб’ектаў, падкрэсліваючы асаблівым чынам пазіцыю ўладаў і каардынацыю, якая належыць дыяцэзіяльнаму Біскупу. Указаныя нормы павінны быць дастатковымі, каб ахапіць усе ўстановы, якія ўзніклі па каталіцкай ініцыятыве і якія працуюць у гэтым сектары або утварыліся дзякуючы яе натхненню, або з’яўляюцца вынікам непасрэднай ініцыятывы вернікаў, прынятай і падтрыманай мясцовымі Пастырамі. Таксама з гэтага пункту гледжання  неабходна усталяваць нормы , а таксама улічваць патрабаванні справядлівасці і адказнасці, што прымаюць на сябе Пастыры перад вернікамі, паважаючы законную аўтаномію кожнай арганізацыі.

Распарадчая частка

Адпаведна з прапановамі Старшыні Папскай Рады “Cor Unum” і беручы пад ўвагу меркаванне Папскай Рады (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў устанаўліваю дэкрэт ніжэй паданы:

Артыкул 1

§ 1. Вернікі маюць права аб’ядноўваюцца і засноўваць арганізацыі, якія здзяйсняюць дабрачынную дзейнасць  асабліва ў адносінах да хворых і пакутуючых.  У той меры, у якой яны звязаны з паслугай Касцёла ў справах міласэрнасці з Пастырамі Касцёла і/або хочуць выкарыстоўваць для гэтага ўклад вернікаў, яны павінны прадставіць свае Статуты для зацвярджэння у кампетэнтных касцёльных органах і прытрымлівацца сваіх норм. 

§ 2. У той жа час правам вернікаў з’яўляецца ствараць фонды для фінансавання пэўных дабрачынных  ініцыятыў у адпаведнасці з нормамі  1303 ККП і 1047 ККУК. Калі гэтыя фонды  адпавядаюць характарыстыкам, указаным у § 1, будуць захоўвацца таксама congrua congruis referendo ( адпаведныя карэктывы)  і  прадпісанні гэтай уставы.

§ 3. У дадатак да выканання кананічнага заканадаўства, калектыўныя дабрачынныя ініцыятывы, на якія спасылаецца гэты Апостальскі Ліст  павінны прытрымлівацца у сваёй дзейнасці каталіцкіх прынцыпаў і не могуць займацца дзейнасцю, якая ў пэўнай ступені ўплывае на невыкананне дадзеных прынцыпаў. 

§ 4. Арганізацыі  і фонды, створаныя ў мэтах дабрачыннасці Інстытутамі кансэкраванага жыцця  і Таварыствамі апостальскага жыцця абавязаны выконваць гэтыя нормы і тыя, што ўказаны ў канонах  312 § 2 ККП і 575 § 2 ККУК.

Арыкул 2

§ 1. У Статутах ўсіх дабрачынных арганізацый, на якія спасылаецца папярэдні артыкул, апрача устаноўчай ролі і упраўленчых структур адпаведна з канонам 95 § 1 ККП, павінны быць адлюстраваны таксама і кіруючыя прынцыпы і мэты ініцыятывы, спосаб упраўлення  фондамі, сферу дзейнасці супрацоўнікаў, а таксама даклады і інфармацыя для прадстаўлення ў кампетэнтныя адпаведныя касцёльныя ўстановы.

§ 2. Дабрачынная ўстанова можа выкарыстоўваць назву “каталіцкая” толькі з пісьмовага дазволу кампетэнтных уладаў паводле кан. 300 ККП.

§ 3. Установы, якія арганізоўваюцца вернікамі для дабрачыннай дзейнасці, могуць мець святара, прызначанага ў адпаведнасці са Cтатутам згодна з кан. 324 § 2 і 317 ККП

§ 4. У той жа самы час касцёльныя улады маюць абавязак рэгуляваць рэалізацыю праў вернікаў у адпаведнасці з канонамі  223 § 2 ККП і 26 § 2 ККУК,  дзе забаронена павялічваць дабрачынныя ініцыятывы, якая шкодзяць аператыўнасці і эфектыўнасці зададзеных мэтаў. 

Артыкул 3

§ 1. У адпаведнасці з папярэднімі артыкуламі кампетэнтнай уладай з’яўляецца тая, якая пададзеная у канонах  312 ККП і 575 ККУК.

§ 2. Што датычыцца устаноў, якія не зацверджаны на нацыянальным узроўні і якія дзейнічаюць у розных дыяцэзіях, то кампетэнтнай уладай з’яўляецца дыяцэзіяльны Біскуп той дыяцэзіі, дзе ўстанова мае  сваю галоўную сядзібу. У любым выпадку арганізацыя абавязаная інфармаваць біскупаў іншых дыяцэзій, дзе яна працуе, і прытрымлівацца іх заўваг наконт дзейнасці розных дабрачынных устаноў, якія існуюць ў дыяцэзіі.

Артыкул 4

§ 1. Дыяцэзіяльны біскуп  (цыт. з кан. 134 § 3 ККП і кан. 987 ККУК) як Пастыр ажыццяўляе сваю пастырскую апеку над  дабрачыннай дзейнасцю ў мясцовым Касцёле, вядзе і адказвае за гэты від дзейнасці.

§ 2. Дыяцэзіяльны біскуп садзейнічае і падтрымлівае ініцыятывы і працу служэння іншым у мясцовым Касцёле, і падтрымлівае ў верніках запал да дабрачыннасці як выразу хрысціянскага жыцця і удзелу ў Місіі Касцёла, як адзначана ў канонах . 215 і 222 ККП і  25 і 18 ККУК.

§ 3. Адпаведны дыяцэзіяльны Біскуп павінен  сачыць за тым, каб дзейнасць і кіраванне гэтых устаноў былі заўсёды здзейснены паводле норм паўсюднага і мясцовага касцёльнага права, а не толькі па волі вернікаў, што фінансуюць альбо працуюць для гэтых асаблівых мэтаў (цыт. кан.  1300 ККП і 1044 ККУК).

Артыкул 5

Дыяцэзіяльны біскуп гарантуе Касцёлу права ажыццяўляць дабрачынную дзейнасць, клапоцячыся аб тым, каб вернікі і дадзеныя ўстановы, якія знаходзяцца пад яго пастырскай апекай, прытрымліваліся грамадзянскага заканадаўства па гэтым пытанні.

Артыкул 6

Задачай дыяцэзіяльнага Біскупа, як указана ў канонах  394 § 1 ККП і 203 § 1 ККУК з’яўляецца каардынаванне розных дабрачынных ініцыятыў, як тых, што арганізуюцца самой Іерархіяй, так і арганізаваных праз адпаведныя ініцыятывы вернікаў, не шкодзячы іх аўтаноміі у адпаведнасці з іх Статутамі. Асаблівым чынам  трэба клапаціцца аб тым, каб іх дзейнасць захоўвала жывы евангельскі дух. 

Артыкул 7

§ 1. Асобы, названыя ў артыкуле 1 § 1 неабходна выбраць сярод тых, якія падзяляюць альбо па меншай меры паважаюць каталіцкую сутнасць гэтай дзейнасці.

§ 2. Каб забяспечыць евангельскае сведчанне у паслузе любові, дыяцэзіяльны Біскуп павінен клапаціцца, каб тыя, хто працуе ў дабрачыннай дзейнасці, акрамя прафесійнай кампетэнцыі давалі прыклад хрысціянскага жыцця і давалі сведчанне добрага сэрца, пацвярджаючы веру у справах міласэрнасці. Для гэтых мэтаў прадугледжана іх тэалагічная і пастырская фармацыя, са спецыяльнымі курсамі для кіруючых асоб з адпаведнай духоўнай фармацыяй.

Артыкул 8

У выпадку неабходнасці з- за вялікай колькасці і разнастайнасці ініцыятыў, дыяцэзіяльны Біскуп устанаўлівае ў Касцёле адпаведны орган, які будзе накіроўваць  і каардынаваць дабрачынную дзейнасць.

Артыкул 9

§ 1. Біскуп спрыяе стварэнню ў кожнай парафіі сваёй дыяцэзіі дзейнасць парафіяльнага “Caritas” ці яго аналагу, які займаецца таксама педагагічнай дзейнасцю ва ўсёй супольнасці для выхавання ў духу дзялення і сапраўднай любові. Калі гэта з’яўляецца неабходным, такая дзейнасць можа быць  наладжана сумесна пры розных парафіях з адной тэрыторыяльнай адзінкі.

§ 2. Біскуп і пробашч павінны адпаведна забяспечваць, каб у парафіі разам з «Карытас» маглі суіснаваць і развівацца іншыя дабрачынныя ініцыятывы, пад агульным кіраўніцтвам пробашча, прымаючы пад увагу ўказанні арт. 2 § 4.

§ 3. Абавязак дыяцэзіяльнага Біскупа і пробашчаў пазбягаць таго, каб па гэтым пытанні вернікі не мелі памылковага ўяўлення альбо непаразумення, таму яны павінны прадухіліць тое, каб парафіяльнымі або дыяцэзіяльнымі структурамі былі прыняты дабрачынныя ініцыятывы, якія прапануюць  дзеянні альбо метады, якія супярэчаць  навучанню Касцёла.

Артыкул 10

§ 1. Біскуп вядзе нагляд за касцёльнай маёмасцю дабрачынных арганізацый, якія знаходзяцца пад яго кіраўніцтвам.

§ 2. Абавязкам дыяцэзіяльнага Біскупа з’яўляецца сачыць, каб ахвяраванні, сабраныя у адпаведнасці з кан. 1265 і 1266 ККП, і кан. 1014 і 1015 ККУК былі выкарыстаны  мэтазгодна. [кан. 1267 ККП, 1016 ККУК).

§ 3. У прыватнасці, дыяцэзіяльны біскуп павінен пазбягаць сітуацый, калі дабрачынныя ўстановы фінансуюцца арганізацыямі, якія служаць мэтам, супрацьлеглым Дактрыне Касцёла. Сапраўды, каб не згоршыць вернікаў, дыяцэзіяльны Біскуп павінен пазбягаць сітуацый, калі дабрачынныя ўстановы прымаюць ахвяраванні для ініцыятыў альбо спосабы дасягнення якіх  не адпавядаюць вучэнню Касцёла.

§ 4. Асабліва біскуп павінен клапаціцца, каб упраўленне ініцыятывамі, якія ад яго залежаць, былі сведчаннем хрысціянскіх цнотаў
 Для гэтага трэба кантраляваць, каб зарплата  і выдаткі на кіраванне адпавядалі патрабаванням справядлівасці і прафесійнаму ўзроўню і былі прапарцыянальнымі да аналагічных выдаткаў дыяцэзіяльнай курыі.

§ 5. Для таго, каб касцёльныя ўлады у адпаведнасці з артыкулам 3 § 1 маглі рэалізаваць свой абавязак, структуры, указаныя ў арт. 1 § 1, абавязаны прадставіць кампетэнтнаму Ардынарыю гадавую справаздачу згодна з указаннямі вышэйуказаных структур.

Артыкул 11

Дыяцэзіяльны біскуп  павінен ў  выпадку неабходнасці данесці да вернікаў той факт, што дзейнасць канкрэтнай дабрачыннай арганізацыі больш не адпавядае патрабаванням вучэння Касцёла, і забараніць выкарыстання назвы “каталіцкая” і прыняць адпаведныя меры для прыцягнення да асабістай адказнасці.

Артыкул 12

§ 1. Дыяцэзіяльны біскуп павінен садзейнічаць нацыянальнай і міжнароднай дзейнасці дабрачынных структур, падпарадкаваных яму, а асабліва супрацоўніцтву з касцёльнымі структурамі найбольш беднымі у адпаведнасці з канонамі 1274 § 3 CIC e 1021 § 3 CCEO.

§ 2. Пастырскі клопат аб справах міласэрнасці, у залежнасці ад абставін часу і месца, можа быць здзейснены сумесна з рознымі біскупамі суседніх Касцёлаў у адносінах да гэтых Касцёлаў. Калі маюцца на ўвазе міжнародныя арганізацыі, гэта  павінна быць абумоўлена загадзя з кампетэнтымі дэкастэрыямі Святога Пасаду. Таксама мэтазгодна, каб дабрачынныя ініцыятывы на нацыянальным ўзроўні былі кансультаваныя Біскупам  і адпаведнымі структурамі пры Канферэнцыі Біскупаў.

Артыкул 13
Заўсёды захоўваецца  права мясцовых касцёльных уладаў  даць сваю згоду на ініцыятывы каталіцкіх арганізацый  згодна са сваёй кампетэнцыяй у адпаведнасці з кананічным правам і ідэнтычнасцю асобных арганізмаў. Абавязак Пастыра - пільна сачыць за тым, каб дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў іх дыяцэзіях праводзілася  ў адпаведнасці з касцёльнай дысцыплінай. Існуе права  забараніць існаванне такіх ініцыятыў альбо прыняць адпаведныя меры, калі гэтая дысцыпліна не выконваецца.

Артыкул 14

У выпадку неабходнасці Біскуп падтрымлівае  ініцыятывы дабрачыннасці ў супрацоўніцтве з іншымі Касцёламі і касцёльнымі супольнасцямі  з улікам асаблівасцяў кожнай з іх.

Артыкул 15

§ 1. Папская рада "Cor Unum" павінна заахвочваць да рэалізацыі гэтых норм і забяспечваць іх прымяненне на ўсіх узроўнях  без шкоды для кампетэнцыі Папскай рады па справах свецкіх аб супольнасцях вернікаў  у адпаведнасці з артыкулам 133 Апостальскай канстытуцыі Pastor Bonus, а менавіта Секцыі па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту, і захоўваючы агульныя паўнамоцтвы з  іншымі дэкастэрыямі і ведамствамі Рымскай Курыі.  У прыватнасці Папская рада "Cor Unum" павінна клапаціцца, каб паслуга любові  ў каталіцкіх установах на міжнародным узроўні рэалізоўвалася заўсёды ў  еднасці з мясцовымі Касцёламі

§ 2. Папская  рада "Cor Unum"  адказвае за кананічнае ўтварэнне дабрачынных арганізацый на міжнародным узроўні, беручы на заданне кіраваць і распаўсюджваць іх згодна з правам. 

Усё, што  вырашана ў  гэтым Апостальскім Лісце ў форме motu proprio, загадваю выконваць цалкам , нягледзячы на супраціўныя рэчы, нават калі яны узгадваюцца спецыяльна і пастанаўляю, што ён  будзе  апублікаваны у выданні  "L 'Osservatore Romano " і ўступаюць у сілу 10 снежня 2012.
У Рыме, на пасадзе  Святога Пятра, 11 лістапада 2012 г., восьмы год нашага пантыфікату.
Бенэдыкт XVI

 

 

PS Каманда Нацыянальнага "Карытас" дзякуе за дапамогу ў здзяйсненні пераклада дакумента на беларускую мову ксяндзу Дзмітрыю Пухальскаму.

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы