У пасланні на Вялікі Пост Святы Айцец заклікаў да разважання у межах Года Веры над сувяззю паміж верай і любоўю, якая з’яўляецца плёнам дзеяння Св. Духа і якая вядзе нас па шляху прысвячэння сябе Богу і бліжнім.
Папа адзначае, што гэтыя дзве цноты непарыўна звязаныя паміж сабой, ім Святы Айцец прысвяціў сваю першую Энцыкліку “Deus caritas est”. Пазнанне жывога Бога – гэта шлях да любові, які ніколі не спыняецца. І з гэтага паходзіць неабходнасць веры для ўсіх хрысціян, а асабліва для “працаўнікоў любові”, якія павінны быць адкрытыя - канкрэтным і глыбокім чынам - на іншага.
“Усе хрысціянкае жыццё – гэта адказ на любоў Бога. Адкрыцца на Божую Любоў азначае дазволіць Ёй жыць у нас і дазволіць любіць разам з Ім, у Ім і як Ён. І такім чынам нашая вера становіцца па-сапраўднаму дзейснай праз любоў. Вера дапагае распазнаць дары, якія добры і міласэрны Бог нам дае, а любоў дапамае ім прыносіць плён", - напісаў Папа.
Хрысціянская жыццё заключаецца ў бесперапынным падняцці на гару, каб сустрэцца з Богам, а затым спусціцца ўніз, несучы любоў і сілу, каб служыць нашым братам і сёстрам з любоўю Бога.
“Часам узнікаюць спробы апісаць тэрмін “любоў” да бліжніх праз паняцце салідарнасці альбо праз простую гуманітарную дапамогу. Папа падкрэслівае, што найвялікшая справа любові - гэта евангелізацыя. Вялікае значэнне мае у справах любові да бліжняга падзяліца з ім хлебам Божага Слова, далучаць яго да удзелу у Добрай Вестцы Евангелля, заахвоціць бліжняга да жыцця з Богам “-адзначае Бэнэдыкт XVI.
"Вера без учынкаў як дрэва без плёнаў", - акрэсліў Папа і заклікаў падчас Вялікага Посту развіваць веру праз больш уважлівае слуханне Божага Слова і удзел у Сакрамэнтах. Святы Айцец нагадвае пра магчымасць росту ў любові да Бога і да бліжняга праз пост, пакаянне і міласціну.
Вера як дар і адказ дапамагае нам спазнаць праўду аб Хрысце як уцелаўлёнай і ўкрыжаванай Любові, бясконцай Божай міласэрнасці да бліжняга. Вера укараняе ў сэрцы і ў розуме упэўненае перакананне, што гэтая Любоў – адзіная пераможная рэальнасць над злом і смерцю.
Адносіны, што існуюць паміж верай і любоў падобны да тых, што існуюць паміж 2 Сакрамэнтамі: Хростам і Эўхарыстыяй. Хрост папярэднічае Эўхарыстыі, але арыентуецца на яе і дае паўнату хрысціянскага шляху. Так і вера папярэднічае любові, але існуюць абавязкова разам.
Напрыканцы Пастырскага Паслання Святы Айцец удзяліў усім благаслаўленне, заклікаючы вернікаў перажыць гэты час, ажыўляючы веру ў Езуса Хрыста, каб “увайсці ў кола Яго любові да Айца і да ўсіх бліжніх, хто сустракаецца на жыццёвым шляху”.