1-2 ліпеня ў Будславе прайшоў фестываль, куды, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, прыйшлі больш за 2500 пілігрымаў. Іх шчаслівыя твары сведчылi аб тым, як важна гэтае свята для кожнага і як яны чакалі сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай. 


Не паспелі высахнуць дажджавікі і парасоны пасля фэсту ў Будславе, як пілігрымы накіраваліся да Маці Божай Тракельскай. І, як вы ўжо ведаеце, мы стараліся знаходзіцца ў гэтыя святочныя дні побач з пілігрымамі, каб падзяліць іх радасць. Таксама мы ўсімі сіламі жадалi падтрымаць пілігрымаў, iмкнучыся хоць крыху адагрэць іх у павільёне не толькі гарбатай і цукеркамі, але і душэўнымі размовамі. 

Мы чакалі пілігрымаў у Будславе з выставай аб нашай арганізацыі і прыкладах валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі для таго, каб у першую чаргу прыцягнуць увагу грамадскасці да арганізацыі «Карытас» і папулярызаваць ідэю дабрачыннасці. Бо на працягу ўсёй пілігрымкі кожны з удзельнікаў сам сутыкаўся з прыкладам дабрачыннасці: нехта дапамог паднесці заплечнік, нехта падзяліўся ежай, а нехта нават аддаў свае апошнія сухія шкарпэткі. Мы хацелі расказаць маладым людзям аб валанцёрскай дзейнасці, бо мы прыцягваем увагу да сацыяльных праблем і заклікаем усіх неабыякавых да ўзаемадапамогі, міласэрнасці і любові да бліжняга. 

За такім маленькім словам «мы» хаваецца вялікая колькасць нашых валанцёраў і супрацоўнікаў, якія, не вагаючыся, прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і рэалізацыі нашай акцыі для фэстаў. Гэтым людзям і прысвячаецца дадзены пост – нашай камандзе. Гэта тыя людзі, якія гатовыя бескарысліва дзяліцца сваім вопытам, часам і рэсурсамі, тыя, хто, нягледзячы на складанасці, не адмаўляецца ад агульнай ідэі. Людзі, якія разумеюць, што робяць нешта большае, чым проста малююць паштоўку, распрацоўваюць эскізы для майкі, здымаюць і мантуюць ролік. Людзі, адкрытыя на ўзаемадапамогу, падтрымку і міласэрнасць. 

Як падзяка нашым валанцёрам, у чацвер, 19 ліпеня прайшла сустрэча, дзе мы жадалі, каб кожны адчуў сябе неад'емнай часцінкай вялікага механізму. 

У першую чаргу мэтай дадзенай сустрэчы было знаёмства. Знаёмства усіх, хто прыняў удзел у арганізацыі мерапрыемства, з дырэктарам Нацыянальнага "Карытас", Дабраловічам Віталём, і памiж сабой. 

Сустрэча прайшла ў цёплай і ўтульнай атмасферы, кс. Віталь выказаў падзяку кожнаму валанцёру асабіста і ўручыў невялікія прэзенты ў выглядзе маек. У сваю чаргу ўсе прысутныя далі зваротную сувязь аб тым, як для іх прайшлі фэсты, адказалі на пытанні аб тым, чаму яны пагадзіліся займацца валанцёрскай дзейнасцю і ці гатовыя працягваць гэтую дзейнасць разам з «Карытас». Адзін з удзельнікаў адказаў: «Мне здаецца, кожнаму важна адчуваць сябе патрэбным, і калі я магу дапамагчы, то чаму б не зрабіць гэтага тут і цяпер?» 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы