Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як разумнае служэнне вашае (Рым 12, 1).

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Кожны дзень чалавек знаходзіцца ў пошуках рэалізацыі сваіх пажаданняў, задаволення сваіх патрэбаў. Аднак дасягаючы пастаўленай мэты, рэалізуючы свае пажаданні, чалавек адчувае задавальненне только на працягу адносна кароткага моманту. І так адбываецца ўсё жыццё, як быццам чалавечае існаванне зводзіцца толькі да пагоні за задаволеннем сваіх эгаістычных патрэбаў, з-за чаго ў выніку ўзнікае толькі стомленасць і яшчэ большая незадаволенасць тым, што чалавек мае. Той, хто не выходзіць з цеснага кола выключна матэрыяльных інтарэсаў і клопатаў, паступова губляе сапраўдны сэнс свайго існавання на зямлі і расчароўваецца ў жыцці, часам нават у росквіце сваіх чалавечых сілаў і магчымасцяў.

 Чаму так адбываецца ў нашым жыцці? Чаму мы ўсё часцей губляем асалоду ад жыцця, а нават і яго сэнс?

Калі глянем на свет вакол нас, заўважым шмат болю і смутку сярод людзей. Вось некалькі прыкладаў. Бацькі, якія жылі толькі для сваіх дзяцей, а калі тыя пакінулі родны дом, і ў доме, дзе раптам стала ціха, з’явілася нічым не запоўненая пустка і ў іх сэрцах запанаваў смутак і пачуццё страты. Поўны сілаў малады чалавек, амбітны і здольны, якому здавалася, што ён усё можа, ужо на пачатку жыцця раптам траціць надзею, бо хвароба або цяжкая траўма прыкавала яго да ложка. Яшчэ ўчора моцны і ўпэўнены ў сабе мужчына кіраваў людзьмі, працуючы на вялікім прадпрыемстве, а сёння ён усё страціў і няголены, неахайна апрануты, брудны стаіць на вуліцы і просіць міласціну…

Усё гэта можа знеахвочваць, пазбаўляць волі да барацьбы, а часам наогул прывесці да роспачы з-за пачуцця немагчымасці штосьці змяніць да лепшага.

Абудзіцеся, браты і сёстры, пазбаўцеся ад дэматывуючай дзейнасці сатаны і ўзгадайце словы прарока Ісаі: «Не бойся, бо Я з табою; не бянтэжся, бо Я — Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй» (пар. Іс 41, 10).

Гэта — першы крок да ўсведамлення чагосьці большага, чым проста механічнае існаванне ў бессэнсоўнасці. Наша вера заклікае нас да больш шырокага выкарыстання нашых магчымасцяў і пажаданняў. Заклікае нас да любові ў служэнні. Бо менавіта зразуменне служэння і яго выкнанне, асабліва ў сучасным свеце, дае магчымасць выйсці з пачуцця дэпрэсіі і страты сэнсу жыцця. 

Аб гэтым нагадвае вучэнне Касцёла ў сферы яго службовай місіі — дыяканіі. Дыяканія, або служэнне любові да бліжняга, якое здзяйсняецца супольна і арганізавана, стала часткай фундаментальнай структуры Касцёла (пар. Deus сaritas еst, 21). Служэнне для кагосьці, а не для сябе. Толькі тады, калі мы навучымся жыць самаахвярна, як учыніў для нас Езус Хрыстус, а наследуючы Яго, таксама і многіх многія святых, навучымся і зможам быць шчаслівымі.

Гэтае служэнне выплывае з любові да бліжняга, аб чым нам нагадвае папа Бэнэдыкт XVI: «Любоў да бліжняга, якая грунтуецца на любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага веруючага, а таксама абавязкам усёй Касцёльнай супольнасці, на кожным яе ўзроўні: ад мясцовай супольнасці праз мясцовы Касцёл аж да паўсюднага Касцёла ў яго глабальным вымярэнні. Касцёл як супольнасць абавязаны практыкаваць любоў» (пар. Deus сaritas еst, 20). Працягваючы гэтую думку, мы гаворым аб ахвярным служэнні ў адносінах да кожнага чалавека.

Добра ўсім вядома, што сёння ў многіх сацыяльна важных праектах значную ролю адыгрываюць валанцёры. Гэта людзі, якія ахвяруюць свой час для служэння іншым; тым, хто знаходзіцца у патрэбе: хворым дзяцям, самотным старым і гэтак далей. Яны часта аб’ядноўваюцца ўить словадабраахвотніцкія супольнасці і ствараюць цэлыя праекты дапамогі ў ахвярным служэнні. У валанцёрскім руху шырока ўдзельнічае не толькі моладзь, але людзі розных узростаў, якія зразумелі, як можна быць шчаслівымі заўсёды. Быць шчаслівым не таму, што ты багаты матэрыяльна, маеш добрую працу і на сёння ў цябе ўсё добра ў сям’і. Быць шчаслівым таму, што ты бачыш твар бліжняга, які ўчора быў панурым, а магчыма, і са слязьмі бездапаможнасці на вачах, а сёння ўсміхаецца, бо да гэтай асобы прыйшлі валанцёры і дапамаглі, падтрымалі ў цяжкую хвіліну.

Сёння «Карытас» заклікае вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, фармаваць свае сэрцы для служэння, напаўняючы іх самаахвярнай любоўю і альтруізмам. Мы запрашаем вас супольна паразважаць над магчымасцю стварэння ініцыятыўных валанцёрскіх групаў пры парафіях, якія стануць вялікай апорай у практычным сведчанні Божай любові у нашым грамадстве. А галоўнае, што гэтае заданне напоўніць жыццё кожнага з вас новым і сталым імкненнем атрымліваць пачуццё радасці ў радасці другой асобы.

Вяртаючыся да пытання, чаму я губляю сэнс жыцця, і задумваючыся над мэтай, якую я хацеў бы рэалізаваць у будучыні, заўважым, што толькі заўсёды актуальныя і непрамінальныя справы веры і дзейнасць, напоўненая маральнымі і этычнымі каштоўнасцямі, дапамагаюць чалавеку знайсці сябе, знайсці сэнс у сваім штодзённым жыцці.

Жадаючы плённага духоўнага перажывання дня Карытас і вялікага посту, з сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы