З 11 па 13 сакавіка i з 13 па 15 сакавіка ў мінскім цэнтры «Карытас» (в. Ляскоўка, Бараўляны) прайшоў семінар для дзвюх груп валанцёраў, якія былі запрошаны з розных парафій, а таксама парафіяльных філіялаў «Карытас» з усёй Беларусі. 

Мэтай семінара з’яўляецца навучанне ўдзельнікаў асновам валанцёрства на досведзе працы Мальтыйскай службы сацыяльнай дапамогі з Германіі.

Вялікі акцэнт падчас заняткаў робіцца менавіта на практычную частку: валанцёры вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, даглядаць за ляжачымі хворымі, практыкуюцца ў розных формах творчых заняткаў з дзецьмі і проста добра праводзяць час разам.

«На маю думку, найважнейшае ў гэтым семінары — ягоная практычная накіраванасць. Шмат пра якія моманты яшчэ хацелася б пачуць (і, магчыма, абмеркаваць), найперш — пра матывацыю валанцёраў, падтрымку гэтай матывацыі і шэраг адміністрацыйных момантаў, але менавіта практычны кірунак — рэч вельмі каштоўная. Сапраўды, нават прафесійныя медыцынскія сёстры, якія ёсць сярод удзельнікаў семінару, знаходзяць для сябе нешта новае, нейкія новыя тэхналогіі, метады, спосабы», — падзялілася ўражаннямі ўдзельніца семінару Кацярына Сідарук, супрацоўнік Сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш».

Ірына Шамак з «SOS-Дзіцячая вёска» Мар'інай Горкі распавяла, што за час семінару атрымала шмат навыкаў, якія, як лічыць валанцёр, вельмі палегчаць яе працу з дзецьмі:

«Мне вельмі спадабалася лекцыя па доглядзе за ляжачымі хворымі. На першы погляд усё лёгка і проста, але на практыцы ўзнікаюць складанасці. І якраз тое, што падаецца дробяззю, аказваецца вельмі важным ў практычнай рэалізацыі».

        

Я на падобным семінары другі раз, і ў гэты раз было шмат новага. Як медыку, мне было асабліва цікава і карысна адчуць на сабе, як гэта — быць на месцы пацыента. Калі запросяць, я з задавальненнем прыеду яшчэ раз і, цалкам магчыма, што змагу быць не толькі ўдзельнікам, але і вядучым», — выказала сваё меркаванне медык Наталля Лапата.

        

Ксёндз Ян Гавецкі, кіраўнік парафіяльнага «Карытас» у Іўі, распавёў, што вельмі захоплены гэтым семінарам і ўдзячны за запрашэнне дзвюх групп валанцёраў з Іўя для ўдзелу ў першым і другім навучальным блоку.

«Я ўжо планую, якім чынам мы будзем выкарыстоўваць гэты досвед у практычнай працы нашага парафіяльнага "Карытас". Адна з удзельніц нашага семінару ўжо практыкавала прапанаваную тэхніку барацьбы з пролежнямі, тэхніку дагляду за ляжачымі хворымі. Таму для нас гэтыя заняткі былі часткова паўторам ужо вядомага, але часткова і новага. І, без сумніву, карыснага», — падзяліўся святар.

caritas-minsk.by

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы