Магчымасць не толькі раскрыць таленты, але перш за ўсё ўнутраны свет людзей з абмежаваннямі з'яўляецца мэтай праекта "Мой свет у фарбах", што рэалізоўвае дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Нясвіжы.
З 2011 года ў наведвальнікаў дзённага адзялення прабывання інвалідаў з’явілася магчымасць выражаць сябе праз малюнак, развіваць таленты і ў творчай сяброўскай атмасферы праводзіць час.
Святлана Груша – удзельніца гэтага праекта. Цікавы чалавек з цудоўным пачуццём гумару і аптымізмам, пасля хваробы ўжо ў сталым ўзросце, аказалася паралізаванай. Пра волю да жыцця, пра тое, як можна нанова навучыца хадзіць і свой творчы шлях яна распавядае caritas.by.
- Святлана, раскажыце пра сябе, калі ласка?
- Я нарадзілася ў звычайнай сям’і. Адкрыўшы ў сабе адпаведны талент, скончыла Мірскае мастацкае вучылішча, па адукацыі з’яўляюся рэстаўратарам, але па спецыяльнасці працаваць не давялося. Цяжкая хвароба, якая вельмі прагрэсіравала пасля вучобы, у адзін дзень прыкавала мяне да ложка. Аперацыі адна за другой. Ляжу, памятаю, і думаю, што рабіць, як жыць далей. Адзінае, што ніколі не пакідала мяне – гэта пачуцце гумару і адчуванне, што рух – гэта жыццё. Мне пашанцавала з роднымі і сябрамі (часам у такіх сітуацыях людзі адварочваюцца), а мяне вельмі шмат падтрымлівалі. Увогуле, па жыцці ўважлівых людзей сустракаю нашмат больш.
-Святлана, калі Вы адкрылі свой мастацкі талент?
- Схільнасці былі яшчэ з дзяцінства, але так па-сапраўднаму адкрыла сябе яшчэ на занятках малюнка, чарчэння, а сабліва аховы бяспечнасці жыцця. Уяўляеце?:) Памятаю той момант: праходзілі тэму супрацьпажарнай бяспецы і мае малюнкі былі адзначаны. Настаўнікі былі цудоўныя, якія дапамагалі не стаяць на месцы, развівацца.
- Як даўно ўдзельнічаеце ў праекце “Карытас” “Мой свет у фарбах” ?
- З красавіка мінулага года. Мне было цікава развівацца самой, але таксама і дапамагаць іншым ( ад аўтара: Святлана у праекце дапамае навучаць дзяцей тэхніцы малюнку). Калі я ўбачыла дзяцей, палотны, зразумела, наколькі я патрэбна іншым, то з’явіўся стымул у жыцці. Тым больш, што я сама адчуваю захапленне ад таго, што раблю і стараюся падзяліцца з іншымі. І вельмі рада, калі гэта атрымліваецца.
- Святлана, чым з’яўляецца для Вас мастацтва, малюнак?
- Праз малюнак мастакі выражаюць тое, што адчуваюць. Таксама як і музыкі праз музыку, паэты праз вершы, мы выражаем свой унутраны свет праз нашыя працы. А яшчэ гэта цудоўная магчымасць зрабіць нешта добрае ў жыцці, парадаваць сябе і блізкіх.
Дарэчы, я лічу, што малюнкі ствараюцца для таго, каб быць падоранымі, каб парадаваць не толькі сябе, але і іншых. Малюнкі прыносяць станоўчыя эмоцыі, дапамагаюць раскрыцца. І гэта лечыць.
- Што найбольш падабаецца маляваць?
- Я люблю прыроду, але “жывую”. Мне, напрыклад, падабаецца творчасць Шышкіна, але мне заўсёды хочацца дадаць жывога плану – людзі, жывёлы.
- Што пажадаеце людзям, якія знаходзяцца ў сітуацыі накшталт той, у якой Вы былі?
- Стаўце мэты! І задумвайцеся вельмі шмат, што можна зрабіць. Рабіце і ўсе. Нават рух, дзе нічога не атрымліваецца, таксама з’яўляецца крокам наперад і прымушае развівацца. Без руху няма жыцця. Змагайся, спрабуй ( я ведаю, аб чым кажу, гэта не проста словы, я прайшла гэта).
Жыву сённяшнім днём, ніхто ж не ведае, што будзе заўтра. Цаніце тых, хто побач.
Мой дэвіз па жыцці: усё добра і будзе яшчэ лепш. Мая хвароба прымусіла мяне таксама пачаць верыць. Не кажу, што я вельмі веруючая, але я спрабую зразумець догмы, спрабую жыць верай і глядзець наперад. І адчуваю, што я не адна.
Размаўляла Ганна Страшкевіч