Як развіваюцца парафіяльныя “Карытас”? Ад каго паходзіць ініцыятыва? Наколькі важная праца валанцёраў і чаму цэнтралізаванае развіццё валанцёрскага руху вельмі актуальна на сённяшні дзень у нашай краіне?
На гэтыя пытанні шукаем адказы разам з дырэктарам парафіяльнага “Карытас” у Глыбокім Інай Вайцяховіч.

 -Іна, ведаю ад кіраўніцтва  “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, што парафіяльнае прадстаўніцтва арганізацыі ў Глыбокім развіта вельмі добра і можна сказаць, з’яўляецца прыкладам. Раскажыце, як ўсё пачыналася?

-    У 2011 годзе заснавана дабарачыннае таварыства “Карытас” пры парафіі ў Глыбокім. Я выконваю адміністрацыйную функцыю, а аснова нашай працы – гэта валанцёры. Я не назаву канкрэтную лічбу, каб нікога не пакрыўдзіць. Заснавальнікам нашага “Карытас” з’яўляецца ксёндз-пробашч Мечыслаў Янчышын, які ахвотна адгукнуўся на ініцыятыву дыяцэзіяльнага “Карытас” стварыць пры парафіі дыяцэзіяльнае адзяленне.

Памятаю першую акцыю “З усмешкай у школу” мы зладзілі для дзетак з бедных, шматдзетных, няпоўных сямей, закупалі школьныя прылады, адзенне. Галоўнае было ў першай акцыі дапамагчы бліжняму, а таксама паказаць самім людзям, што сваімі сіламі – пры жаданні – можна зрабіць шмат.

Так і атрымалася, акцыя прайшла цудоўна, людзі дзялілі між сабой, што купіць, збіралі грошы, было праяўлена вельмі шмат ініцыятывы самімі парафіянамі. І правядзенне такіх акцый ужо сталася трывалай традыцыяй.


-    Бачна, што парафіяне з Глыбокага вельмі актыўныя. На Вашу думку, хто павінен дбаць аб развіцці парафіяльных адзяленняў “Карытас” – ксёндз альбо самі парафіяне?

-    У нас цудоўны прыклад: пробашч вельмі канкрэтна падтрымаў ініцыятыву, знайшліся і тыя, хто вельмі хацеў дапамагаць сярод свецкіх. Але заўсёды апошняе слова за ксяндзом. Па сутнасці, гэта абавязак кожнага хрысціяніна служыць бліжняму, гэта мая канкрэтная праява веры.

Канечне, у душпастыраў вельмі шмат абавязкаў, святароў на Беларусі не хапае, але, на маю думку, вельмі патрэбна, каб ініцыятыву распачынала менавіта духоўная асоба. Матываваць, нагадваць, што вера чакае канкрэтных учынкаў, што мы не можам праходзіць абыякава каля таго, хто церпіць, жыве ў нястачы. Мяне так выхавалі ад маленства, за што вельмі ўдзячна бацькам.  


-    Ёсць меркаванне, што не заўсёды супрацоўнікі дабрачынных арганізацый дзейнічаюць бескарысна, што ёсць пэўная матэрыяльная выгода. Што скажаце на гэта?

-    Нават не буду тлумачыць доўга. Скажу адно: не ўсё ў свеце вымяраецца грашыма і матэрыяльным. Але так,  карысць ёсць – гэта  шчаслівыя вочы таго, каму дапамагаеш – гэта сапраўдная радасць і падзяка. А ўсё астатняя – я раблю ад сэрца і з душой, не чакаю выгод для сябе і Бог ведае аб гэтым. 


-    Як вынікае з размовы, праца валанцёраў – база парафіяльнага “Карытас” у Глыбокім. Як ацэньваеце адукацыйны праект “Рука дапамогі”, што накіраваны на развіццё валанцёрскага руху па ўсёй краіне?

-    Удзельнічаю ў праекце, у трэнінгах, што праводзіць "Карытас".  Уражвае, сапраўды. І прафесіяналізм трэнера, і цікавыя людзі побач, і тое, што абраныя лідэры ад дыяцэзіяльных адзяленняў “Карытас” моцныя асобы і індывідуальнасці. Але без практыкі – гэта нішто. Разам з тым, для практыкі патрэбна тэарэтычная база. Залаты баланс ёсць. Вынікі пакажа будучыня.
       

                                                                                                                                                                                            Размаўляла Ганна Страшкевіч

                        
 



Хочу помочь

Хочу стать волонтером

Прошу помочь