Пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі  клуб “Бэтэль” для інвалідаў пачаў сваё існаванне амаль 10 год таму.

 Усё пачалося з канкрэтных намаганняў аднаго чалавека – каардынатара Агнешкі  Атрашкевіч – полькі, якая прыехала жыць і працаваць у Беларусь. Ведаючы на сваёй радзіме аб дзейнасці “Бэтэль” і працуючы ў гэтай арганізацыі, Агнешка вырашыла прынесці такую ідэю і на Беларусь.

Дарэчы, сацыяльныя цэнтры для інвалідаў у Віцебску пачалі з’яўляцца толькі  гадоў 5 таму, таму ініцыятыўная Агнешка пачынала ўсё з нуля:  шукала інвалідаў па горадзе – на вуліцах, у бальніцах, тэлефанавала на прыватныя хатнія нумары.

Галоўная ідэя гэтага клуба пры “Карытас” – стварыць не проста цэнтр для людзей з абмежаваннямі, не проста майстэрню, але дом для інвалідаў, дзе б кожны адчуваў сябе ўтульна і  самае галоўнае - прынятым.  Усім наведвальнікам больш за 18 год, але па развіцці яны дзеці і такімі будуць заўсёды.

“Гэта самая вялікая прыгода майго жыцця”: дырэктар міжнароднага руху “Бэтэль” Анджэй Каліноўскі

Анджэю Каліноўскаму 44 гады, з якіх 23 ён працуе ў “Бэтэль”, дзе, як ён сам адзначае свае функцыі , “адказвае за ўсё”,  сціпла не выкарыстоўваючы слова  “дырэктар”.

Гісторыя “Бэтэль” пачалася ў польскай Чанстахове ў студэнцкім  душпастырстве “Эмаус”  у далёкім 1990 годзе. У пачатку гэта была невялікая група студэнтаў, пасля яна пачала павялічвацца, прыбывалі розныя асобы, сярод якіх  былі людзі з абмежаваннямі. Апошнія ў хуткім часе і сталі цэнтральнай мэтай  дзейнасці новай арганізацыі “Бэтэль”.

Паволі ініцыятыва пераўтварылася ў міжнародную і сёння існуе ў Польшчы, Італіі, Эфіопіі, Украіне, Беларусі, Англіі, Чэхіі, Літве.  Сёння “Бэтэль” дзейнічае ў многіх рэгіёнах, карыстаючыся рознымі метадамі працы, даступнымі і магчымымі ў дадзеным кантэксце і часе.
Фундаментальная ідэя арганізацыя – служэнне чалавеку слабому і ўбогаму, гэта праца таксама над унутраным развіццём асобы. Галоўны харызмат – суправаджэнне і дапамога хворым і людзям з абмежаваннямі.
 “Для мяне гэтая праца (хаця не, гэта больш хоббі для душы) сталася ўжо звычкай, традыцыяй і не памылюся, калі шчыра скажу, што гэта самая вялікая прыгода майго жыцця” – дзеліцца Анджэй Каліноўскі, апавядаючы пра сваю дзейнасць. 

 “Канечне, ёсць такі працэс як выгасанне, што адзначаюць таксама і псіхолагі.  Людзі прыходзяць у арганізацыю, а з цягам часу разумеюць, што іх сілы пакідаюць, што проста цяжка бачыць пакуты іншых.

Ведаеце, да ўсяго прывыкаеш, радуешся дасягненням і спрабуеш цвёрда ісці далей у моманты цяжкасцяў. Так, за гэтыя гады было шмат моцных патрасенняў. Напрыклад, адно з тых наймацнейшых было не ў вашай краіне, але ў Афрыцы ( ад аўтара – рух “Бэтэль” дзейнічае ў Эфіопіі). Уявіце сабе –беднасць і людзі  з бачнымі прыкметамі голаду, нястачы і паўсюднай галечы.

Проста жахлівыя ўражанні паўстаюць ад адносінаў да людзей з абмежаваннямі ў такім грамадстве. Ежы не хапае, людзі цяжка працуюць, каб зарабіць на кавалак хлеба.
Груба кажучы, інваліды замінаюць, таму тое, што я ўбачыў было такім: інваліды былі на ланцугах, каб не блыталіся пад нагамі, і ежа іх была горшая, і не было каму імі займацца.

 І гаворка не ідзе пра чорствасць, але пра зусім іншы жыццёвы стандарт і культурна-сацыяльна- эканамічны аспект (сапраўды кажу , гэта трэба проста ўбачыць).  Проста тут заданне кожнага дня – банальна выжыць, і не, не ў далёкай будучыні, а сёння.   

Калі бачыш такое, столькі беднасці, галечы,  бесперспектыўнасці калі хочаце, цяжка, вельмі цяжка. Таму я і казаў напачатку, што не ўсе вытрымліваюць з нашых супрацоўнікаў і валанцёраў.

Маючы пэўны вопыт ,магу сказаць, што з часам з’яўляецца фундамент, ясная свядомасць, што трэба рабіць тое, што робіш і гэта трывалы падмурак нашай працы”.

“Дзеці – гэта натхненне”

Віцебскі “Бэтэль” пры “Карытас” працуе з 2003 года, як ужо было адзначана. Сваім сведчаннем і вопытам дзеляцца сацыяльныя супрацоўнікі клуба:
“Я працую тут 10 год”, - расказвае Зоя Каршунова, сацыяльны супрацоўнік  – “Канешне, спачатку было цяжка.  

Я Вам шчыра скажу, быў момант, калі Агнешка (ініцыятар і каардынатар працы “Бэтэль” у Беларусі)  па сямейных абставінах не магла надаваць так шмат ўвагі  клубу і на мяне лягло больш адказнасці і тады былі і моманту страху і банальнага пытання: а што рабіць?  Пасля гэтых гадоў працы магу сказаць, што мы тут вырастаем  усе – не толькі нашы падапечныя, за поспехам якіх заўсёды прыемна назіраць, але  і мы самі, супрацоўнікі. Гэта праца сапраўды робіць мяне шчаслівай”

Пакуль размаўляем са спецыялістам па сацыяльнай працы Зояй Каршуновай “вялікія дзеці” не адыходзяць ад “мамы”, як яны яе ласкава клічуць і кожны намагаецца прыцягнуць да сябе яе ўвагу.

Бачачы гэтыя вочы, поўныя даверу, нельга застаццца раўнадушным.  Кожны з інвалідаў імкнецца звярнуць увагу на сваю працу – вышыўкі, малюнкі, аплікацыі, кожны хоча быць заўважаны, атулены ўвагай.
«Я трапіла сюды па воклічу сэрца. Нешта ўмела майстраваць, - сціпла расказвае Зоя, - і хачу гэтаму навучыць іншых. Самі дзеці – гэта натхненне».

 А калегі  Зоі распавядаюць, што менавіта залатыя рукі і сціпласць, а яшчэ вялікая цярпялівасць – вось адметныя  рысы яе асобы.

А што адметнага ў клубе «Бэтэль»?

Дзень у «Бэтэль» выглядае так: ўсё а 11 гадзіне збіраюцца на супольны  пасілак у сталовай побач, а пасля з новымі сіламі пачынаецца дзень творчасці, размоў, заняткаў па інтарэсах.

Што асаблівага ў клубе « Бэтэль»? Там імкнуцца стварыць хатнюю атмасферу, каб кожны адчуваў сябе прынятым такім, якім ён ёсць,  бо ні для каго не сакрэт, што  нашаму грамадству яшчэ шмат працаваць для таго, каб гэтыя людзі былі інтэграваны, проста кажучы, каб успрымаліся як звычайныя і паўнапраўныя людзі.

«Прадстаўце сабе, як прыемна бачыць прагрэс. Многія ўвогуле пачынаюць вучыцца маляваць, нешта выразаць, ідзе праца па развіцці маторыкі.  Дарэчы, наведвальнікі клуба «Бэтэль» з радасцю дэманструюць рэзультаты творчага працэсу.
 
Гэтыя працы можна пасля набыць на розных выставах, у гэтым годзе ў Будславе была выстава-продаж таксама. Можа, на выгляд, гэта проста працы, але перадаць, колькі сіл і часу прыложана, апісаць немагчыма. Таму набываючы гэтыя рэчы, зробленыя такімі намаганнямі, мы падтрымоўваем  наведвальнікаў «Бэтэль» не толькі фінансава, але і маральна.

Дарэчы, на гэтыя сродкі арганізатары клуба ладзяць адметныя святы: акрамя традыцыйных Божага Нараджэння і Вялікадня, ёсць таксама і піцца-паці, і дыскатэкі, летні адпачынак.

Алена Заека, сацыяльны педагог клуба “Бэтэль” апавядае пра асаблівасці арганізацыі:

“Людзі з абмежаваннямі прыходзяць да нас як дадому, тут менш фармальная абстаноўка. У нас няма “кабінетаў”, дзе заняткі ідуць па пэўным раскладце. Як сэрцы, мы адчыняем і дзверы, няма строгага раскладу, ёсць выбар ініцыятыў, да якіх можна далучыцца. “
“Сэнс нашай працы ў тым, каб  адкрыць гэтых людзей. А самі мы расцём – маральна, духоўна, з часам перарастаеш адчуваць  страх, сорам, няўпэўненасць – дзеліцца самым шчырым Зоя. “Так, быў час, калі ты ідзеш па мікрараёне са сваімі выхаванцамі і бачыш, як ўсе адкрыта глядзяць на нас як на экзотыку. А зараз – усе прывыклі, мы неад’емлімая частка раёна.

 Часам, праблема людзей  з абмежаваннямі вырашаецца так: мы просто  спрабуем іх не заўважаць, зрабіць выгляд, што іх няма альбо зусім мала. Не буду тут доўга пафасна разважаць, колькі нашаму грамадству яшчэ расці і расці.

Кожны для сябе сам павінен вырашыць, як канкрэтна і што ён зможа зрабіць для тых, каму цяжка, каму патрэбна дапамога.

                                                                                                                                                                                             Падрыхтавала Ганна Страшкевіч

Хочу помочь

Хочу стать волонтером

Прошу помочь