На мінулым тыдні адбылася міжнародная навукова-практычная конферэнцыя “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы і перспектывы”. Былі выслуханы цікавыя даклады, абмеркавана шмат пытанняў у дыскусіях, розныя ведамствы і ўстановы дзяліліся тым, як яны дзейнічаюць у гэтай сферы. Як было выказана на падвядзенні вынікаў мерапрыемства і да чаго імкнуліся арганізатары канферэнцыі рэлігійная місія “Карытас”, толькі разам, сумеснымі намаганнямі можна даць пазітыўны штуршок у сацыялізацыі гэтага інстытута
Сярод экспертаў на канферэнцыі прымала ўдзел Дзмітрыева Вольга Аляксандраўна, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Штогод каля 600 беларускіх дзяцей знаходзяць новыя сем’і дзякуючы працы гэтай установы. Сваім бачаннем рэалій беларускай прыёмнай сям’я Дзмітрыева Вольга Аляксандраўна дзеліцца ў інтэрв’ю для caritas.by.
- Вольга Аляксандраўна, як ацэньваеце міжведамственннае мерапрыемства – міжнародную канферэнцыю “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы, перспектывы”?
- Мяне прыемна ўразіў той факт, што насамрэч падчас канферэнцыі былі разгледжаны розныя формы сямейнага ўладкавання і не толькі на тэрыторыі Беларусі. Быў выслуханы вопыт экспертаў, навукоўцаў, практыкаў. А дарэчы, менавіта навуковых даследванняў па прыёмным сем’ям на сённяшні дзень зусім няшмат. Мы разглядалі праблему ў цэлым і гэта важна.
Вельмі важна і тое, што Каталіцкі Касцёл праз рэлігійную місію “Карытас” становіцца ў дадзеным выпадку чарговай інфармацыйнай пляцоўкай, сацыяльным рупарам па тэме прыёмнай сям’і. А значыць даносіць інфармацыю аб праблеме не толькі сваім парафіянам, але ўвогуле грамадскасці.
- А якія існуюць стэрэатыпы ў грамадстве наконт прыёмнай сям’і?
- Калі казаць увогуле – існуе пэўная ілюзія шчаслівага жыцця, якая бярэ свае карані яшчэ з эпохі сацыялізму. Паглядзіце, усе шчаслівыя, а тыя, хто не падпадае пад гэтае азначэнне – схаваны: сіроты – ў дзіцячых дамах, інваліды – у хатах, састарэлыя і адзінокія – за высокай агароджай адпаведных ўстаноў, каб нікому не перашкаджаць. Тады, калі на Захадзе існуе празрысты прынцып: усе маюць права жыць шчасліва і не хавацца.
- Ідзе размова пра прыхарошванне рэальнасці і перакладанне адказнасці?
- З савецкага часу ёсць такое разуменне ( азначэнне з Кодэкса аб шлюбе і сям’і 1969 года), што дзяцей павінна выхоўваць школа, а бацькі будуюць сацыялізм. Перакладанне адказнасці - дзяцей выхоўваюць хто заўгодна, грамадства, школа, але не бацькі. Узгадаем тут дзетак з савецкіх кругласутачных ясляў, бо бацькі ж будавалі сацыялізм. Праз гэту прызму мы таксама ўспрымаем сірот сёння – паклапоціцца нехта, але не мы. І так вырастаюць кланы сірот. Мы павінны ўсімі сіламі грамадства дбаць пра будучыню здаровай нацыі – нашых дзяцей, а асабліва гэтых – сірот і дзяцей з “цяжкіх” сямей.
-Пры развіцці сацыяльнай карпаратыўнай адказнасці, калі ўстановы імкнуцца дапамагаць патрабуючым, многія выбіраюць дзіцячыя дамы. Атрымліваецца, што грамадства дбае аб сіротах. Як ацэньваеце маштаб гэтай дапамогі?
- Не ўсё так проста ў адназначанай ацэнцы сiтуацыi. Напярэдадні Новага Года, калі ўсе кінуцца па дзіцячых дамах, я хачу вас запытацца, для каго вы гэта робіце? Вы з замілаваннем патрымаеце за руку дзіця і верніцеся ў свае сем’і, а што будзе адчуваць яно, атрымаўшы раз на год падарунак і засыпаючы ў халодным ложку дзіцячага дома ў адзіноце. Вы гэта робіце для сябе.
- А як канкрэтна можна дапамагчы? Як Вы ўжо самі адзначылі, не заўсёды добрыя намеры становяцца добрай дапамогай.
- Мы казалі пра дапамогу дзіцячым дамам, дапамогу па прынцыпу “адкупіцца і забыцца”, пра разавую акцыю. А што далей?
А скажам шчыра: у нашым грамадстве на дзяцей з прыёмных сем’яў тыкаюць пальцам ў школе, колькі прыкладаў, калі на бацькоўскіх сустрэчах настаўнікам выказваецца адкрыта, што такое “асаблівае” дзіця ў класе непатрэбна.
Я за доўгатрывалыя праекты, за прафілактычныя метады. Дзе, напрыклад, дапамога тым, хто неўзабаве акажацца ў дзіцячых дамах, а бацькі будуць пазбаўлены бацькоўскіх правоў? Дзе намаганні грамадскасці дапамагчы? Сучасная сям’я знаходзіцца ў бездані, і ня можа сама выбрацца, ёй патрэбна дапамога. А тым больш існуе мноства міфаў яшчэ з савецкай эпохі, якія мы ніяк ня можам перарасці.
- А калі трэба пачынаць прафілактыку і як?
- Я заўсёды пытаюся, а чаму мы задумваемся, што дзіця стала сіратой, калі яно ўжо стаіць на парозе дзіцячага дома. Дзе органы апекі былі раней, праблема не пачалася ж учора? Дзе былі суседзі, калі галоднае дзіця з плачам засынала за сценкай?
Праблемы пачынаюцца шмат год раней. Напрыклад, тады, калі мама,ствараючы ў другі раз сям’ю, аддае дзіця бабулі, каб не замінаць асабістаму шчасцю. Колькі трагедый, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень – проста не перадаць.
- Вернемся да тэмы ўсынаўлення: актыўна абмяркоўваецца тэма, ці патрэбна хаваць факт, што дзіця ўсыноўлена. Вольга Аляксандраўна, а якое Ваша меркаванне?
- Псіхолагі адназначна кажуць пра той факт, што на ўзроўні падсвядомасці мы памятаем многія рэчы яшчэ да нараджэння і з першых дзён жыцця. Больш таго, даказваюцца факты, што дзіця, выкінутае на сметнік пасля нараджэння, будзе памятаць трагізм гэтых першых момантаў свайго жыцця.
Вельмі часта прыёмныя дзеці пасля таго, як даведваюцца ўжо ў сталым ўзросце пра таямніцу ўсынаўлення кажуць: я заўсёды нешта такое адчуваў, нешта такое было. А нярэдка пра гэта кажуць і знешнія характарыстыкі, група крыві, генетычныя захворванні. Дзіця ўсыноўліваюць у 5 год і пытанне: перад кім таямніца? 5 год – сфармаваная псіхіка, дзіця ўжо свядомае і ўсё памятае.Вы жартуеце, мусіць, калі думаеце, што гэта можа прыхаваць. Ад каго? Гэта комплексы, асабісты страх.
Добрыя ўчынкі не ўтойваюцца. Маё меркаванне, што пытанне таямніцы адамрэ само, бо мы ўжо прайшлі той этап, калі ўсынаўлялі толькі немаўлят.
- Што пажадаеце тым, хто хоча ўсынавіць дзіця? Як ім пераадолець страхі, пераламаць стэрыятыпы?
- Ёсць меркаванне “Калі дзіця не роднае, то і любіць будзе менш”. Гэта глупства, муж і жонка таксама не родныя па крыві, але ж кахаюць адзін аднаго. Не бойцеся падарыць шчасце дзецям. Не задавальняйцеся павярхоўнымі акцыямі. Выбіраючы дзіця, не шукайце проста набор знешніх дадзеных, бо і нараджаючы, не выбіраеш, а проста прымаеш такім, якім яно ёсць. Выхоўвайце ў першую чаргу сябе! А прымаючы ў сям’ю, шчасліва праходце працэс адаптацыі (а гэта патрабуе часу, папярэджваем) і памятайце: дзіця не трэба выхоўваць, яго трэба любіць!
Размаўляла Ганна Страшкевіч