У Беларусі сваю працу актыўна распачаў праект “Карытас” па развіцці валанцёрскай дзейнасці па ўсёй краіне. Напачатку прадугледжана фармацыя лідэраў, якія ў сваіх дыяцэзіях запаляць сваім энтузіязмам іншых і арганізуюць дзейнасць валанцёраў на месцах.

На першым вучэбным семінары  былі разгледжаны лідэрскія якасці, уменні, а таксама канцэпцыя кіравання валанцёрскім рухам.
Сёння публікуем меркаванне непасрэдных адрасатаў аб тым, якім павінен быць валанцёр, як павінен служыць і як зрабіць так, каб добрыя намеры сталіся добрымі ўчынкамі.

1)    Не навязвай мне свайго веравызнання.

І я не буду. Не будзем уступаць у дыскусіі, бо тады наш кантакт наўрад ці будзе такім паспяховым і плённым. І пагэтаму я не люблю розных жанчынак, што бясконца расказваюць аб Хрысце і надакучліва вучаць малітвам – як быццам мы дзікуны, а яны місіянеры. Хай кожны застанецца пры сваёй веры. І калі я не магу прыняць хрост з-за паралізаваных рук ці прачытаць малітву з-за парушэнняў у мове, гэта не значыць, што я не веру ў Бога.  

2)    Не пагарджай мной.

Валанцёрам не можа быць чалавек гідлівы. У людзей з абмежаванымі магчымасцямі ёсць праблемы, невядомыя іншым людзям:   слінацячэнне, скажэнне мімікі, рэзкія рухі, спастыка, немагчымасць есці самастойна і прыборамі, а яшчэ і акуратна.
Не здзіўляйцеся, бачачы незвычайныя спосабы перамяшчэння  (перабіраючы нагамі ў вазку, паўзком па падлозе) і напісанне лістоў, трымаючы аловак не рукой, але нагой ці ў вуснах.

3)    Спрабуй зразумець мяне.

Многія з нас пакутуюць на дызартрыю –дыягназ, пры якім вусная мова змазаная, неразборлівая, спачатку вельмі непрывычная. Мімікай я таксама не магу сабе дапамагчы, яна часта прыналежыць не мне, а хваробе. І жэстамі тут не дапаможаш: рукі з-за розных прычын увогуле жывуць сваім жыццём. І валанцер павінен імкнуцца зразумець не толькі мову інваліда, не толькі яго жыццё ў рамках фізічных абмежаванняў, але і яго светаадчуванне, чым жыве, аб чым марыць і г,д.

4)    Даведайся пра мяне як мага больш.

Хто я, на якую хваробу пакутую, ці маю сваякоў і чым ты канкрэтна мне можаш дапамагчы. Але не лезь у душу і не дапытвайся. Калі інвалід не хоча падтрымліваць нейкую размову альбо непрыемныя пытанні – то лепш пакінуць яго ў супакоі. Тэм для размоў шмат і, канечне, знойдуцца агульныя справы.
Валанцёр не павінен не прыніжацца, не падвышацца над чалавекам, якому ён дапамагае. І інвалід павінен весці сябе адпаведна. Канечне, калі валанцёр і інвалід становяцца сябрамі, можна і адкрыта паразмаўляць, але я не чакаю шкадавання, каб пасля застацца з горкім расчараваннем у сваіх слабасцях.

5) Не глядзі на мяне як на цацку.

Спачатку я нешта новае ў вашым жыцці, вы прывозіце падарункі, пачынаеце агульныя справы, заняткі па зацікаўленасці, а пасля забываецеся пра нас. Схема: пагуляліся і кінулі, так? І вы знікаеце бясследна, больш не адказваеце на тэлефонныя званкі, пакідаючы нас у збянтэжанасці. Нам балюча ад гэтага! Калі мы пачынаем вам верыць, успрымаць як сяброў, гэта асабліва цяжка.

5)    Дапамога патрэбна нам усім, і не толькі дзецям.

Ёсць людзі, якія лічаць, што дапамога патрэбна толькі дзецям, а дарослыя – ну неяк так справяцца, бо маюць сваякоў, персанал у рэшце рэшт, а валанцёрская праца карысна ў прытулках, інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў. Але гэта не так. Дарослыя вас таксама патрабуюць. Валанцёры неабходны і ў інтэрнатах, і ў сем’ях, дзе дарослы інвалід, а бацькі ўжо састрэлыя і ім цяжка спраўляцца.

6)    Успрымай маю індывідуальнасць.

У многіх інтэрнатах ( думаю, што не адкрыю тут вельмі вялікую таямніцу), чалавека з інваліднасцю не ўспрымаюць як асобу. А чаму? Бо такія ўстановы перапоўнены, персанала не хапае. Валанцёры, вы патрэбны і ў гэтым – дапамагчы падняць самаацэнку, заўважаць нашую індывідуальнасць і дапамагць рабіць крокі наперад у духоўным развіцці.

7) Дапамажы мне стацца часткай грамадства.

А яшчэ вы можаце дапамагчы інваліду, які жыве ў інтэрнаце, вось у чым – рэабілітацыя ў сацыяльным плане. Нам патрэбна дапамога ў арыентаванні па горадзе, у лепшым разуменні яго структуры. Можам наведаць выдатныя мясціны горада разам. Мы хочам таксама усведамляць, што з’яўляемся часткай нашага грамадства і горада ў прыватнасці.

8)    “Валанцёрства” за грошы – гэта падпрацоўка

Часам мы просім валанцёраў дапамагчы з набыццём тавараў (інвалідам цяжка дайсці да магазінаў).  Альбо просяць размяняць купюры. Памятайце, што калі вы за гэта просіце грошы – гэта ўжо не валанцёрства, а падпрацоўка

9)    Узаемнае развіццё і адукацыя

Было б лепш, калі б валанцёраў вучылі, як дапамагаць людзям з абмежаваннямі. Мая прапанова: ствараць агульныя  рэбілітацыйна-інтэграцыйныя летнікі для інвалідаў  валанцёраў. Інваліды маглі б разам праводзіць час, а валанцёры маглі б абменьвацца ведамі: як дапамагаць людзям з абмежаваннямі, як даглядаць за тымі, хто ня можа рухацца самастойна і каму цяжка размаўляць.

10)     Валанцёрства – справа агульная

Мару аб тым, каб валанцёрства ў нашай краіне было б такім жа прэстыжным, як у замежжы. Варта стварыць арганізацыю, якая б яднала ўсіх валанцёраў краіны, каб яны праходзілі адпаведную фармацыю, абмяркоўвалі праблемы і абменьваліся вопытам.

11) А давай станем сябрамі?

Мае асабістыя пажаданні – мець сябра-валанцёра, з якім бы нас ядналі агульныя зацікаўленасці. Разам некуды схадзіць – тэатр, музей, наведваць выставы, канцэрты. Выменьвацца кнігамі. Альбо проста  дзесьці пахадзіць (для мяне “пахадзіць” азначае ехаць у інваліднай калясцы) па вуліцах горада, захапляючыся архітэктурай горада. Паверце вы мне, для тых, хто жыве ў інтэрнаце, кожная прагулка ў горад становіцца сапраўднай падзеяй. І каб валанцёрства было карысным для нас дваіх, каб мы разам раслі духоўна і развіваліся.

Аляксей Карлаў, інвалід з ДЦП,

Паводле baznica.info


Хочу помочь

Хочу стать волонтером

Прошу помочь