Документы

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на XII Нацыянальны дзень «Сaritas» (2015 год)

Да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі

У Касцёле ў Беларусі стала добрым звычаем тое, што кожная ІІІ Нядзеля Вялікага посту адзначаецца як нядзеля «Сaritas», калі мы скіроўваем нашы думкі не толькі да таямніц, звязаных з мукай нашага Пана Езуса Хрыста, але і да тых, якія найбольш патрабуюць нашай дапамогі. Зрэшты гэтыя дзве рэчаіснасці неаддзельныя. Бо церпячы Хрыстус, які спазнае пакору і адвяржэнне, найбольш аб’яўляецца ў чалавеку. З іншага боку вобраз патрабуючых схіляе нас да больш інтэнсіўнай дзейнасці на карысць убогіх і патрабуючых, а таксама з’яўляецца для нас, веруючых, матывацыяй, каб больш глыбока перажываць балесныя таямніцы жыцця і смерці Хрыста.

Сёлетнюю нядзелю «Сaritas», а таксама і ўвесь 2015 год, у нашым Касцёле мы перажываем пад дэвізам «Выкараненне крайняй беднасці і голаду». Адкуль менавіта такі дэвіз, які вызначае праграму дзейнасці «Сaritas» на найбліжэйшы час? 10 снежня 2013 г. Святы Айцец Францішак афіцыйна адкрыў кампанію супраць голаду ў свеце. Кампанія, ініцыятарам якой з’яўляецца «Caritas Internationalis», праводзіцца пад дэвізам «Адзіная чалавечая сям’я — харчаванне для ўсіх». У той час Папа звярнуў увагу, што сусветным скандалам з’яўляецца той факт, што сёння 1 мільярд чалавек у свеце церпяць голад, таксама галадаюць і 50 мільёнаў дзяцей.

Папа звярнуўся з заклікам да ўрадаў асобных краін, арганізацый, усіх людзей добрай волі, заахвочваючы іх адказна падысці да барацьбы з беднасцю і голадам. «З хрысціянскай любоўю падзелімся тым, што маем, з тымі, якія мусяць змагацца са шматлікімі перашкодамі, каб заспакоіць гэтую фундаментальную патрэбу. А адначасова будзем падтрымліваць сапраўднае супрацоўніцтва з убогімі, каб дзякуючы нашай і іх працы яны маглі годна жыць», — заклікаў Папа Францішак.

Сапраўды, найвялікшай эканамічна-грамадскай праблемай сучаснага свету з’яўляецца пытанне харчавання, а дакладней адсутнасць доступу да харчавання. І хоць нам здаецца, што гэта хутчэй прблема «трэцяга свету», аднак адсутнасць доступу да харчавання датычыць таксама грамадства Еўропы, у тым ліку і нас. Жабракі на вуліцах — гэта амаль штодзённае відовішча, калі мы выходзім з дома, ідучы на працу ці за пакупкамі. Дзеці, якія просяць аб скарынцы хлеба, — гэта таксама штодзённасць. А колькі церпячых голад застаецца ў сваіх сем’ях, перажываючы ў цішыні сваю бяду? Колькі самотных, састарэлых перажывае сваё ўбоства, замкнутыя ў сваіх «чатырох сцянах»?

Браты і сёстры! Сацыяльнае вучэнне Касцёла ўжо шмат гадоў звяртала і звяртае ўвагу на пагрозы, якія вынікаюць з няроўнага, а тым самым несправядлівага доступу да харчовых рэсурсаў. Аб гэтым казаў Папа Павел VI у энцыкліцы «Populorum progressio», указваючы на голад як на адзін з падставовых выклікаў, што стаяць перад сусветнай грамадскасцю.

Апостальская Сталіца шматразова выступала з прапановай канкрэтных ініцыятыў, якія маглі б дапамагчы ў пераадоленні крайняй беднасці і голаду. Калі разглядаць праблему глабальна, то рэсурсы зямлі ў стане заспакоіць харчовыя патрэбы ўсіх грамадстваў. Але каб рэалізаваць гэтыя планы, нельга разглядаць праблему толькі з эканамічнага і тэхнічнага пункту гледжання. Задачы, якія трэба падняць, належыць разглядаць у сферы маральна-духоўнай, як павагу да годнасці кожнага чалавека, падтрымку салідарнасці і супольнага дабра. Гарантам усяго гэтага павінен быць мір, да ўмацавання якога пакліканы кожны з нас.

Святы Ян Павел ІІ казаў пра цывілізацыю смерці, называючы парадаксальнай і несправядлівай сітуацыю, калі побач з багатымі грамадствамі шырокія колы людзей галадаюць і жывуць у крайняй нястачы (пар. Redemptor hominis 6). Святы Айцец у сваім навучанні не абмяжоўваецца толькі сцвярджэннем факту ўбоства і нястачы. Ён дае таксама канкрэтныя грамадска-эканамічныя прапановы вырашэння гэтай праблемы, аб якіх мы ўжо пісалі, а таксама прапановы маральнай прыроды.

Эканамічная дзейнасць становіцца недастатковай без выхавання да справядлівасці, салідарнасці і любові ў дачыненні да кожнага чалавека. Гэтая любоў да чалавека дапаможа асобным краінам адкрыцца на салідарнасць і міласэрнасць у адносінах да найбяднейшых (пар. Ян Павел II, Прамова з нагоды 50-годдзя FAO, Рым, 23.10.1995).

Касцёл не абмяжоўваецца, аднак, толькі і выключна навучаннем як формай барацьбы з крайняй беднасцю і голадам. Касцёл прымае канкрэтныя ініцыятывы, мэта якіх заключаецца ў нясенні тэрміновай і доўгатэрміновай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў такой сітуацыі. Гэтаму служаць разнастайныя арганізацыі, адной з якіх з’яўляецца «Сaritas», у тым ліку «Сaritas» у Беларусі.

Сёння, калі мы перажываем нядзелю «Сaritas», важна прыгадаць усе тыя ініцыятывы, якія праводзяцца ў нашым Касцёле для барацьбы з убоствам і голадам. «Сaritas» Віцебскай дыяцэзіі рэалізуе гэтую місію праз арганізацыю тэрміновай і доўгатэрміновай дапамогі, удзел у акцыях на карысць патрабуючых, заснаванне і дзейнасць месцаў апекі закрытай і адкрытай, месцаў крызіснай інтэрвенцыі, прытулкаў для бяздомных, дзейнасць адукацыйных і каланійных установаў. Ён нясе дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў супрацоўніцтве і дапамозе, арганізуе дапамогу для тых, хто пацярпеў у разнастайных няшчасных выпадках. 

«Сaritas» Пінскай дыяцэзіі дапамагае дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам; аказвае гуманітарную дапамогу самотным і састарэлым, сем’ям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю; кіруе дзейнасцю дома міласэрнасці для састарэлых і самотных; арганізуе харчаванне тых, хто не можа сябе пракарміць.

Дыяцэзіяльны «Сaritas» у Гродзенскай дыяцэзіі кожны год бясплатна раздае лекі ў сацыяльнай аптэцы; утрымлівае кухню для найбяднейшых, выдаючы ім цёплыя пасілкі; арганізуе тэрміновую дапамогу для найбяднейшых сем’яў; арганізуе адпачынак для бедных і дзяцей са шматдзетных сем’яў.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія таксама праводзіць шмат праектаў, звязаных з барацьбой з убоствам і голадам. Сярод іх арганізацыя сталовай для бедных, праект «Рэха», які заключаецца ў перадачы прадуктаў для патрабуючых сем’яў і сродкаў першай дапамогі, перадачы гуманітарнай дапамогі, арганізацыі дзіцячага адпачынку з мэтай аздараўлення хворых дзяцей. Адным з найважнейшвх праектаў, які праводзіць «Сaritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з’яўляецца сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр, у якім знаходзяцца дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.

Гэтыя акцыі праводзяцца ў духу міласэрнасці. І хоць усе мы ўсведамляем, што да канца не вынішчым ні крайняй беднасці, ні голаду, аднак будзем памятаць аб словах Езуса: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці, быў голы, і вы апранулі Мяне». Хрысціянская міласэрнасць вучыць нас, што найважнейшым з’яўляецца не толькі паспяховасць дапамогі, але здольнасць быць бліжнім для чалавека, дапамагаючы яму так, каб гэты жэст адчуваўся не як прыніжаючая міласціна, але як сведчанне любові да бліжняга і братэрскай дапамогі.

Сёння, супольна перажываючы чарговую нядзелю «Сaritas, выражаем удзячнасць усім тым, хто рэалізуе місію працы з найбяднейшымі, валанцёрам, якія бясплатна служаць у духу хрысціянскай міласэрнасці. Дзякуем усім людзям добрай волі, чые ахвяры, якія яны складаюць, робяць магчымай дзейнасць гэтай дабрачыннай арганізацыі. Заахвочваем, каб ваша сённяшняя шчодрасць, якая выражаецца ў ахвярах дзеля барацьбы з крайняй беднасцю і голадам у нашай краіне, была такой жа вялікай, якая вялікая хрысціянская міласэрнасць. Няхай усім справам хрысціянскай міласэрнасці спадарожнічае наша пастырскае благаслаўленне, якое вам удзяляем.

Мінск, 30 студзеня 2015 г.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
Старшыня Рады
па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на ХІ Нацыянальны дзень «Caritas»(2014 год)

Да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі

Ужо па традыцыі III нядзеля Вялікага посту прысвечана Нацыянальнаму дню „Caritas”. Разам з распачатымі духоўнымі практыкамі гэтага перыяду мы накіроўваем нашыя думкі і сэрцы да людзей убогіх, патрабуючых, а таксама тых, хто бескарысліва апякуецца імі. XI Нацыянальны дзень „Caritas” гэтым разам мы перажываем у Год малітвы, які абвясціла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Мы кожны дзень звяртаемся да Бога ў малітве, праслаўляючы Яго, дзякуючы Яму і адначасова просячы. Сярод нашых штодзённых клопатаў ёсць асноўны – гэта клопат пра ежу. Словы „хлеба нашага штодзённага дай нам сёння” сталі настолькі блізкімі кожнаму чалавеку, наколькі блізка знаходзіцца да нашага цела адзенне. Мы верым, што дзякуючы ім Бог выслухоўвае нас, даючы нам усё тое, што з’яўляецца неабходным для нашага жыцця на зямлі. Але штодзённая малітва Панская мае яшчэ адно вымярэнне. Калі мы молімся ёю часта, з вялікай пабожнасцю, яна змушае нас адкрыцца на іншага чалавека, яго патрэбы. Словы „хлеба нашага штодзённага дай нам сёння”, якімі мы штодня молімся, адкрываюць нашыя сэрцы, прымушаючы нас думаць і быць шчодрымі для тых, хто не мае гэтага хлеба.

Аднак мы разумеем, што нашая індывідуальная дапамога не можа дайсці да тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе. Таму ў Касцёле існуюць харытатыўныя арганізацыі, мэта якіх – дапамагчы самым бедным. Адной з такіх арганізацый з’яўляецца „Caritas”, на якую мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу. „Caritas” – гэта не толькі назва, але гэта перадусім сотні валанцёраў, якія бескарысліва штодня служаць бедным, хворым і пажылым людзям. Сёння мы хочам выказаць ім нашу ўдзячнасць за іх працу на карысць іншага чалавека. Хоць іх штодзённае служэнне чалавеку з’яўляецца бясплатным, аднак без шчодрасці людзей добрай волі такія арганізацыі, як „Caritas”, не маглі б існаваць. Гэта вы, браты і сёстры, сваімі ахвярамі на карысць „Caritas” прычыняецеся да таго, што гэты штодзённы хлеб, пра які мы штодня клапоцімся, можа з’явіцца на стале тых, хто не можа купіць яго на ўласныя грошы. Таму таксама вам, хто матэрыяльна і праз малітву падтрымлівае харытатыўную дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мы выказваем сваю сардэчную ўдзячнасць

Няхай Марыя, якая аб’явілася ў Фаціме, падтрымлівае ўсе вашыя ініцыятывы, праз якія „штодзённы хлеб” заўсёды будзе ў кожнай сям’і.

Усім вам ад сэрца благаслаўляем

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 9 сакавіка 2014 г.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
Старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справялівасці і міру

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на «VIII Нацыянальны дзень CARITAS» (2011 год)

«Нашае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста вызваляе ў нас вялікую хрысціянскую энергію дабрыні, якая дазваляе не толькі памятаць пра іншага чалавека, але таксама апрануць яго, накарміць, напаіць або наведаць», — чытаем у Пастырскім лісце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на «VIII Нацыянальны дзень CARITAS». Пастырскі ліст, які сёлета прысвечаны 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах Беларусі ў ІІІ Нядзелю Вялікага посту, 27 сакавіка 2011 г.

 

Подробнее...

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на IX Нацыянальны дзень «Сaritas» (2012 год)

«…Хрысціянская Сaritas з’яўляецца, перш за ўсё, адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя апрануты, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г. д. Дабрачынныя арганізацыі Касцёла, пачынаючы ад Сaritas (на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўні), павінны зрабіць усё магчымае, каб былі адпаведныя сродкі і, у першую чаргу, каб былі людзі, здольныя выконваць такую працу» (DCE, 31 a).

Подробнее...

Пасланне Бэнэдыкта XVI на Вялікі Пост

У пасланні на Вялікі Пост Святы Айцец заклікаў да разважання  у межах Года Веры над сувяззю паміж верай і любоўю, якая з’яўляецца плёнам дзеяння Св. Духа і якая вядзе нас па шляху прысвячэння сябе Богу і бліжнім.

Подробнее...

Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды Х Нацыянальнага дня «Caritas» (2013 год)

«Касцёл як Божая сям’я павінен сёння быць, як і ўчора, месцам узаемнай дапамогі і адначасова месцам гатоўнасці служыць усім, хто патрабуе дапамогі, нават тым, хто застаецца па-за яго межамі» (Deus Caritas est 32, Бэнэдыкт XVI).

Подробнее...

Энцыкліка CARITAS IN VERITATE Святога Айца Бэнэдыкта XVI

ДА БІСКУПАЎ, ПРЭЗБІТЭРАЎ І ДЫЯКАНАЎ
КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБАЎ І ДА ЎСІХ СВЕЦКІХ ВЕРНІКАЎ
АБ ІНТЭГРАЛЬНЫМ ЧАЛАВЕЧЫМ РАЗВІЦЦІ
Ў ЛЮБОВІ І ПРАЎДЗЕ

Подробнее...

Костел и благотворительность

Служение Любви имеет важное  значение в миссии Церкви  и является выражением Ее сущности. Именно поэтому Церковь так активно развивает социальное учение, призывает к делам милосердия и активной позиции в этом вопросе.

Сегодня Католическая Церковь особенно отчетливо осознает свое призвание к миротворчеству. Повсюду, с великодушием и человечностью, она высказывается по вопросам солидарности, развития и социальной справедливости. 

Церковь, вдохновляясь, прежде всего евангельским учением о примирении, в ходе своей истории постоянно исследовала вопросы о мире и согласии между людьми и мужественно пересматривала свои доктринальные положения.

Подробнее...

Хочу помочь

Хочу стать волонтером

Прошу помочь