Інтэрв’ю з Алегам Сівагракавым, рэгіянальным кансультантам па Віцебскай вобласці, аўтарам матэрыялаў па ўстойлівым развіцці РЦСОМП*, бізнес-трэнерам, і экспертам Праекта YES! 

  -Спадар Алег, ужо вядома, што ў Праекце YES! Вы з’яўляецеся рэгіянальным кансультантам, бізнес-трэнерам, экспертам, але хацелася б яшчэ больш даведацца пра Вас. Таму раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра сваю справу, свой бізнес.

- Вы правільна сказалі, што мая галоўная праца цяпер – эксперт і кансультант, праектны мэнэджар і выкладчык. Асноўныя тэмы маёй спецыялізацыі – гэта ўстойлівае развіццё, адукацыя для ўстойлівага развіцця, падтрымка малога бізнеса. Я займаюся мясцовымі і рэгіянальнымі праблемамі.

Мне падабаецца, што бізнес з ангельскай мовы перакладаецца як справа, і ў кожнага чалавека, каторы хоча, каб з яго дзеянняў выйшаў добры вынік, гэта на самой справе ўжо бізнес. Калі англічане вітаюць адзін аднаго, яны пытаюцца, як твой бізнес, маючы на ўвазе жыццё, усе справы. Так і ў нас, кожны чалавек – ці гэта прадпрыемства, ці хатняя гаспадарка, ці нават хоббі – з правільнымі адносінамі яны ператвараюцца ў тое, што там трэба прытрымлівацца прынцыпаў і эканомікі, і правільнай арганізацыі, і гэта пераходзіць у працу. Я працаваў не адразу як кансультант, як індывідуальны прадпрымальнік,  спачатку пасля інстытута я пайшоў працаваць у нстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук. Там я абараніў дысертацыю, на працягу 13 гадоў займаўся навуковымі даследваннямі, а потым пачаліся перамены і я пайшоў працаваць кансультантам ў Міжнародную фінансавую карпарацыю. Мы займаліся малой прыватызацыяй, падтрымкай малога бізнеса, сумесным домаўладаннем. Я тады пачаў працаваць з праектамі, зразумеў, што гэта вельмі цікавая і інавацыйная праца. І з таго часу я займаюся гэтай справай.

 - Скажыце, калі ласка, што з усяго пералічанага Вы лічыце самымі сваімі найбольшымі дасягненнямі?

- Я займаўся пераўтварэннем нашай каманднай сацыялістычнай эканомікі на новы лад, на эканоміку рынкавую. Працуючы ў Міжнароднай фінансавай карпарацыі мы рабілі такую аснову для існавання нашай сучаснай беларускай эканомікі: гэта малая прыватызацыя, стварэнне сістэмы сумеснага домаўладання і падтрымкі малога бізнеса. Я, у прыватнасці, быў адказны за сістэму сумеснага домаўладання. Мы распрацоўвалі спачатку мадэль у Брэсце, а потым і ў іншых гарадах Беларусі. Потым яна стала асновай для закона Рэспублікі Беларусь “Аб сумесным домаўладанні”, я з’яўляюся яго суаўтарам. На сённяшні дзень ён паказвае добрыя вынікі. Ён стаў адным з важных рынкавых асноў нашай беларускай сучаснасці.

Апошнія 20 гадоў я займаюся тэмай устойлівага развіцця. Таксама вельмі важная для тэма для ўсіх: для бізнеса, для мясцовых уладаў, для людзей, проста адказных за любы ўчастак сваёй працы. Гэта такая канцэпцыя, якая прынята ва ўсім свеце як асноўны напрамак развіцця чалавецтва на будучае. Калі я пачынаў, пра гэтую канцэпцыю амаль ніхто не ведаў, і ёсць мая заслуга ў тым, што яна была добра прасунута. У гэты час я пачаў працаваць кіраўніком праекта ПРААН і Ўрада Беларусі па распрацоўцы стратэгіі устойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2020 года. У межах гэтага праекта мы зрабілі добры ўнёсак у яе папулярызацыю. Потым я пачаў працягваць працу на мясцовым ўзроўні, мы сталі кансультаваць, дапамагаць мясцовым уладам, актывам мясцовых тэрыторый, як больш грунтоўна, на навуковай падставе развіваць паселішчы і рэгіёны. Калі я пачынаў і мы з сябрамі размаўлялі, хто што ведае на тэму ўстойлівага развіцця, адзін з сяброў сказаў: “Ну, я ведаю Алега Сівагракава”. Нават калі я напісаў кнігу: “Думаем глабальна, дзейнічаем лакальна” (яна выйшла на ангельскай мове), рэдагавала кнігу і прадмову для яе зрабіла адна мая знаёмая з Англіі – экспертка і кіраўніца міжнароднай арганізацыі па тэме устойлівага развіцця вясковых тэрыторый Нікола Свон. Яна напісала, што Алег – гэта ў Беларусі евангеліст устойлівага развіцця.

- Спадар Алег, я – Ваш выпадковы плагіятар, таму што калі было адкрыццё першага Рэгіянальнага цэнтра сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва ў Шчучыне, то артыкул з яго апісаннем быў названы менавіта так: “Думаем глабальна – дзейнічаем лакальна”.

- Тут няма ніякага плагіяту, бо "Think globallyact locally" – гэта адзін з лозунгаў устойлівага развіцця на мясцовым узроўні. Яго паставілі так на ўзровень міжнароднага руху за ўстойлівае развіццё ў 1992 годзе ў Рыя-дэ-Жанейра, калі адбыўся саміт па ўстойлівым развіцці. Там была прынята павестка, якая называецца “Парадак дня на ХХІ стагоддзе”. У гэтым важным для ўстойлівага развіцця дакуменце былі закладзены асноўныя напрамкі працы і гаварылася аб важнасці падтрымкі мясцовых планаў дзеяння, максімальнай іх падтрымкі, дзейнічаць пад лозунгам “думай глабальна, дзейнічай лакальна”. Яшчэ ў гэтым плане знайшлі вельмі добрую афрыканскую прыказку: “многа маленькіх людзей у мностве маленькіх гарадкоў і вёсачак, робячы мноства маленькіх справаў, змяняюць сусвет”. Гэта таксама можна сказаць пра малы бізнес, які ўносіць вялікі ўнёсак у агульную справу развіцця.

Яшчэ я згадаў бы у маіх дасягненнях кніжкі. Я выдаў даволі многа кніжак, таксама навуковых, калі яшчэ працаваў навуковым супрацоўнікам у Нацыяльнай акадэміі навук. За адну з іх я атрымаў у 1990 годзе прэмію НАН. Апошнія мае публікацыі ўжо больш прыкладныя, звязаныя са стратэгіяй устойлівага развіцця; я пішу рэкамендацыі па гэтай тэме, удзельнічаю ў многіх аўтарскіх калектывах па гэтых стратэгіях. Існуе больш за 40 тэрытарыяльных стратэгій, і я з’яўляюся ў іх ці кіраўніком працы, ці рэдактарам, ці сааўтарам і г.д.

Самая галоўная заслуга – гэта мая сям’я, мае два сыны, якімі я вельмі задаволены.

Не так даўно я пераехаў жыць у вёску недалёка ад Мінска, што таксама  лічу добрай справай. У нас тут заказнік, цудоўная прырода.

- Спадар Алег, гледзячы на Вашыя дасягненні, можна зрабіць выснову, што ў Вас вельмі насычаны працоўны дзень. Таму хацелася б даведацца, можа ў Вас ёсць нейкі рэжым дня, распарадак, якім Вы можаце з намі падзяліцца?

- Я думаю тут ёсць варыянт ідэальнага рабочага дня, калі ён дае добрыя вынікі. Ён не заўсёды праходзіць так, як ты хочаш. Але ідэальны дзень пачынаецца з вечара ўчарашняга дня, з запланавання і фіксавання прыарытэтных справаў на наступны дзень. І многія кансультанты рэкамендуюць 10-15 хвілін падумаць пра свае справы, занатаваць тое, што трэба зрабіць. Гэта вельмі дапамагае пры планаванні наступнага дня і эфектыўнага выкарыстання часу. Я сам па сабе “жаўрук”, люблю ўставаць раней. І вечарам-ноччу ніколі шмат не працаваў. Мне здаецца, што трэба своечасова легчы спаць, выспацца, а потым праснуцца ў 6 гадзін і гадзінку да снедання яшчэ пачытаць. Дзякуючы гэтаму я падтрымліваю звычку чытаць кніжкі, быць у курсе навінак. Мне сыны дораць цікавыя кніжкі. Адзін з іх працуе за мяжой і прывозіць адтуль. Паралельна вучу ангельскую мову.

- Парайце, калі ласка, нашым чытачам цікавую кніжку з тых, якія Вы прачыталі нядаўна.

- Апошнім часам я чытаў серыі перакладу на беларускую мову нобелеўскіх лаўрыятаў. Я іх купляў у выдавецтве Янушкевіча. Апошнія з іх “Памук. Стамбул” – пра гісторыю Турцыі. Таксама я чытаю пераклады з нямецкай мовы. У дзяцінстве і ў маладосці я прачытаў вельмі многа рускамоўных кніжак – гістарычных, фантастыкі, класікі і г.д. Таму лічу, што на рускай мове кніг я ўжо начытаўся, цяпер трэба пашыраць культурную разнастайнасць. Я раблю акцэнт на творы ангельскай мове, напрыклад, прачытаў Харары “Homo Deus”, а таксама кнігу “The Rest” (“Адпачынак”). Яе галоўная ідэя ў тым, што пра адпачынак трэба думаць таксама як пра важную справу. Не так, што папрацую, стамлюся, а потым адпачну, а так, што зараз у мяне праца, потым у мяне будзе адпачынак. Там напісана, якіх дасягненняў можна дабіцца, калі граматна пабудаваць баланс паміж адпачынкам і працай. Вельмі многа часу ў мяне займая праца за камп’ютарам, перамовы з партнёрамі, кліентамі. Як Вы правільна заўважылі, шмат часу забіраюць вэбінары. Я таксама скарыстаў гэты кавідны перыяд для таго, каб запісацца на некалькі курсаў, у тым ліку ў Акадэмію праектнага мэнэджменту на ангельскай мове. Таксама часткай маёй працы з’яўляецца быць на вастрыі, ведаць, не адставаць, аналізаваць. Я калі працаваў у праектах, таксама камбінаваў сваю працу, каб не толькі нешта зрабіць і забыць, а нешта абагульніць, напісаць на яе падставе артыкул ці нават брашурку, каб яно на самой справе працягвала дзейнічаць, уплываць на беларускія рэаліі. У гэтым плане я збіраю прыклады арыгінальных, творчых, незвычайных падыходаў, нядаўна напісаў такую кніжку: “Сто крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка”. Там я сабраў сто невялікіх, даволі простых прыкладаў таго, што можна рабіць у сваім тэрытарыяльным асяроддзі, калі ты думаеш пра тое, што трэба развіваць. Калі табе цікава, як развіваецца ваша вёска, ваш раён, ваш гарадок ці мікрараён у горадзе. Гэта можа быць карысным для актывістаў, для новых кіраўнікоў тэрыторый, якія будуць рэальна выбірацца, а не прызначацца зверху.

- Як Вам удалося дабіцца поспехаў у сваёй справе? Ужо з таго, што Вы расказалі відавочна, што Вы – паспяховы чалавек. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі сакрэтамі.

- Тут ніякіх асаблівых сакрэтаў няма. Мне дапамагаюць класічныя думкі, народныя выказванні, тыпу: “Хто рана ўстае, таму Бог дае” ці “Ранішняй птушцы лепшы чарвяк”.

Ёсць яшчэ адзін важны момант: кожны бізнес павінен удзяляць увагу свайму такому піяру і інфармаванню аб тым, чым займаешся, каб ты быў вядомы, каб цябе ведалі, запрашалі і г.д. Ёсць таксама такая нямецкая прыказка, якая мне падабаецца і я часта яе паўтараю людзям: “Рабі добрыя справы і расказвай пра гэта”, г.зн. не маўчы, а то ў нас ёсць спецыялісты, якія робяць вялікія справы, але часам пра гэта мала хто ведае. Аднак, як шутліва аб гэтым кажуць. “сціпласць – гэта шлях да невядомасці”, але сэнс – не ў вядомасці, а ў тым, каб пра добрыя і важныя справы ведалі, каб да іх далучыліся новыя людзі, каб імі пачалі займацца больш шырокія колы, каб гэтыя ідэі пайшлі наперад так, як у выпадку ўстойлівага развіцця. Спачатку гэтую тэму не ўспрымалі, лічылі цяжкай, толькі з цягам часу пачалі яе разумець, успрымаць, і я вельмі рады, што спрычыніўся  да такой справы. Яшчэ я лічу, што на сённяшні дзень павінна быць добрае злучэнне даволі вузкай спецыялізацыі ў бізнесе і шырокага падыходу, разумення, такой разнастайнасці ведаў. Бо вельмі многія ідэі бізнесу нараджаюцца на стыку некалькіх галін і напрамкаў дзейнасці. Трэба цікавіцца такімі справамі, трэба вывучаць іх, і будучы вузкім спецыялістам ведаць шырокі кантэкст. Вось гэтае асяроддзе ў бізнесе называеццца экасістэма бізнеса. Гэту думку магу праілюстраваць на прыкладзе маёй  выкладчыцкай працы ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці, дзе я часта задаю студэнтам такую задачу: “Адзін ІТ-спецыяліст з Беларусі паехаў працаваць у Амерыку. Там ён працаваў і фірме. Праз некаторы час патэлефанаваў знаёмаму ў Беларусь і расказаў, што на працы яго выбралі чалавекам месяца і ўзнагародзілі”. Пытаюся меркавання студэнтаў, па якіх крытэрыях яго абралі чалавекам месяца? І амаль ніхто не можа адказаць на гэтае пытанне. Адказу на яго не было ў інтэрнэце. Цяпер, магмыма ўжо з’явіцца (усміхаецца). Параю студэнтам шукаць тут. Адказ такі: ён больш за ўсіх хадзіў у выходныя дні на розныя выставы, у музеі, на канцэрты, ён развіваўся культурна больш, чым іншыя супрацоўнікі, і за месяц мог прыняць ўдзел у некалькіх такіх розных мерапрыемствах. Атрымліваецца, што ён быў самым разнастайна развітым. Пытаюся таксама, чаму дырэктару гэтай фірмы важна мець такіх людзей, чаму ён хоча, каб і іншыя так сябе паводзілі? – Бо сёння ўжо не патрэбны (ці, хутчэй, не такі каштоўны) такі вінцік у камп’ютарным  бізнесе, які толькі ведае сваю функыю і ўсё. Такіх як раз і замяняюць машынамі. А тут трэба шырокія погляды з розных сфер, каб спецыяліст мог рабіць аналогіі, каб ён ведаў іншых спажыўцоў, каб ён ведаў моду. Таму маё заканамернае пытанне да студэнтаў: “А колькі раз у гэтым месяцы вы схадзілі на выставу, у музей”. Гэта вельмі важны момант – я стараюся быць разнастайным, люблю вандраваць, удзельнічаю ў міжнародных канферэнцыях, форумах, я ўваходжу ў склад такой арганізацыі, якая называецца “Еўрапейскі вясковы парламент”, якая аб’ядноўвае больш за 40 краін. Мы рэгулярна збіраемся, абменьваемся досведам, зараз у рэжыме онлайн, пра будучае вясковай Еўропы. Мы гаворым пра бізнес, пра культуру, пра прыроду, пра  жыццё супольнасцей, напраклад,  Шатландаі, Албаніі, Швецыі, Польшчы і г.д. І гэта вельмі многа дае. Часта мяне пытаецца пра праектную дзейнасць: як працягнуць праект? Я даю такую параду: самае галоўнае – знаходзіцца ў такіх тусоўках, дзе людзі ўдзельнічаюць у праектах, якія вам падабаюцца, дзе ёсць прафесіяналы, што збіраюцца на семінары, сустрэчы, падвядзенне вынікаў. Важна сустракацца, быць у гэтым асяроддзі. Тады ты застаешся (ці падыходзіш, калі гэта пачатак) да той сферы, дзе хочаш працягваць сваю працу.

- Спадар Алег, дайце калі ласка параду для навічкоў, для тых, хто хоча распачаць свой бізнес?

- Ёсць таксама такая агульная рэкамендацыя: калі вы хочаце заняцца новым бізнесам і не ведаеце як, то хоць крышачку наблізьцеся да яго, падыдзіце бліжэй да гэтай сферы. Калі ты зацікавіўся агратурызмам, то з’езді на экскурсію, сустрэнься з гэтымі людзьмі, запішыся на вэбінар, каб больш даведацца. Калі ты хочаш з’ездзіць у нейкую краіну, даведайся, дзе знаходзіцца яе пасольства. Пачынай вывучаць, набліжайся да тэмы, якая цябе цікавіць, якая можа стаць тваім новым бізнесам.

Якія яшчэ могуць быць парады? – Бывае, перад табой стаіць вельмі вялікая задача і ты не ведаеш, з якога боку да яе падысці. І твой мозг адмаўляецца працаваць з гэтай тэмай, ён пераключае цябе на нейкія цікавейшыя справы. І тут патрэбны нейкія высілкі ў арганізацыі, каб з гэтым справіцца. Метад “выяданне дзірак ў сыры” складаецца ў тым, каб знайсці ў вялікай справе нейкую частку (зрабіць у ёй дзірку), а потым ужо прасцей. Мозг паступова адаптуецца да выканання гэтай справы, узнікае зацікаўленасць, разуменне, што зрабіў амаль палову працы, становіцца весялей. Ёсць яшчэ такі момант: ты ніколі не даведаешся, ці магчыма дасягнуць нейкага поспеху, пакуль не пачнеш працаваць з гэтай тэмай.

Яшчэ адным важным момантам з’яўляецца прыарытэтызацыя. Як у кожнага чалавека, у мяне могуць быць праблемы з тым, каб правільна спланаваць час для таго, каб дасягнуць найбольш важных вынікаў. Таму тут важна ставіць асноўную мэту, нават амаль звязанаю з мэтай жыцця. Напрыклад, я хачу праз год мець развіты бізнес, некалькі філіялаў, рынак Беларусі і 5 замежных краін, абарот 3 млн. даляраў, ці 6, 10, 30. Хачу, каб была ў мяне нейкая матэрыяльная база, кватэра, домік, сям’я. І рэкамендуюць: калі ты ставіш сабе задачы на дзень, на тыдзень, на месяц, то з трох задач на дзень хаця б адна павінна працаваць на тваю галоўную мэту. Не проста так, што ты ведаеш, што табе трэба камусьці патэлефанаваць, напісаць, бо ты даўно гэта абяцаў. А гэта можа не працаваць на агульны вынік. На самой справе можна сказаць: “Пакуль што не атрымліваецца, давай пазней”.

Яшчэ вучоба і чытанне па сваёй тэме. Тут важна далучаць рэсурсы ў першую чаргу бліжэйшыя. Паблізу можна знайсці шмат знаёмых рэсурсаў, якія могуць дапамагчы зрабіць першыя крокі, нават не зыходзячы з месца. Зараз праз інтэрнет можна знайсці любую інфармацыю, але важна абмяркоўваць яе з людзьмі. Гэта таксама плюс. Можна ісці аднаму і вельмі хутка, але, калі хочаш дайсці далёка, то лепш ісці з групай. Тут вельмі важна фармаваць сваю каманду нават тады, калі ты працуеш асобна ці індывідуальна, то ў цябе ёсць надзейныя партнёры, якім ты можаш патэлефараваць і якія вельмі хутка цябе падтрымаюць, не будуць лічыць свае выгады. Такую каманду – фармальную або нефармальную – вельмі важна мець. Супрацоўніцтва, сяброўства вельмі дапамагаюць у бізнесе. Я вывучаў многа пра стратэгіі развіцця малога бізнеса ў розных краінах, асабліва на вясковых тэрыторыях. У многіх постсацыялістычных краінах, напраклад, калі мы былі ў Албаніі, пыталіся ў людзей, якія развілі  свой бізнес, дзе яны ўзялі першапачатковы капітал на яго адкрыццё: крэдыт у банках? Яны адказалі, што пасля сацыялізма яны не верылі ўжо ніякім дзяржаўным структурам, бралі і пазычалі толькі ў родных і сяброў. У Беларусі зараз  адна з вялікіх  праблем – гэта недавер паміж людзьмі і паміж бізнесамі. Зараз і дзяржаўная палітыка не спрыяе знішчэнню гэтага недаверу, бо не ведаеш, на якой падставе могуць супраць цябе нейкія дзеянні адбыцца, але як бы ствараць такія невялікія асяродкі людзей, якім можна давяраць, з якімі можна працаваць нават не падпісаўшы дамову, а проста паціснуўшы руку або сказаўшы па тэлефоне, што распачынаем сумесную працу. Гэта такая важная падстава для будучага развіцця. Лічаць, што гэта аснова многіх паспяховых эканомік у Заходняй Еўропе, Амерыцы, дзе ўзровень даверу ўжо развіўся і не праходзіў апошнія гады такіх выпрабаванняў, як у Беларусі. Дзякуючы ім бізнес развіваецца больш эфектыўна і хутка. Нам жа вельмі важна пераадолець гэту нашу негатыўную спадчыну сацыялістычных перыядаў…

- Мне пашчасціла з добрымі людзьмі ў Беларусі. Шэсць гадоў таму мне трэба было знайсці вельмі вялікую сумму, каб зрабіць апошнюю выплату за кватэру. І на дапамогу прайшло вельмі шмат сяброў і нават проста знаёмых. Патрэбную сумму сабралі за 52 дні.

- Вам пашчасціла! На самой справе, Вам удалося стварыць такую экасістэму людзей, каторым можна давяраць. А я быў удзельнікам такіх нямецка-беларускіх праектаў, дзе прапаноўваў у знак дамовы паціснуць партнёрам рукі. І беларусы працягвалі руку адразу, а немцы – не. Бо для іх паціснуць руку азначае паставіць пячатку на дамове. А яны ведаюць, што яшчэ ёсць спорныя моманты. Урэшце рэшт дамову падпісалі, але з нашага боку, на жаль, дамова была выканана не адразу.

Важным момантам з’яўляецца камандная праца. Гэта да пытання даверу. Нядаўна я быў у Іспаніі ў зямлі Астурыі. Там  на сесіі Еўрапейскага Вясковага Парламенту нам паказвалі школы прадпрымальніцтва. Там дзяцей з 4-х год вучаць  прадпрымальніцкім правілам, іх вучаць навыкам групавой працы. Іх садзяць па 4-5 чалавек за круглы стол і задаюць групавыя пытанні, каб яны самі вучыліся адзін з адным дамаўляцца, размяркоўваць ролі і прыходзіць да адзанага меркавання. Я ў нас пра такое нават і не чуў. Там цэлая бізнес-школа, якая навучае працаваць у камандзе. Гэта – іншы падыход, чым “традыцыйны”, што ў бізнесе “чалавек чалавеку – воўк”.

 Яшчэ адзін важны момант – далучэнне экспертаў да такой справы. Ёсць многа ўжо для пачатку бізнеса рэсурсаў, каторыя гатовы прыйсці на дапамогу, ёсць бесплатныя экспертныя кансультацыі, ёсць сістэмы падтрымкі бізнеса – бізнес-цэнтры, бізнес-інкубатары, цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва. Ёсць многа праграм, праектаў, нават у рамках Праекта YES! Можна атрымаць па тэлефоне кансультацыю эксперта незалежна ад таго, у якім раёне жыве чалавек.

- Як, на Вашую думку, можна стаць паспяховым у бізнесе?

- Ёсць тры законы эканомікі, якія “вынайшлі” шведскія навукоўцы, яны гучаць так:

  1. Варушыцеся.
  2. Варушыцесь хутчэй.
  3. Пачынайце варушыцца зараз (адразу).

Гэта вельмі важныя моманты звязаны з поспехам у бізнесе. Адклад не ідзе на лад. Калі думаеш, што зраблю заўтра, што гэта няважная справа. Гэтыя законы працуюць.

І паміж іншым, я ўспомніў, прыклад з бізнеса, у сувязі з апісанай Вамі сітуацыяй пра знаходжанне неабходнай суммы і пра тое, што Вы не ведалі, што людзі не давяраюць.

“Адзін эмігрант прыехаў у Амерыку ў часе крызісу. І ў яго так цудоўна ўсё атрымлівалася, развіваўся бізнес, што людзі праз некаторы час спыталіся, як яму гэта ўдалося ў часе крызісу. На гэта ён адказаў, што не ведаў мовы і не ведаў таго, што быў крызіс. Таму працаваў так, як быццам бы крызісу не было”.

- Дарэчы, слова “крызіс” мае два значэнні.

- Так, для мяне таксама гэта важна. Здаецца, у кітайскай мове адным і тым жа іерогліфам абазначаецца і крызіс, і магчымасць.

- Вы сёння вельмі цікава расказвалі пра тое, што вольны час трактуецца як важная справа. І вось пытанне па тэме: а што для Вас з’яўляецца самымі любімымі заняткамі ў вольным часе?

- У мяне шмат любімых заняткаў. Калі маю вялікі кавалак вольнага часу, напрыклад, адпачынак, то я люблю вандраваць. Я аб’ездзіў амаль ўсю Беларусь, не быў можа толькі ў некалькіх раёнах. Заўсёды ўдавалася гэта сумяшчаць з нейкімі справамі па працы. Потым у мяне заўсёды была дача. Я – калекцыянірую прадметы беларускага побыту, некаторыя з якіх для многіх ужо невядомыя.

Я наведаў больш за 30 краін свету, ажно да Аўстраліі. Туды мяне запрасілі на канферэнцыю па ўстойлівым развіцці. Яшчэ вучыўся рыначнай эканоміцы ў 1991 годзе паўгады ў Каталоніі, у Барселоне. Многа бываў за мяжой, калі працаваў з нямецкай праграмай падтрымкі Беларусі. Мы арганізоўвалі навучальныя паездкі ў Германію. Калі мы прыехалі ў часы крызіса ў цэнтральны раён Германіі каля Берліна, ён быў ужо пад уплывам глабалізацыі. Я нават задаў ім пытанне: калі б я з заплюшчанымі вачыма сюды трапіў, то нават не зразумеў бы, у якой краіне я знаходжуся: уся ежа глабалістская, усе будынкі сучасныя еўрапейскія. Але калі я задаў пытанне наконт эканомікі, то мне адказалі, што цяпер крызіс, вельмі цяжка, нават моладзь вандраваць не можа, як раней, з-за фінансавых складанасцей. А праз пару месяцаў у мяне адбылася паездка ў Баварыю, дзе людзі жывуць крыху па-іншаму: у іх свая зямля, свая культура, свая мова. І я ім задаў тое ж пытанне: “Як у вас справы, што з эканомікай, бізнесам”. Мне адказалі, што каб даведаца, як у іх справы, трэба пазнаёміцца з ладам іх жыцця, паспрабаваць вывучыць словы на іх мове, пакаштаваць іх традыцыйную ежу і напоі. І я зразумеў, што калі ў чалавека бізнеса галава занята не толькі бізнесам, то гэта лепш. Ён пераадольвае складаныя моманты, яго мозг не настолькі нервуецца, бо ёсць часткі жыцця, якія не звязаны з бізнесам. Яны могуць дапамагаць у бізнесе і яго ўратоўваць.

Яшчэ адной з формаў майго адпачынку з’яўляюцца кніжкі. Я люблю чытаць. Я звяртаў на тое, што мы – беларусы – мала чатаем кніг суседзяў з Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы, а робім толькі акцэнт на Расію. А ў нас яшчэ  чатыры суседкі, мы дрэнна ведаем іх мову, асабліва латвійскую і літоўскую. А глядзіце, швейцарцы – для іх валоданне чатырма мовамі – гэта нармальна, яны ведаюць мовы суседзяў.

Яшчэ люблю гуляць па лесе, слухаць птушачак. Я – сябра грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі”.

- Сёння мы ўскосна закраналі пытанне папулярнасці. Вы гаварылі, што вельмі важна расказваць людзям пра тое, што ты робіш. Скажыце, калі ласка, як папулярнасць менавіта Вас.

- Я папулярны толькі ў вузкіх колах спецыялістаў. Такога не было, каб я змяняўся пад ўплывам папулярнасці. Але марку трымаць, як кажуць, трэба. Каб твой сервіс быў якасны – гэта важна. Яшчэ – няма прарокаў на сваёй радзіме.

- Скажыце, калі ласка, якія якасці павінен мець чалавек, які хоча распачаць свой бізнес.

- Ёсць такая парада, каб у бізнесе чалавек задзейнічаў свае лепшыя здольнасці, магчымасці і ўменні. Нават даюць такія парады, калі вы хочаце даведацца, у якім напрамку пайсці, вазьміце скрыню піва, сяброў, або запрасіце іх у госці і ў спакойнай бяседзе высветліце, што, на іх погляд, у вас найлепей атрымліваецца. І старайце працаваць у гэтым напрамку.

- Спадар Алег, што ў Вас найлепш за ўсё атрымліваецца?

- Я знайшоў сябе ў праектнай працы, гэта даволі кароткатэрміновыя, інавацыйныя працы па папрасоўванні прагрэсіўных падыходаў і новых інструментаў развіцця. У мяне атрымліваецца працаваць кансультантам, экспертам, у тым ліку не проста было навучыцца размаўляць з простымі людзьмі. Бо калі ты спачатку працуеш навуковым працаўніком, а потым у міжнародных праектах, то твой слэнг становіцца незразумелым. І трэба вучыцца размаўляць прасцей. У мяне былі выпадкі, калі нас аднойчы з калегай на машыне везлі на адзін семінар, наш кіроўца сказаў, што вёз нас нібы замежнікаў, ён нічога не зразумеў з нашай размовы. У гэтым плане карыснай бывае дапамога, калі ты расказваеш журналістам, а яны перадаюць твае думкі больш простай мовай. У мяне таксама атрымліваецца пісаць. Я пішу артыкулы, рэзалюцыі канферэнцый, абагульненні праектаў, рэкамендацыі, кніжкі, брашуры, метадычныя дапаможнікі. Пакуль што хваляць і выдаюць. Яшчэ адзін не да канца выкарыстаны талент: адзін з сяброў сказаў мне аднойчы, што мне трэба напісаць кніжку казак на тэму устойлівага развіцця, бо ў мяне добра атрымліваецца пра гэта расказваць цікавыя гісторыі.

- Напэўна, трэба напісаць кніжку “365 дзён пра ўстойлівае развіццё”. Кожны дзень можна запісваць па маленькай гісторый, і за год без напружання ў Вас складзецца вельмі цікавая кніжка.

- Я пачаў ужо назапашваць такія гісторыі. Адна кніжка “100 крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка” у мяне ўжо атрымалася. Але засталося яшчэ шмат ідэй, прыкладаў, сітуацый, выпадкаў якія можна было б апублікаваць.

- Мне вельмі падабаюцца “Гісторыі для душы” ад Бруна Феррэра.

- Добра, дзякую, знайду. Між іншым, калі я запісваў нейкія моманты сваёй дзейнасці з праектнай дзейнасці, са сферы ўстойлівага развіцця, маёй кансальтынгавай працы, заўважыў, што жанр апісання мною сваіх жыццёвых выпадкаў падобны на творы Алексіевіч.

- Сапраўды, такія творы найбольш кранаюць. Чытачоў заўсёды цікавяць гісторыі, звязаныя з жыццём людзей. Гэта характэрна для чалавека.

- Так, нават калі робіш прэзентацыі новых кампаній з новымі людзьмі, новых мясцовасцей, я таксама заўважыў, што трэба расказваць жыццёвыя гісторыі, яны заўсёды прыцягваюць увагу і выклікаюць інтарэс. Такая інфармацыя пазітыўна ўплывае на людзей. А паміж такімі гісторыямі можна ўкліньваць тэарэтычныя, больш акадэмічныя моманты.

 - Магчыма, у Вас ёсць крэда, жыццёвая місія, дэвіз. Калі так, то падзяліцеся, калі ласка.

- Гэтае пытанне сапраўды няпростае. Але я нядаўна думаў, як павіншаваць сяброў, і прыдумаў такі лозунг:

“Жадаю табе асалоды ад жыцця

на прынцыпах устойлівага развіцця!”

Гэтая асалода не проста гедэністычная, каторая прыносіць радасць без працы.  Заснаваная на прынцыпах устойлівага развіцця, яна прадугледжвае зрабіць, як будзе добра і з пункту гледжання і прыроднага, і сацыяльнага, і эканамічнага. Тады ў выніку атрымаеш гэтую асалоду. Яна хутчэй можа нават і творчая, чым матэрыяльная, але мне падабаецца.

- Цудоўнае пажаданне, асабліва для тых, хто ведае сутнасць устойлівага развіцця і яго прынцыпаў.

_____

* - Рэгіянальны цэнтр сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва