Як добра, што ёсць такія святы, як Дзень маці, калі мы спыняемся і ўспамінаем аб самым дарагім, родным і важным чалавеку на гэтым свеце. У гэты дзень мы маем магчымасць асабістым чынам выказаць сваю любоў і клопат нашым матулям.

Карытас Беларусь таксама падрыхтаваў нямала прыемных сюрпрызаў. Валанцёры Young Caritas разам з дыяцэзіяльнымі і парафіяльнымі Карытас правялі дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да Дня маці па ўсёй Беларусі.

У нядзелю, 13 кастрычніка, у парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) дзеці разам з бацькамі сабраліся, каб маліцца за ўсіх матуль з нагоды надыходзячага свята. У святой Імшы прымалі ўдзел прадстаўнікі парафіяльнага Caritas, а напрыканцы ўрачыстасці кожная маці атрымала падарунак, падрыхтаваны Нацыянальным Caritas Беларусь. 

Не меньш цудоўную акцыю правялі валанцёры Young Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Магілёве і Карытас Віцебск. Імі былі арганізаваныя дабрачынныя фотасесіі для шматдзетных матуль, пасля чаго фотаздымкі былі надрукаваны і ўрачыста падараваны валанцёрамі іх уладальнікам.

Карытас Беларусь жадае ўсім матулям любові, радасці, натхнення. Няхай родныя людзі саграваюць вас добрымі словамі, прыемна здзіўляюць і дораць надзею ў лепшае. Беражыце свае сем’і і адзін аднаго!

Вялікі дзякуй за такія душэўныя фотаздымкі нашым валанцёрам: Мар’ям Лавал, Міхаілу Маісееву, Даніілу Дзмітровічу, Дзмітрыю Дулебаву, Вікторыі Казей, а таксама ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы і правядзенні акцый!

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы