16 чэрвеня 2016 года валанцёры Сацыяльнай ініцыятывы "Ад сэрца да сэрца" сумесна з валанцёрамі "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі наведалі Магілеўскі дзіцячы хоспіс.

Падрыхтоўка да гэтай падзеі была даволі доўгай і напружанай, таму арганізатары ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся і дапамог у набыцці неабходных лекаў, сродкаў догляду і гігіены, прадуктаў харчавання і падарункаў для дзяцей. Падарункі атрымаліся выдатныя.

Сустрэча з дзецьмі і іх бацькамі распачалася ў Магілеўскім кафедральным касцёле, дзе ўсіх прывітаў пробашч парафіі кс. Віталій Драздоўскі. Была малітва за дзяцей і бацькоў, чытанне Евангелля і хрысціянскія спевы.

Да дзяцей завіталі мішка Тэдзі і мульцяшныя героі Мін'ёны, з якімі дзеці адправіліся ў цікавае падарожжа на бананалёце ў Афрыку за бананамі. Падарожжа суправаджалася вясёлымі забавамі, гульнямі і танцамі. Было прыемна бачыць шчаслівыя вочы дзяцей і ўдзячныя вочы бацькоў. Напрыканцы падарожжа дзеці разам з нябеснымі ліхтарыкамі адпусцілі да неба свае самыя запаветныя жаданні.

У захапленні былі ўсе - дарослыя і і дзеці, але на гэтым свята не скончылася. Дзеці і іх бацькі атрымалі шмат прыемных падарункаў, а валанцёры адправіліся да дзяцей, якія не змаглі прыйсці на сустрэчу. 

Напрыканцы валанцераў чакала прыемная неспадзяванка: вялікі і прыгожы торт.

Дзякуй усім, хто прымаў удзел у гэтым сапраўдным свяце. Асобная падзяка пробашчу парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава кс. Віталію Драздоўскаму, што менавіта святыня была месцам сустрэчы, малітвы і забавы для дзяцей з Хоспіса, а таксама агенцтву "Акадэмія святаў", супрацоўнікам Магілёўскага дзіцячага хоспісу, усім валанцёрам, а асабліва дзеткам з хоспісу і іх бацькам за іх добрыя словы і ўсмешкі.

caritas-minsk.by

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы