Сапраўдная любоў здзейсняецца не з таго, што лішняе, але з самага неабходнага, адзначыў папа Францішак каментуючы евангельскую прыпавесць аб беднай удаве перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 8 лістапада 2015 г.

“Евангельскі ўрывак на гэту нядзелю складаецца з двух частак: у адной з іх апісваецца якімі не павінны быць вучні Хрыста; а ў іншай прапануецца ўзорны ідэал хрысціяніна, – заўважыў Пантыфік. – Пачнем з першай: як не павінны рабіць. У першай частцы Езус ставіць у папрок кніжнікам, настаўнікам закону, тры хібы, якія дэманструюць іх стыль жыцця: пыху, прагнасць і крывадушнасць. Яны любяць “прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах” (Мк 12,38-39).

Але за гэтымі ўрачыстымі маскамі хаваюцца падман і несправядлівасць. У той час як яны фанабэрыліся перад людзьмі, выкарыстоўвалі свой аўтарытэт, каб “аб’ядаць дамы ўдоваў” (пар. 40), якія лічыліся, разам з сіротамі і чужынцамі, самымі безабароннымі і неабароненымі асобамі. Нарэшце, кніжнікі “доўга моляцца напаказ” (40). Таксама і сёння існуе рызыка пераймання падобных паводзінаў. Напрыклад, калі малітва аддзяляецца ад справядлівасці, бо нельга аддаваць пашаны Богу і чыніць шкоду бедным. Або калі гаворыцца аб любові да Бога, але на першае месца ставіцца ўласная ганарыстасць, уласная выгада.

Такой лініі адпавядае другая частка сённяшняга Евангелля. Падзеі адбываліся ў ерузалемскай святыні, а менавіта ў месцы, дзе людзі кідалі манеты ў якасці ахвяры. Там было мноства багатых, якія кідалі шмат манет, і бедная жанчына, ўдава, якая паклала толькі дзве малыя манеткі. Езус уважліва назіраў за гэтай жанчынай і звярнуў увагу вучняў на рэзкі кантраст гэтай сцэны.  

Багатыя давалі з вялікім самахвальствам тое, што было для іх лішняе, у той час як удава, са сціпласцю і пакорай, дала “усё, што мела, увесь свой пражытак” (44); таму – кажа Езус – яна дала больш за ўсіх. Па прычыне сваёй крайняй беднасці, яна магла бы пакласці на святыню толькі адну манету, а іншую заставіць сабе. Але яна не хацела даваць Богу палову: пазбавілася ўсяго. У сваёй беднасці яна зразумела, што маючы Бога, мае ўсё; яна адчула сябе цалкам любімай Ім і, у сваю чаргу, цалкам любіла Яго. Які цудоўны прыклад дае гэта пажылая жанчына.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сёння Езус кажа таксама і нам, што мерай справядлівасці з’яўляецца не колькасць, але паўната. Існуе розніца паміж колькасцю і паўнатой. Можаш мець шмат грошай, але быць пустым: мець ненапоўненае сэрца. Падумайце на працягу гэтага тыдню аб розніцы паміж колькасцю і паўнатой. Гэта не пытанне кашалька, але сэрца. Ёсць розніца паміж кашальком і сэрцам. Існуюць сардэчныя хваробы, якія прыніжаюць сэрца да ўзроўню кашалька і гэта кепска! Любіць Бога “усім сэрцам” азначае давяраць Яму, Яго Провіду, служыць Яму ў самых бедных братах не чакаючы нічога наўзаем.

Дазволю распавесці вам анекдот, які здарыўся ў маёй папярэдняй дыяцэзіі: “За сталом сядзела маці з трыма сынамі. Іх бацька быў на працы. Яны елі катлеты па-міланску і ў гэты момант ў дзверы пастучалі. Адзін з гэтых малых сыноў – пяці, шасці гадоў – пайшоў адкрыць. Ён вярнуўся і сказаў: “Мама, там жабрак, які просіць есць”. Маці, якая была добрай хрысціянкай, спытала ў іх: “Што будзем рабіць?”. Яны адказалі: “Дадзім яму!” – “Добра!”. Маці узяла нож і відэлец і пачала адразаць па палове ад кожнай катлеты. “Не, маці не так! Вазьмі з халадзільніка!”, - пачалі пратэставаць дзеці. Але маці сказала: “Зробім яму тры сэндвіча менавіта так!”. Такім чынам дзеці навучыліся, што сапраўдная любоў заключаецца ў тым, каб даваць, яна здзейсняецца не з таго, што застаецца, але з таго, што патрэбнае. Я ўпэўнены, што ў той вечар яны ўсе засталіся крыху галоднымі. Але гэта робіцца так”. 

Перад абліччам патрэбаў бліжняга, мы пакліканы пазбавіцца – як гэтыя дзеці, паловы катлеты – ўсяго патрэбнага, а не толькі лішняга; мы пакліканы даваць неабходны час, а не толькі той, які застаецца; мы пакліканы, неадкладна і не пакідаючы для сябе нічога, дзяліцца сваімі талентамі, а не пасля таго як выкарыстаем іх дзеля асабістых мэтаў ці мэтаў групы.

Папросім Пана прыняць нас у школу гэтай беднай удавы, якую Езус, на здзіўленне вучняў, узняў на кафедру і прадстаўляе нам як настаўніцу жывога Евангелля. Праз заступніцтва Марыі, беднай жанчыны, якая ахвяравала ўсё сваё жыццё Богу дзеля нас, папросім аб дары сэрца беднага, але багатага радаснай і бескарыслівай шчодрасцю”,  - заклікаў Папа.

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі Пантыфік пажадаў усім добрай нядзелі і заклікаў памятаць пра яго ў малітве.

Па матэрыялах be.radiovaticana.va

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы