Пасля міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы і перспектывы” шмат чым хочацца падзяліцца з вамі, дарагія наведвальнікі нашага сайта, запрасіць разам паглядзець на праблемы сучаснай прыёмнай сям’і.

 Скажам адкрыта, сёння беларуская сям’я пражывае не самыя лепшыя свае часы, назавём тут толькі асноўныя праблемы – і вялікая колькасць разводаў, і сацыяльнае сіроцтва, і няпоўныя сем’і і г.д.

Існуюць розныя формы ўладкавання дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Сёння прапануем Вам паглядзець, як жыве  SOS -Дзіцячая вёска ў Бараўлянах, якая стала першай у 1995 годзе сярод устаноў гэтага тыпу, пасля з’явіліся ў Магілёве і Мар’інай горцы.  Супрацоўнікі “Карытас” і іх замежныя калегі мелі магчымасць наведаць SOS-Дзіцячую вёску, паглядзець бліжэй на яе функцыяванне

Знаёміць нас з жыццём і унутраным распарадкам Салоха Надзея Іванаўна, мама па прафесіі і, як бачна, па пакліканню SOS Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах.

- Надзея Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра арганізацыю SOS Дзіцячая вёска?

- На тэрыторыі знаходзяцца 12 сямей, дзе выхоўваюцца 80 дзяцей. На іх афармляецца доўгатэрміновая апека (узрост ад 4 да 18 год). У кожным доме ёсць мама і яе памочніца, якія і займаюцца выхаваннем. Вельмі дапамагаюць, у тым ліку і з выхаваннем дырэктар і яго намеснік.

Пасля існуюць моладзевыя дамы, там знаходзяцца да 16 сірот, якія яшчэ вучацца і пакуль не пачалі самастойнае жыццё. Не падумайце дрэннага: сацыяльныя педагогі побач 24 гадзіны на суткі, каб заўсёды быць разам.  І ўвогуле такія “дзеці” на сваім першым месцы працы  з 18 да 23 год маюць суправаджэнне сацыяльных педагогаў.

-Надзея Іванаўна, як Вы сталі прыёмнай мамай?

- У мяне ёсць свая сям’я. Муж памёр, а ўласным дзецям 23 і 30 год. Шчыра кажучы, гэта яны памаглі мне знайсці сябе, дачка парадзіла і адпусціла на новую працу і так я сталася прыёмнай мамай.

-    Вашы дзеткі – якія яны?

-     Маю іх 7, узрост ад 6 да 15 год.  Кожнае дзіця, прыходзячы ў сям’ю, нясе нешта сваё. Кожны з іх – свая гісторыя, адкрытая кніга, свой боль і перажыванні з мінулага. Я лічу, што нельга ім забывацца пра свае карані, забывацца пра кантэкст і тое, адкуль яны прышлі.
Яны ўсе розныя: маленькая Дзіяна прыйшла пасля бабулінага выхавання, таму слова “хачу” адно з любімых ў яе лексіконе. Дзяўчынка ледзь умела чытаць у 10 год.
Вадзім – мама памярла, а тата-інвалід не мог справіцца з выхаваннем. Бачна, гледзячы на хлопчыка, што ён з добрай сям’і:  дзіця цудоўна ведае, што такое сумленне, пашана, годнасць.
Дарыян – бацькі памерлі, сястра амаль прапала ў жыцці. Хлопчык сам пачаў прасіцца ў дзіцячы дом.
Думаю, што дзеці не павінны забываць сваю гісторыю, таму дапамагаю ім падтрымліваць памяць аб сваіх бацьках, ставім разам свечы па памерлым і беражом памяць аб тых, хто даў жыццё.

-    Вось Вы казалі пра важнасць кантэксту. А калі прыходзіць дзіця, Вы ўжо ведаеце яго гісторыю?
-    Ведаем. Заўсёды на кожнага  заводзіцца асабістая справа, псіхолагі шмат працуюць, каб даць сваю ацэнку. Я таксама павінна быць свядомай, з чым сутыкнуся, важная тут і праца і дапамога спецыялістаў-псіхолагаў.
       Быў у мяне выпадак, калі не ўзяла 3 хлопцаў. Яны былі ўжо вялікія, шчыра папярэдзілі, што не змогуць не курыць у дзіцячым доме і будуць ездзіць да сваіх сяброў на іншы канец горада. І тады дзеля дабра дзетак, якія ўжо ёсць у доме, я сказала не. Разумела, што прыйдзецца іх чакаць вечерамі, часам шукаць, што не змагу тады ўдзяляць належнай увагі астатнім.  А звычайна адбор праходзіць па прынцыпу: “Ты прыцягваеш, альбо цябе прыцягваюць”

-    А наколькі практыкуецца ў SOS дзіцячых вёсках уладкаванне 2 бацькоў адразу на працу?
-    У нашай вёсцы такіх выпадкаў няма, у Магілёве 2 сямейныя пары выхоўваюць дзяцей.  Наш дырэктар заўсёды шчыра кажа пры ўладкаванні аб тым, што нас чакае. Былі выпадкі, калі сямейная пара шукала працу, але да ўладкавання справа не даходзіла. Напрыклад, адзін з кандыдатаў у “таты” меў дыягназ цыроз печані - хвороба, якая з’яўляецца па вядомым прычынам.

Ідзём па прыгожых пакоях. Ўсюды чыста, ўтульна, на лесвіцы растаўлены цацкі. Заглядаючы з дазволу гаспадыні ў кожны пакойчык, як бы прыадчыняеш дзверы ў свет да кожнага дзіцяці: вось тут граматы, вось тут – любімыя цацкі, побач – пацямнелыя ад часу здымкі родных асоб дзіцяці, у некаторых на паліцы стаіць Біблія.

-    А як наконт духоўнага выхавання дзяцей?

-    Я лічу, што важна самой быць прыкладам, размаўляць з дзіцём, мы таксама па вечарам, з’яднаныя за супольным сталом, абмяркаўваем праблемы, радзімся. Некальгі год таму я прыняла хрост у праваслаўнай царкве, ёсць у нас ў вёсцы і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. Ваджу ў царкву дзяцей таксама, улічваючы іх выбар і волю. У царкве нас вельмі добра прымаюць, падтрымліваецца пастаянны кантакт з хроснымі.

-    Нялёгкая гэта праца – быць мамай. Маеце выходныя ад “працы”?

-    Я працую 6 год ў Дзіцячай вёсцы. Каб стаць  паўнапраўнай “мамай”, трэба год працаваць стажорам, пасля яшчэ год памочнікам выхальніцы.  Я ў свой час узяла доўгі водпуск з асноўнай працы і прыехала на стажыроўку.
        Праца “мамы” прадугледжвае 1 выходны раз на тыдзень і 56 дзён водпуска ў год. Калі мама адпачывае, з дзецьмі застаецца памочніца. Пры надыходзе пенсійнага ўзросту, кіраўніцтва вырашае, як быць далей. Але ёсць і мама, якая мае 67 год, з ёй ўсе хочуць працаваць і вельмі любяць дзеці, таму кантракт працягнуты.
 А ўвогуле – трэба прымаць сэрцам і дзяцей, і працу. Гэта самае галоўнае.

                                                                                                                                                                                       Размаўляла Ганна Страшкевіч

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы